• 42 гады таму адбылося збройнае ўмяшальніцтва ў Чэхаславакіі
  • 20.08.2010

Ноччу з 20 на 21 жніўня 1968 году 200 тысяч жаўнераў зь пяці краінаў „Варшаўскага дагавора” ўвайшлі на тэрыторыю Чэхаславакіі. Гэта азначала канец „Праскай вясны”- спробы дэмакратызацыі камуністычнай сыстэмы, якую пачалі актывісты кампартыі краіны на чале з Першым сакратаром Аляксандрам Дубчэкам.

Чэскае радыё Будзеёвіцэ дало ў эфір камунікат на расейскай мове для ўваходзячых войскаў. Жаўнеры, якія перайшлі мяжу, пачулі наступныя словы.

Камунікат: Вам сказалі, што ў нас контррэвалюцыя, што Чэхаславакіі пагражае імпэрыялізм. Вы самі бачыце, што гэта няпраўда. Не амэрыканскія танкі прыехалі да нас, не заходненямецкія, а вашыя танкі. Гэта вы агрэсары.

26 жніўня кіраўніцтва чэхаславацкай кампартыі на чале з Аляксандрам Дубчэкам было вывезена ў Маскву й прымушанае да падпісаньня згоды на прысутнасьць саюзьніцкіх войскаў на тэрыторыі Чэхаславакіі, дзе за ўвесь час акупацыі дыслякавалася больш за 600 тысяч жаўнераў, было выкарыстана 6300 танкаў і 800 самалётаў. У ацэнцы гісторыкаў, загінула больш за 100 асобаў, а некалькі сотняў былі параненыя.