• Запрашаем у Польшчу: Піўнічна-Здруй
  • Audio2.22 MB
  • 27.08.2010

 

piwniczna.pl

Піўнічна-Здруй ляжыць у даліне ракі Попрад паміж двума горнымі хрыбтамі - Яважынай Крыніцкай і Пшэхыбай, у самым сэрцу Папрадзкага краявіднага парку. Гэтае месца сапраўды варта пабачыць, дарэчы, як і іншыя рэгіёны Малапольшчы.
Каралеўскі вольны горад Піўнічна быў заснаваны па загадзе караля Казімежа ІІІ Вялікага ў 1348 годзе ў рамках абароннай палітыкі краіны, якая прадугледжвала заснаваньне паселішчаў уздоўж межаў тагачаснай Рэчы Паспалітай. Сама ж Піўнічна мела за заданьне павялічваць даходы каралеўскай казны, паколькі знаходзілася на рухлівым гандлёвым шляху, які вёў у Вугоршчыну, а шматлікія каралеўскія прывілеі спрычыніліся да дынамічнага разьвіцьця гораду.
Ад часоў заснаваньня гораду захавалася амаль у нязьменным стане чатырохбаковая плошча з прылягаючымі да яго вулачкамі. У заходняй частцы плошчы знаходзіцца ратуша, а ў іншых частках - мяшчанскія дамы з XІX стагодзьдзя.

piwniczna.pl

Найбольшай каштоўнасьцьцю гораду зьяўляюцца натуральныя мінэральныя воды зь лекавымі ўласьцівасьцямі, здаўна вядомыя як „кіслыя воды”. Гэтыя воды моцна насычаныя вуглевадародам, вапнай і жалезам. Іх лекавыя ўласьцівасьці палягаюць на тым, што яны нэйтралізуюуць павышаную кіслотнасьць у страўніку й рэгулююць яго дзейнасьць, лечаць язву і запаленьне кішэчнага тракту. Дапамагаюць таксама пры лячэньні дыябэту й падстраўнікавай залозы. Таму ў ваколіцах гораду Пiўнічна знаходзіцца шмат санаторыяў і прафілякторыяў, якія спэцыялізуюцца ў лячэньні згаданых хваробаў.

piwniczna.pl

Зімой у гарадку - дасканалыя умовы для гарналыжнага спорту. Існуе некалькі папулярных гарналыжных цэнтраў у Сухой даліне, Вярхомлі, Малой і Какушцы. А трасы настолькі разнародныя, што езьдзіць на лыжах могуць як высокакваліфікаваныя гарналыжнікі, так і аматары, якія ставяць на лыжах першыя крокі.

Караліна Русіновіч