Вось ужо на працягу 11 год Вэнэсуэлай кіруе прэзыдэнт Уга Чавэс, камуніст, лідэр Адзінай сацыялістычнай партыі Вэнэсуэлы.
Уга Чавэс выхадзец зь беднай сялянскай сям’і, у дзяцінстве яго прываблівалі тры рэчы: біблія, паэзія і бэйсбол. Маці Чавэса марыла аб тым, каб сын стаў сьвятаром, а сам ён жадаў зрабіць карыеру на глебе спорту - бэйсболу. Але ў Лацінскай Амэрыцы, войска заўсёды было адным з самых хуткіх і лёгкіх спосабаў карыеры й забесьпячэньня сям’і. Таму ўжо ў 21 год Чавэс скончыў Вайсковую акадэмію.
Ягоная палітычная карыера пачалася ў 1992 годзе, калі ён у званьні палкоўніка дэсантных войскаў арганізаваў і ўзначаліў вайсковы пераварот супраць ураду. Тагачасны прэзыдэнт Вэнэсуэлы Карлас Андрэ Пэрэз сваёй палітыкай скарачэньня сацыяльных праграм і льгот, а таксама павышэньнем коштаў выклікаў масавыя бунты ў Каракасе ў 1989, якія атрымалі назву “Каракоза”. Вайскоўцы падавілі гэтыя бунты. Гэта дало штуршок для ўзросту незадавальненьня ў арміі, асабліва сярод афіцэраў.
4 лютага 1992 году ў Каракас увайшлі войскі на чале з Чавесам, але пераварот не закончыўся посьпехам і Чавэс быў вымушаны здацца. Аднак перад тэлевізійнымі камэрамі ён заявіў, што гэта не канец барацьбы, а толькі яе пачатак. Пераварот ды мэдыі сапраўды зрабілі яго вядомым. І ўжо праз 7 год Чавэс быў абраны прэзыдэнтам Вэнэсуэлы.
Адразу пасьля прыходу да ўлады, першае што зрабіў Чавэс, то ён правёў рэфэрэндум, які зьмяніў канстытуцыю. З аднаго боку яна гарантавала абарону правоў жанчын і аўтахтоннага насельніцтва Вэнэсуэлы - індзэйцаў, а з іншага боку падоўжыла тэрмін знаходжаньня пры ўладзе прэзыдэнта на 1 год, а краіна атрымала назву Баліварыянская рэспубліка Вэнэсуэла. У сваёй палітыцы ўнутранай ды зьнешняй Чавэс абапіраўся на філасофію “баліварызма”, якая зьяўляецца сумесьсю антыімпэрскіх поглядаў і сацыялізму. Сярод ягоных палітычных куміраў, акрамя Сымона Балівара, былі Троцкі, Ленін, Маркс, Кастра, Садам Хусэйн, Муамар Кадафі. У 2004 годзе падчас свайго візыту ў Лібію, Чавэс атрымаў прэмію імя Муамара Кадафі за ўклад у абарону правоў чалавека.
Дзеля барацьбы з антыкаланіялізмам і нэаімпэрыялізмам, увасабленьнем якога лічыліся ЗША, Чавэс абвесьціў аб стварэньні “осі дабра” у якую ўваходзілі Вэнэсуэла, Куба й Балівія. У 2006 годзе на сэсіі Гэнэральнай асамблеі ААН Чавэс назваў тагачаснага прэзыдэнта ЗША Джоржа Буша Малодшага д’яблам. Унутры краіны Чавэс распачаў палітыку накіраваную на нацыяналізацыю нафтавай прамысловасьці, якая амаль цалкам прыналежыла амэрыканскім карпарацыям.
Такая палітыка не магала задавальняць паўночнага суседа і ў 2002 годзе пры падтрымцы ЗША быў араганізаваны вайсковы пераварот, Чавес быў арыштаваны й вывезены ў невядомым кірунку. Тым ня менш, жыхары Каракаса выйшлі на вуліцы з патрабаваньнем вызваліць прэзыдэнта, іх падтрымалі лаяльныя Чавэсу вайсковыя часткі. Загаворшчыкі былі вымушаны вызваліць прэзыдэнта. Гэты пераварот узмоцніў пазыцыі Чавэса. Пасьля гэтага шмат сябраў апазыцыйных партыяў былі арыштаваныя, а антыамэрыканская палітыка Чавэса ўзмоцнілася. Вэнэсуэла пачала актыўна супрацоўнічаць з Расеяй, Кітаем, КНДР, Іранам і Беларусьсю.
Пасьля чарговых прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году Чавэс абвесьціў аб стварэньні аднапартыйнай сыстэмы на чале з Сацыялістычнай партыяй. З мэтай захаваць сваю папулярнасьць сярод насельніцтва Чавэс пачаў праводзіць сацыяльныя рэформы. У 2007 годзе былі адменены ўступныя экзамены ва ўнівэрсытэты, студэнтам павялічылі стыпэндыі да 100 даляраў, быў устаноўлен мінімум зарплаты - $372.
Іншы спосаб падтрыманьня папулярнасьці гэта спэцыяльная тэлевізійная праграма “Ало, прэзыдэнт”. Штодня, акрамя выходных, з 20.00 да 21.00 Чавэс ў прамым эфіры размаўляе з насельніцтвам, арганізуе телемосты з рэгіёнамі. Любіць Уга Чавэс і доўгія выступленьні перад народам. Ягоны рэкорд такога пасланьня - 7 гадзін 43 хвіліны!
Нягледзячы на тое, што краіна літаральна “стаіць” на нафце, а Чавэс будуе сацыялістычнае грамадзтва, Вэнэсуэла застаецца краінай ў дрэнным становішчы, як прыклад, тое, што сталіца краіны Каракас займае 1 месца ў сьвеце па колькасьці забойстваў. У год там зьдзяйсьняюць 130 забойстваў на 100 тыс. чалавек, а насельніцтва горада налічвае 3,5 мільёна чалавек (прыблізна ў год у сталіцы забіваюць каля 4 тыс. чалавек). Асноўная прычына такога становішча, гэта гандаль наркотыкамі і беднасьць.
Павал Усаў