Сёньня, дарагія сябры, запрашаю вас наведаць Нідзіцу, а дакладней кажучы, крыжацкі замак у Нідзіцы. Як вядома, сталіцай крыжацкай дзяржавы быў Мальбарк, а сядзябай вяліакага магістра - мальбарскі замак. Але даволі шмат крыжацкіх замкаў засталося й на тэрыторыі былых Усходніх Прусаў, сёньняшнім Вармінска-Мазурскім ваяводзтве Польшчы. Адзін з такіх замкаў захаваўся ў Нідзіцы.
У 52 км на поўдзень ад Ольштына, у самым сэрцы Галіндзіцкай пушчы была пабудаваная сярэднявечная пруская асада сасінаў. Пасьля здабыцьця й калянізацыі гэтай тэрыторыі крыжакамі да паловы XІІІ стагодзьдзя асада была памежным пунктам з Мазоўшам і транзытным шляхам з мазавецкай зямлі ў напрамку Аструды й Ольштына.
foto: zamkipolskie.com/nidzica/
Паводле летапісаў, у 1266-68 гадох пабудавана ў гэтым месцы драўляна- земляная фартэцыя, якая стала сядзібай судовага выканаўцы. Гэтая будова атрымала назву Neidenberg - Замак над Нідай, ад ракі Ніды, на якой ён знаходзіўся.
Будова мураванага замку пачалася каля 1370 году па замове й пад даглядам вялікага магістра крыжацкага ордэна Віндыха фон Кніпрода. А ў 1409 годзе замак стаў рэзыдэнцыяй крыжацкага пракурора. Ён знаходзіцца на высокім узгор’і, на ўсход ад гораду, быў агароджаны дрыгвамі й багнамі ракі Ніды, такім чынам ахоўваючы ад поўдня крыжацкую адміністрацыю ад няпрошаных візыцёраў.
foto: zamkipolskie.com/nidzica/
Нідзіцкі замак зьяўляецца дасканалым прыкладам крыжацкага будаўніцтва. У падвалах знаходзілася крыжацкая турма, над брамай два паверхі займала замкавай капліца. У гэтай жа частцы замку былі пакоі для адміністратара й капэляна. Рыцары, зброеносцы й служба былі паселеныя ў бакавых крылах замку.
Падзамча было ахоплена мурам у XVI стагодзьдзі. Менавіта там знаходзіліся стойлы, працавалі рамесьнікі й жыла служба. Другое падзамча згарэла ў 1784 годзе й на ягоным месцы сёньня расьце стары дуб. Пад канец XV стагодзьдзя замак быў агароджаны другім зьнешнім мурам, узброеным двума круглымі бастыёнамі, прыстасаванымі для агнястрэльнай зброі.
Найбольшыя зьнішчэньні ў замку зьдзейсьнілі жаўнеры францускай арміі, якія дыслякаваліся там з перапынкамі ў 1806-1812 гадох. Ад поўнага зьнішчэньня замак выратаваў судовы радца Фэрдынанд Туматэвуш Грэгаровіюс, які пасьля рэстаўрацыі вырашыў прызначыць замак на сядзібу суду, турму й прыватныя кватэры.
foto: zamkipolskie.com/nidzica/
Сёньня замак зьяўляецца мясцовым цэнтрам бізнэсу, культуры й забавы. У ім знаходзіцца Музэй нідзіцкай зямлі з этнаграфічна-гістарычнай экспазыцыяй, Нідзіцкі дом культуры, Рыцарскае нідзіцкае брацтва, мясцовая бібліятэка й яшчэ шмат установаў. Дзейнічаюць таксама гатэль і рэстарацыя. Калі камусьці пашанцуе, то можа патрапіць на сярэднявечны банкет, удзельнікі якога пераапранаюцца ў даўнія строі, ды й стравы, напрыклад, пячоны алень, таксама вельмі уражваюць гасьцей.
Падрыхтавала Караліна Русіновіч