Кожная краіна мае цёмныя старонкі ў сваёй гісторыі, а праблема нацыянальных меншасьцяў таксама не зьяўляецца сучаснай зьявай.
Днямі чэская паліцыя й архэолягі знайшлі масавую магілу з астанкамі праўдападобна 15 немцаў, забітых ужо пасьля Другой сусветнай вайны. Пра існаваньне магілы ў Даброніне пад Іглавай было вядома даўно, вось толькі ніхто ня ведаў, альбо не хацеў паведаміць пра дакладнае месца яе знаходжаньня. Паліцыя вядзе сьледзтва па справе знаходкі й высьвятляе прычыны сьмерці гэтых людзей. Існуе меркаваньне, што забойства на прадстаўніках нямецкай меншасьці зьдзейсьнілі мясцовыя чэхі ў 1945 годзе. Пра тое, якім чынам гэтая знаходка можа паўплываць на сучасныя польска- чэскія адносіны ды й на іншыя пытаньні паспрабуе адказаць Якуб Грашкоўскі з Цэнтру ўсходнээўрапейскіх адносінаў.
Як вам падаецца, што стала прычынай гэтага злачынства, чаму чэхі забівалі сваіх жа суседзяў. Ці толькі таму, што яны былі нямецкага паходжаньня? Ці падчас вайны яны сапраўды супрацоўнічалі зь нямецкімі жаўнерамі?
Якуб Грашкоўскі: Тыя немцы ў большасьці былі грамадзянамі Чэхаславакіі, хаця былі сярод іх і прыезджыя немцы з Рэйху. Гэта вельмі індывідуальныя выпадкі. Тут цяжка агульна сказаць, чаму адбываліся такія злачынствы. Часам гэта была помста, часам проста эканамічныя праблемы станавіліся прычынаю рабунковых нападаў. Былі таксама нейкія зацягнуўшыяся спрэчкі ці індывідуальныай канфлікты. Кожнае злачынства, кожнае забойства мае асобную гісторыю, зазвычай вельмі складаную.
Пакуль-што ўдалося знайсьці адну магілу, але напэўна ў Чэхіі ёсьць значна больш такіх месцаў масавага пахаваньня. Напэўна, гэта цяжкая справа ў гісторыі чэскага грамадзтва. Як чэхі ставяцца да інфармацыі пра такія знаходкі?
Якуб Грашкоўскі: Неабходна зьвярнуць увагу на тое, што мы да канца ня ведаем усёй гісторыі тых злачынстваў. Вядома, што знойдзена целы, праўдападобна, немцаў, але сьледзтва ўсё высьветліць. Мы ня ведаем гістарычных фактаў, ведаем гісторыю зь кніжкі нямецкай пісьменьніцы, у якой яна апісвае, як, паводле яе, разгортваліся падзеі. Яна пераконвае, што размаўляла са сьведкамі падзеяў, з праўдападобнымі нашчадкамі ахвяраў, што перачытала ўсе архіўныя дакумэнты на гэтыю тэму. Тое, што чэхі забілі немцаў, і што гэта здарылася ў траўні 1945 году, усё гэта зьяўляецца гіпотэзай. Але ніхто станоўча ня скажа, што менавіта так усё адбывалася. Калі гаварыць пра стаўленьне чэхаў, то, несумненна, справа выклікае эмоцыі, але яны ня маюць з гэтым вялікай праблемы. Такія паведамленьні паяўляюцца досыць рэгулярна цягам апошніх некалькі месяцаў. Аднак яны не набіраюць палітычнай афарбоўкі. Гэта звычайны гэтак званы моцны арэх да разгрызеньня, што маюць зрабіць з гэтым фантам прадстаўнікі грамадзтва дадзенай мясцовасьці. У выпадку Даброніна хаця ніхто не супраціўляўся правядзеньню сьледзтва, але падаецца, што мясцовае насельніцтва ня надта зацікаўлена разьлічэньнем злачынства, дапускаючы, што менавіта жыхары той мясцовасьці зьдзейсьнілі злачынства, бо мы ня ведаем, ці насамрэч так было. Журналістам удалося знайсьці асобу, якая магла нешта бачыць альбо памятаць, аднак той чалавек сказаў журналістам, што нічога ня ведае, і мае на гэта права. У іншай мясцовасьці таксама знайшлі масавую магілу немцаў, забітых чэхамі ці чэхаславакамі пасьля вайны. Тамашняе насельніцтва згадзілася на ўсталяваньне адпаведнай памятнай табліцы, але ейны зьмест быў даволі ляканічны, а забойства названае падзеяй, якая адбылася ў тым месцы. Такім чынам была ўшанаваная памяць ахвяраў, але няма адказу на пытаньне, хто забіў і навошта.
Немцы зьдзяйсьнялі злачынствы вялікага маштабу падчас Другой сусветнай вайны на паляках, чэхах ці габрэях і пра гэта трэба памятаць. Чэхі таксама зьдзейсьнілі забойства немцаў, якія жылі на іх тэрыторыі. У сувязі з гэтай цяжкай гісторыяй неабходнае прабачэньне й прымірэньне. Як вам падаецца, ці існуе шанец, што чэхі папросяць прабачэньня ў немцаў за гэтае злачынства. Ці немцы запатрабуць, каб прагучалі словы, так як калісьці паміж Польшчай і Нямеччынай- „Выбачаем і просім выбачэньня”?
Якуб Грашкоўскі: Такая праблема ў чэска-нямецкіх адносінах ніколі не існавала. У першую чаргу гэтая праблема ня мае палітычнага характару, паміж уладамі Чэхіі й Нямеччыны ў палітычнай дыскусіі яна не праяўляецца. Гэтая справа de facto была зачыненая ў 1997 годзе, калі тагачасныя ўлады абедзьвюх краінаў падпісалі дэклярацыю, у якой перанесьлі гэтую тэму з палітычнай дыскусіі ў гістарычную. І калі ідзе гаворка пра нейкія нямецкія жаданьні, то яны могуць паявіцца з боку баварскага ўраду. Пасьля вайны ў Баварыю патрапіла шмат немцаў, якія перад вайной жылі на землях Чэхаславакіі. Таму некаторыя баварскія асяродзьдзі сапраўды зацікаўленыя тым, каб тэму злачынстваў, зьдзейсьненых чэхамі на нямецкім насельніцтве пасьля вайны, моцна палітызаваць. Але ў чацьвер адбылася сустрэча чэскага прэм’ер-міністра Пэтэра Нэчаса з канцлерам Нямэччыны Ангелай Мэркель і нішто ня сьведчыць аб тым, каб гэтая тэма ўвогуле паяўлялася падчас размовы.