У апошнія дні свайго жыцьця Шапэн выглядаў трагічна. Калі ён паміраў, то важыў каля 40 кіляграмаў пры росьце 170 сантымэтраў. Былі занатаваныя каля 20 выпадкаў, калі прысутныя трацілі прытомнасьць.
Анна Адамусіньска-Тарас з музэя Фрыдэрыка Шапэна ў Варшаве зазначае, што кампазытар заўсёды важыў мала, але ў моманце сьмерці ён сапраўды выглядаў вельмі дрэнна.
А. Адамусіньска-Тарас: У 1840 годзе падчас шпацыру па Елісейскіх палях Шапэн зважыўся на вулічнай вазе. Тады ён важыў 43 кіляграмы. У сваю чаргу 12-гадовая Саланж, дачка Жорж Санд, важыла 38 кіляграмаў. Пры росьце 170 сантымэтраў гэта было няшмат. Таму ў моманце сьмерці ён мог важыць яшчэ менш. Але кампазытар заўсёды меў вельмі далікатную форму й фігуру.
Перад сьмерцю Фрыдэрык Шапэн вельмі баяўся, што яго пахаваюць жывым. У палове XІX стагодзьдзя было высьветлена шмат падобных выпадкаў. Шапэну часта сьніўся адзін і той жа сон. Ён прачынаецца пад зямлёй, цягне за званок, але ўсё адбываецца ноччу й яго ніхто ня чуе. Ён у пакутах памірае ў труне. Кампазытар папрасіў сваю старэйшую сястру Людвіку, каб пасьля яго сьмерці яму выразалі сэрца.
А. Адамусіньска-Тарас: Захаваліся ўспаміны бацькі Шапэна. Кампазытар напісаў: „Я вас заклінаю, калі гэты кашаль мяне задушыць, то дастаньце маё сэрца”. Як вядома, апошняй воляй кампазытара было тое, каб яго сэрца вярнулася на Айчыну. Тут сэрца выступае як сымбаль любові да Айчыны. Таму з аднаго боку гэта быў страх, каб ня быць пахаваным жывым. Але зь іншага боку, Шапэн быў вялікім патрыётам і вельмі пакутаваў, што ня можа вярнуцца на Айчыну. Але вярнулася яго сэрца.
Сэрца ў Варшаву прывезла сястра Людвіка. У многіх кнігах можна прачытаць, што яна прывезла сэрца ў скрыні. Але гэта быў крышталовы слоік. Перакрочваючы мяжу Людвіка баялася мытнікаў і схавала сэрца брата на сваім сэрцы пад сукенкаю.
У Варшаве пачаткова сэрца Шапэна ніхто не хацеў прыняць. Людвіка трымала яго ў сваёй кватэры.
А. Адамусіньска-Тарас: Вядома, як царскія ўлады ставіліся да асобы кампазытара. Праблемы былі падчас Другой сусьветнай вайны. Сэрца захоўвалася ў касьцёле ў падваршаўскай мясцовасьці Мілянувэк. А пасьля вайны яго замуравалі ў сьцяне касьцёла сьвятога Крыжа ў Варшаве. Там яно знаходзіцца да сёньняшняга дня.
Перад сьмерцю Фрыдэрык Шапэн прымірыўся з Богам. Людзі, якія знаходзіліся побач, калі кампазытар доўга не паміраў, вырашылі, што яго ня хоча ні неба, ні пекла. Было вырашана паспрыяць яго прымірэньню з Богам. Да Шапэна прывялі ксяндза Аляксандра Елавіцкага.
А. Адамусіньска-Тарас: Ксёндз апісаў свае ўспаміны. У гэтыя апошнія хвіліны ён быў побач з кампазытарам і пераконваў яго прымірыцца з Богам. Гэта, канешне, вельмі суб’ектыўныя ўспаміны. Паводле ксяндза Елавецкага, адбыліся апошняя споведзь, сакрамэнт намашчэньня, камунія. Ён таксама ўспамінае, што кампазытар пастаянна быў спакойны, як быццам бы яго душа пачала вандроўку ў вечнасьць. Іншыя таксама ўспамінаюць, што кампазытар быў спакойным, для кожнага знаходзіў добрае слова.
Пасьля сьмерці Шапэна яму зрабілі маску. Але яна была настолькі ашаламляльная й цалкам адлюстроўвала пакутніцкую твар Шапэна, што было вырашана перарабіць яе на больш лагодную. Дарэчы, першая найбольш праўдзівая маска выстаўленая ў адной з заляў музэя Фрыдэрыка Шапэна ў Варшаве. Таксама там ёсьць, між іншым, засушаны букет са сьмяротнага ложа Фрыдэрыка Шапэна, пучок яго валасоў, запрашэньне на паховіны.
Шапэн памёр 17 кастрычніка 1849 году. Памінальная імша адбылася ў касьцёле сьвятой Марыі Магдалены ў Парыжы, а пахаваны на могілках Пэр-Ляшэз.
Да сёньняшняга дня застаецца загадкаю прычына сьмерці Фрыдэрыка Шапэна.
А. Адамусіньска-Тарас: Гэта вынікае з таго, што да сёньняшняга дня не захаваліся ніякія мэдычныя дакумэнты. Зьнікнула заключэньне анатамаваньня цела. Адзінае, што ёсьць, гэта ўспаміны людзей, якія былі побач з кампазытарам у момант яго сьмерці. Акрамя таго, хваробаю й прычынаю сьмерці Шапэна пачалі цікавіцца толькі ў 50 гадавіну яго сьмерці. У той час ужо частка дакумэнтаў зьнікла. Таксама ўжо не было лекараў Шапэна, якія б маглі нешта расказаць. Таму вы ведаем няшмат. Але са сьведчаньняў іншых вынікае, што ў моманце сьмерці больш хворым было сэрца, чым лёгкія. Эдвард Сыдоф, які быў пры замураваньні сэрца ў касьцёле сьвятога Крыжа, апісаў як выглядала сэрца Шапэна. Ён апісаў яго як надзвычай вялікае сэрца. Можна падазраваць, што сэрца як бы перарасло.
Некаторыя спэцыялісты кажуць, што прычыну сьмерці вялікага кампазытара магло б адкрыць генэтычнае дасьледваньне сэрца Шапэна, якое знаходзіцца ў Варшаве. Але гэта толькі гіпотэза.
Алена Пытэль