На старонках газэты „Бацькаўшчына” была зьмешчана публікацыя пра беларуска-летувіскія дачыненьні, якая была выклікана паяўленьнем у тагачаснай летувіскай газэце „Teviškas Žiburiai”, што выдавалася таксама ў эміграцыі – у Канадзе, артыкула летувіса, спадара Альмуса, які вырашыў ушанаваць 60-я ўгодкі беларуска-летувіскага інтэлектуала Аляксандра Ружанцова шэрагам публікацыяў, прысьвечаных менавіта беларуска-летувіскім дачыненьням. (Да беларуска-летувіскіх дачыненьняў, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, №№ 39-40 (221-222), 31.10.1954, с. 2-3; № 41 (223), 7.11.1954, с. 1-2)
З гэтай мэтай правёў ён апытаньне 5-х беларусаў, 5-х летувісаў, 1-го латыша й 1-го эстонца. Каб высьветліць, як хто разумее спадчыну дзяржаўнасьці Вялікага Кніства Літоўскага, Альмус пацікавіўся, чыя прававая сыстэма адлюстроўваецца ў Статуце Літоўскім.
У ацэнцы Яна Станкевіча, Статут Літоўскі 1529, 1566 і 1588 гадоў – гэта крывіцкія кодэксы, бо ў іх адбіваецца крывіцкае звычаёвае права й пісаныя правы папярэдніх княстваў (Полацкага, Віцебскага, Смаленскага).
У сваю чаргу другі апытаны Альмусам, Др Г. адклікаўся да словаў гістарычных асоб. Напрыклад, у Прадмове да Статута трэцяга выданьня канцлер ВКЛ Леў Сапега сказаў: „Калі іншым народам стыд правоў сваіх ня знаці, дык пагатове нам, бо ня ў чужой мове маем правы, але ў сваёй собскай”. З гэтага выснова, што прашчуры беларускага народу лічылі Статут Літоўскі сваім творам. Такога ж погляду прытрымліваюцца беларусы й сёньня. (Тамсама, № 41 (223), 7.11.1954, с. 2)
Меркаваньні летувіскіх гісторыкаў іншыя. Уважаюць яны, што нельга Статут Літоўскі ўважаць за беларускі твор хоць бы таму, што ён мае заходні характар – рымскія й кананічныя прынцыпы. Калі б ён быў беларускі, аснова Статута, з увагі на праваслаўнае тагачаснае веравызнаньне беларусаў, было б славянскае права, створанае ў Кіеўскай дзяржаве – напісалі летувіскія гісторыкі. (Тамсама)
Гаворачы пра актуальны час, апытаныя асобы згодна сьцьвердзілі, што супрацоўніцтва паміж абодвума народамі недастатковае, што варта было б выясьніць усе гістарычныя непаразуменьні, а ў будучыні, магчыма, стварыць Прыбалтыйска-Беларуска-Ўкраінскую Фэдэрацыю. (Тамсама)
Беларуска-летувіскім дачыненьням была прысьвечана публікацыя Ю. Дубовіка пад назовам Аб летувіска-беларускай прыязьні (у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, № 22 (408), 08.061958, с. 1).
„Прыязьнь паміж беларускім і летувіскім народамі мае глыбокія гістарычныя карэньні – адзначае аўтар публікацыі. – На працягу некалькіх стагодзьдзяў суседнія народы – Беларусы й Летувісы – далі прыклад такога добрасуседзкага й прыязнага сужыцьця, такой узаемнай пашаны й талеранцыі, што рэдка можна спаткаць у гісторыі іншых народаў. Народы зусім іншага паходжаньня, розных моваў і з розным узроўнем культурнага разьвіцьця, стварылі супольную дзяржаву – Вялікае Княства Літоўскае – дзе, ня гледзячы на дамінацыю беларускіх элемэнтаў, кажны з двух народаў карыстаўся роўнымі магчымасьцямі свабоднага культурнага й гаспадарчага будаўніцтва. Паміж Беларусамі й Летувісамі практычна не існавала ніякіх граніцаў. (...)
Цяперашняе пакаленьне Беларусаў і Летувісаў мела й мае магчымасьць наглядна пераканацца, як бальшавікі, праводзячы сваю захопніцкую палітыку, парушалі й парушаюць гістарычныя й сучасныя ўзаемадачыненьні паміж нашымі народамі. Бесперапынны падзел і гандаль беларускімі тэрыторыямі, праводжаньне штучных межаў, якія не адказваюць ні гістарычным ні этнаграфічным дадзеным, і пагардлівыя адносіны крамлёўскіх валадароў да элемэнтарных патрэбаў насельніцтва гэтых суседніх земляў, гаворыць аб зусім іншых мэтах бальшавіцкай палітыкі”.
Ніна Баршчэўская