Спробы вызначэньня межаў беларускай нацыянальнай прасторы рабіліся ўжо ад другой паловы XІX стагодзьдзя. Гэтая праблематыка таксама шырока абмяркоўвалася на старонках беларускага эміграцыйнага друку, дзе рзглядаліся ня толькі пытаньні этнаграфічных межаў Беларусі, але й геаграфічных межаў.
У Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе найбольш важнай і характэрнай нацыянальнай асаблівасьцяй зьяўлялася (і, відаць, надалей зьяўляецца) мова, якая лёгка паддаецца аб’ектыўнаму навуковаму сьцьвярджэньню. І таму, беручы яшчэ палітычна-гістарычныя абставіны, этнаграфічныя карты Беларусі XІX-XX стагодзьдзяў – гэта ў першую чаргу мапы пашырэньня беларускае мовы.
Этнаграфічныя межы Беларусі абмяркоўваліся на старонках такіх беларускіх эміграцыйных выданьняў, як: „Бацькаўшчына”, „Беларуская Думка”, „Веда”, „Запісы”. Гэтым пытаньнем цікавіліся: М. Агнявіда, А. Багровіч, Р. Максімовіч, І. Касяк, В. Сянькевіч, Чулы Назіральнік, Licwin-Hudas-Krews, Я .Станкевіч.
Разважаньні пра этнаграфічныя межы Беларусі Рыгор Максімовіч закончыў словамі Пятра Бяссонава з 1871 году: „Гэтак Белая Русь абняла, злучыла й аб’яднала, азначыла й абасобіла сваю зямлю, цэлы й абшырны Край, ад Дзьвіны да Нёману й у паміжлежным пабярэжжы, ад граніцаў польскіх у Каралеўстве й пад Каронай да Пскоўскіх, Наўгародзкіх, Смаленскіх, дзе ўрэзалася ў Вялікую Русь пад самы Мажайск, на поўдзень-жа яшчэ далей па цёку рэк, асабліва Дняпра, праз Валынь і Чарнігаўшчыну, зьліваючыся паступовымі пералівамі з Малою Русяй” (Р. Максімовіч, Да справы беларускай паўдзённай этнографічнай мяжы, у: ,,Запісы”, № 1 (5), Нью-Ёрк 1954, с. 24).
Нью-ёрскі часопіс „Веда” зьмясьціў шырокую інфармацыю ня толькі пра этнаграфічныя межы Беларусі, але й пра геаграфічныя. Паколькі дзяржаўныя беларускія межы безупынку мяняліся, аўтар публікацыі Ян Станкевіч разгледзеў іх паводле двух пэрыядаў: пэрыяду асобных беларускіх гаспадарстваў і пэрыяду задзіночанай беларускай дзяржавы, званай Вялікім Княствам Літоўскім альбо Літвою (Я. Станкевіч, Этнографічныя й гістарычныя тэрыторыі й граніцы Беларусі, у : „Веда”, №№ 9-10 (14-15), верасень-кастрычнік 1952, с. 257-279).
Як напісаў Ян Станкевіч, болей-меней сыстэматычна дакумэнтаваная гісторыя Беларусі датуецца паловай ІX стагодзьдзя. У гэтым часе норманы (г.зн. швэды, нарвэгі) рабілі напады на беларускія княствы з мэтай грабяжу. Спробу заваяваць беларускія землі ў 980 годзе зрабіў Валадзімер Кіеўскі, а потым ягоныя наступнікі. Войны адбываліся паміж беларускімі княствамі і ўкраінскімі, на чале якіх было Вялікае Княства Кіеўскае. Скончылася яно перамогаю беларусаў у тым сэнсе, што беларускія гаспадарствы захавалі сваю самастойнасьць. Гэта было фармальна-праўна замацавана на зьезьдзе ў северскім месьце Любечу ў 1097 годзе. Апрача Вялікага Княства Полацкага, якое й раней было незалежным, іншыя беларускія княствы былі абавязаныя толькі памагаць Украіне ў яе войнах з турка-татарскімі народамі.
Ян Станкевіч пералічыў асобныя беларсукія княствы гэтага пэрыяду.
Вялікае Княства Полацкае мела тры цэнтры: Полацак, Віцебск і Менск. У часе свайго найбольшага разьвіцьця Полаччына ахоплівала на захадзе ўсе беларускія землі зь Вільняю, Ноўгарадам, Слонімам, Ваўкавыскам, Горадняй аж да мяжы з Мазоўшам. На поўдні да прасторы Полацкага Княства належала частка Палесься з Слуцкам і Клецкам. Да Полаччыны належала таксама вялікая частка цяперашняе Латвіі з гарадамі Герцыке й Кукейнас ля Дзьвіны.
Вялікае Княства Смаленскае абымала ўсю Смаленшчыну ўлучна з Мажайскам і Ржэваю. Апрача гэтага да Смаленскага Княства належала Мсьціслаўшчына й Тарапец у Пскоўшчыне. Да Смаленска цягнула й беларуская частка Цьвершчыны – адзначае Я.Станкевіч.
Вялікае Княства Северскае ахоплівала Севершчыну, значыць пазьнейшую Чарнігаўскую губэрню, Курскую й частку Арлоўскае. Да яго належала таксама паўднёвая частка Магілёўшчыны.
Цяжкая была доля Турава-Пінскага Княства. Княства, створанае дзярвянамі (драўлянамі) з такімі гарадамі як Аўруч, Карасьцень і Малін, у вельмі хуткім часе было заваяванае ўкраінскімі палянамі. Крыху пазьней паўстала дзярвянска-дрыгавіцкае княства з цэнтрам у Тураве ля Прыпяці. У 1017 годзе было яно зьліквідаванае ў выніку перамогі Яраслава Валадзімеравіча над тураўскім князем Сьвятаполкам. І толькі ў палове XІІ стагодзьдзя, разам з аслабленьнем ролі Кіева, было ўзноўлена Турава-Пінскае Княства, прасторай якога было Палесьсе.
Вялікае Княства Разанскае тварыла беларускае племя вяцічаў. Прастора яго ахоплівала губэрні: Разанскую, частку Маскоўскай, Тульскую, Калускую й бальшыню Арлоўскай. З выняткам часткі вяціцкай зямлі, што на захад ад верхняй Акі, мова вяцічаў зрусыфікаваная, але ў ёй захавалася толькі беларускіх элемэнтаў, што ня можа быць сумневу пра яе былую беларускасьць – адзначае Ян Станкевіч на старонках часопіса “Веда”.
Вялікае беларускае племя крывічы стварыла ня толькі Полацкае й Смаленскае Княствы, але таксма пляменна-крывіцкую рэспубліку Вялікі Пскоў, прастора якой была ля Пскоўскага возера. Пачаткова Пскоў належаў да Вялікага Ноўгарада. За вызваленьне Пскоўшчыны ад Ноўгарада Вялікае Княства Полацкае вяло заўзятыя войны. У 1136 годзе Пскоў вызваліўся ад Ноўгарада й стаў незалежным.
Вялікая частка беларусаў крывіцкага племені была ў Вялікім Княстве Цьверскім. Складалі яны ня меней траціны ўсяго жыхарства. Апрача беларусаў, жыхарамі Цьвершчыны былі ноўгарадцы і, хіба, суздальцы – піша Ян Станкевіч.
Вялікае Княства Літоўскае існавала ад паловы XІІІ да канца XVІІІ стагодзьдзя, але пра гэта слухайце праз тыдзень.
Ніна Баршчэўская