• "Мы перайшлі мяжу, калі вярнуцца назад ужо немагчыма"
  • 24.08.2010

Украіна адзначае сёньня 19 гадоў незалежнасьці. Пра шлях Украіны да дэмакратыі й нацыянальнай дзяржавы Дзьмітры Гурневіч гутарыць з украінскім гісторыкам і публіцыстам Раманам Кабачыям.

Раман, скажы калі ласка, якім чынам Украіне за гэтыя 19 гадоў удалося захаваць тое, што не атрымалася ў Беларусі. Я маю на ўвазе й дэмакратыю, свабоду слова, мову, эўрапейскі вэктар разьвіцьця.

Р. Кабачый: Шмат хто кажа, што прычына ў шматлікасьці нашых алігархаў, якія маюць мноства інтарэсаў. Гэта пасуе да мэнтальнага падзелу Ўкраіны, наша дзяржава вельмі разнастайная. У кожным рэгіёне ўкраінцы па-рознаму ўспрымаюць дзяржаўнасьць і нашу незалежнасьць. Я зараз знаходжуся на поўдні Ўкраіны й людзі тут віншуюць адзін аднаго зь незалежнасьцю, паўсюль лунаюць жоўта-блакітныя сьцягі. На маю думку, моц Украіны як раз у яе разнастайнасьці.

Што ўкраінская дзяржава здолела зрабіць і чаго не пасьпела, калі прасачыць гэтыя 19 гадоў па тэксьце Дэклярацыі аб незалежнасьці.

Р. Кабачый: Адзінае, чаго Ўкраіна так і ня здолела зрабіць, гэта эканамічная незалежнасьць. Шмат хто перакананы, што пад небясьпекай знаходзіцца мова, культура, што ідзе русіфікацыя, але я лічу, што мы ўжо перайшлі мяжу, калі вярнуцца назад ужо немагчыма. Украінцы, незалежна ад таго на якой мове яны размаўляюць, атаясамліваюць сябе з гэтай дзяржавай. Але галоўнае цяпер – гэта эканамічная незалежнасьць. Нават тыя сілы, якія ў нас лічацца прарасейскімі, імкнуцца да таго, каб узмацніць эканамічную й энэргетычную незалежнасьць. Дарэчы, гэтыя сілы ўжо даўно імкнуцца зьняць з сябе гэты ярлык прарасейскасьці. 

Шмат хто ва Ўкраіне й за яе межамі кажа пра тое, што Ўкраіна пачынае павольна ісьці па беларускім шляху, маўляў зьмяншаецца прастора свабоды й дэмакратыі. Як ты лічыш, ці маюць такія хваляваньні пад сабой нейкі грунт.

Р. Кабачый: Ёсьць прычыны хвалявацца, улада сапраўды дае такую падставу. Але ў нас такое грамадзтва, што на ўладу яно асабліва не зьвяртае вялікай увагі. Нават у так званыя часы “позьняга Кучмы” большасьць украінцаў былі за дэмакратыю. Таму я з усьмешкай стаўлюся да заяваў, што хтосьці імкнецца зрабіць з Украіны “один большой Донбасс”. Гэта няпроста зрабіць. Цяперашняя ўлада цудоўна разумее, што таталітарны сцэнар ва Ўкраіне ня пройдзе. Дзе-нідзе можна, канешне, заўважыць беларускія альбо, інакш кажучы, савецкія калькі, як напрыклад культ Вялікай Айчыннай Вайны, але большасьць насельніцтва ўспрымае гэта як нешта далёкае. Менавіта таму Януковічу й ягонай камандзе патрэбна будзе шукаць уласныя шляхі. Сымптаматычна, што нават бігборды на якіх Януковіч віншуе ўкраінцаў зь незалежнасьцю, называюцца “Любіце Ўкраіну”. Гэта словы зь вершу Ўладзімера Сасюры, нашага паэта з Данбасу. Яго творчасьць любяць і на захадзе, і сходзе, і на поўдні Ўкраіны. Магчыма Януковіч будзе рэалізаваць сцэнар падобны да сцэнару Кучмы, так званага “аб’яднаньня Ўкраіны” па постсавецкіх лёзунгах, але яму нічога не застанецца, як абаперціся на тое, што ўжо існуе, бо нават у савецкай Украіне эліты былі вельмі праўкраінскімі.

Нямала футурыстаў прадказвае падзел Украіны. Нядаўна з такой ідэяй выступіў і ўкраінскі паэт Юрый Андруховіч. Як ты да гэтага ставішся, ці існуе такая пагроза?

Р. Кабачый: Украіне насамрэч не хапае трошкі фэдэралізму. Мы вельмі розныя. Калі ўзяць, напрыклад, польскі досьвед, то там ваяводзтвы больш самастойныя, чым нашыя вобласьці. А што наконт прапановы Андруховіча распусьціць Данбас і Крым. Гэта спозьненая думка, бо данецкая ўлада, якая прыйшла ў Кіеў, іх не аддасьць. А па-другое, такая ідэя проста антыдзяржаўная. Незалежна ад таго якім чынам паўставала наша краіна, як зьбіраліся яе землі, сёньня кожны грамадзянін павінен зьберагаць яе цэласнасьць. А казаць, што на Крыме ці Данбасе жывуць постсавецікусы – гэта параноя. Андруховіч, відаць, зашмат сядзіць у венскіх і варшаўскіх кавярнях і не ведае, што адбываецца ў краіне. Мне, як украінцу з поўдня, было вельмі крыўдна й прыкра пачуць яго словы.

Дзьмітры Гурневіч