Расейская вайсковая база ў Армэніі будзе дзейнічаць да 2044 году. Пагадненьне ў справе прадаўжэньня дзейнасьці базы было падпісанае падчас візыту расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева ў Ерэван. У 1995 годзе Расея падпісала пагадненьне аб дзейнасьці базы ў Армэніі на 25 гадоў. Новы дакумэнт прадугледжвае прадаўжэньне тэрміну да 49 гадоў.
У расейскай вайсковай базе ў мясцовасьці Гумры на паўночным захадзе Армэніі дыслякуецца каля 5 тысяч жаўнераў. У базе знаходзяцца зьнішчальнікі MiG-29 і ракетныя супрацьпаветраныя комплексы S-300.
Расейскія СМІ зьвяртаюць увагу на тое, што гэта ўжо другі за апошні час выпадак узмацненьня расейскай пазыцыі ў суседніх краінах. У красавіку прэзыдэнты Расеі й Украіны прадоўжылі тэрмін дыслякацыі расейскага флёту ў Крыме да 2042 году.