• Весткі культуры
  • 18.08.2010

16 жніўня ў Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску адчынілася выстава „Усьмешка беларусаў. Вядомых і розных”. У экспазыцыі паказаныя 50 здымкаў, на якіх бачныя ўсьмешкі людзей, у гэтым ліку вядомых пэрсонаў, напрыклад, актора Расьціслава Янкоўскага. Выстава складваецца з працаў удзельнікаў фотаконкурса, які праводзіўся мабільным апэратарам life:) з 21 чэрвеня да 1 жніўня.

У конкурсе маглі прымаць удзел усе жадаючыя, якія лічаць сябе маладымі фатографамі, як аматарамі, так і прафэсіяналамі. Усяго на конкурс было выслана некалькі сотняў працаў, якія ацэньвала журы на чале з прафэсійным фатографам Антонам Матолькам. Падчас другога этапу адбора здымкаў былі абраныя тры прызавыя месцы. Пераможцы будуць аб’яўленыя 12 верасьня.

Як зазначыў генэральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музэю Ўладзімер Пракопцаў, выстава сымбалічная тым, што фотамастакі пастараліся раскрыць характар беларусаў „крыху зь іншага боку”. „Ён у нас заўсёды сур’ёзны й працавіты. А тут фатографы паказалі яшчэ й беларуса, які ўсьміхаецца”, - зазначыў Пракопцаў.

Выстава будзе працаваць да 12 верасьня.

Польская нацыянальная фільматэка далучылася да сьвяткаваньня Году Шапэна. У сувязі з 200-ай гадавінай з дня народзін кампазытара выдадзеныя тры кружэлкі „Шапэн. Кінаматывы”, на якіх запісаныя мастацкі й дакумэнтальны фільмы, прысьвечаныя жыцьцю й творчасьці кампазытара. На дысках ёсьць першы польскі біяграфічны фільм пра кампазытара „Маладосьць Шапэна” з 1951 году рэжысэра Аляксандра Форда, а таксама стужка „Шапэн. Жаданьне кахаць” з 2002 году Ежы Антчака.

Трэці дыск цалкам прысьвечаны дакумэнтальным матэрыялам. На ім месьціцца, між іншым, экспэрымэнтальны кароткамэтражны фільм „Творы Шапэна ў колеры” з 1944 году. Акрамя таго, на дыску зьмешчаныя інтэрвію з аўтарамі стужак пра Шапэна.

Дыскі перададзеныя ў асьветніцкія цэнтры ў Польшчы й замежжы. Фільмы падрыхтаваныя на пяці мовах – польскай, ангельскай, францускай, нямецкай і гішпанскай.


Польскі горад Каліш рыхтуеца да вялікай музычнай падзеі – канцэрту з удзелам 10 піяністаў, якія зайграюць адначасова. Нештодзённая імпрэза зьяўляецца часткаю 1850-га юбілею гораду.


На сцэне выступяць піяністы з Польшчы, Японіі, Канады, Армэніі й Аўстрыі. З гэтай нагоды пішуцца адмысловыя творы для 10 фартэпіянаў і аркестра. Сем кампазытараў напіша сем твораў, якія на канцэрце будуць выкананыя ўпершыню. Да гэтага часу найбольш арыгінальныя творы былі прызначаныя максымальна для 4 фартэпіянаў.

Канцэрт адбудзецца ў Міжнародны дзень музыкі – 1 кастрычніка ў Калішы.


21 жніўня ля сьцен легендарнага гальшанскага замку адбудзецца фэстываль. Арганізатары «Гальшанскага замку-2010» запросяць гасьцей на баль. 

Сёлета імпрэза прысьвечана адначасова чатыром падзеям: 600-годзьдзю Грунвальдзкай бітвы, 400-годзьдзю заснаваньня Гальшанскага замка, 730-годзьдзю заснаваньня самога мястэчка й 605-годзьдзю з дня нараджэньня Соф'і Гальшанскай (заснавальніцы роду Ягелёнаў).

Фэстываль адкрые тэатралізаваны пралог з удзелам артыстаў з замкавых гарадоў і мястэчак гарадзеншчыны. На баль да Соф'і Гальшанскай прыедуць гістарычныя асобы - уладальнікі Крэўскага, Геранёнскага, Наваградзкага, Гарадзенскага, Любчанскага, Мірскага замкаў. На мерапрыемстве ўзгадаюць заснавальнікаў Гальшан, адбудуцца рыцарскія турніры.

У праграме таксама рыцарскія бугурты, турнір лучнікаў, разнастайныя конкурсы. Будзе працаваць горад майстроў. Адбудзецца канцэрт старадаўняй музыкі з выступам гуртоў «Стары Ольса», «Літвінтроль», «Тэстамэнтум Тэррэ», «Расалія», «Келіх Кола», «Гальярда», «Cornucopia» і іншых, выступ танцавальных калектываў і фаер-шоў.

У сераду ў Польшчы пачынаецца штогадовы фэстываль мастацтваў Solidarity of Arts. Сёлета імпрэза прысьвечаная 30-годзьдзю ўзьнікненьня руху “Салідарнасьць” і 200-годзьдзю з дня нараджэньня Фрыдэрыка Шапэна. У рамках падзеі заплянаваныя канцэрты, тэатральныя й кінапрэм’еры, выставы й дэбаты.

Solidarity of Arts адклікаецца да ўнівэрсальнага сэнсу мастацтва – па-над палітычнымі й рэлігійнымі падзеламі. Ладная частка імпрэзы будзе прысьвечаная найноўшай гісторыі Польшчы. 29 жніўня ў Польскай балтыйскай філярмоніі адбудзецца прэм’ера твору Паўла Мыкетына «Vivo XXX” у выкананьні Польскага балтыйскага сымфанічнага аркестру, а таксама менскага Дзяржаўнага хору філярмоніі. У рамках фэсту пройдзе прэм’ера спэктаклю “Макбэт” Джузэпэ Вэрдзі. У Гданьск зьедуцца таксама вядомыя джазмэны. Імпрэза будзе працягвацца да 8 верасьня.

Славуты галівудскі рэжысэр Джэймс Камэрон мае намер прысьвяціць працяг свайго 3D-блёкбастэра “Аватар” іншаплянетнаму акіяну.

Закранаючы другую прэм’еру нашумелага “Аватара”, рэжысэр адзначыў, што на гэты раз да яго дададзеныя дзевяць хвілін, якія “пакажуць новы від пандорскіх драпежнікаў”. У будучыні рэжысэр зьбіраецца здымаць “Аватар-2”, а потым, магчыма, і “Аватар-3”.