16 верасьня пачаўся візыт папы рымскага Бэнэдыкта XVI у Вялікабрытанію. Упершыню ў гісторыі Брытаніі галава Сьвятога Пасада запрошаны на Альбіён на дзяржаўным узроўні. Некаторыя называюць гэты візыт гістарычным, іншыя – найбольш супярэчлівым з усіх падарожжаў Бэнэдыкта XVI.
Брытанцы маюць уласную англіканскую царкву, якая яшчэ ў XVI стагодзьдзі аддзялілася ад каталіцкай і з таго часу традыцыйна непрыязна ставіцца да Рыму. Аднак ня гэта стварае найбольшыя цяжкасьці галаве Ватыкана. Справа ў тым, што Вялікабрытанія – выключна нерэлегійная краіна. За апошнія 10 гадоў колькасьць вернікаў ў ёй ўпала з 70% да 12%.
Шматлікія грамадзкія групы абяцаюць арганізаваць падчас прыезду папы акцыі пратэсту. У прэсе гучыць крытыка каталіцкай царквы за тое, што яна нібыта не паважае правы жанчынаў, выступае супраць раўнапраўя гомасэксуалістаў, крытыкуе вопыты над ствалавымі клеткамі ды забараняе карыстацца кантрацэптывамі. Бенэдыкта XVI абвінавачваюць ў тым, што каталіцкая царква ўтойвала факты злачынстваў пэдафіліі, зьдзейсьненых сьвятарамі. Сьведкам гарачых дэбатаў у брытанскай прэсе стаў беларускі сьвятар, апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў у замежжы айцец Аляксандар Надсан
А. Надсан: Наколькі я ведаю, папу Бэнэдыкта XVI не папракаюць як асобу. Пытаюцца, чаму ён не зрабіў таго ці іншага як галава царквы. Кожнаму хочацца, каб папа выканаў ягоныя патрабаваньні. Хоць папа й ведае праблемы, якія мае царква ў Англіі і на ўсім сьвеце, ён ня ў стане зрабіць усяго ў адзін момант.
Тым часам у абарону Рымскага папы выступілі некаторыя вядомыя брытанскія публіцысты, сярод якіх фэльетаніст газэты Times Дэвід Арановіч, які ў інтэрвію BBC сказаў наступнае:
Д. Арановіч: З-за скандалаў апошніх дваццаці гадоў, а таксама таму, што цяперашні папа не зьяўляецца настолькі тэлегенічнай асобай, як папярэдні, атакаваць каталіцкую царкву стала значна лягчэй. Мы шмат кажам пра нэгатыўныя аспэкты, але цэрквы робяць шмат добрых рэчаў. Мэтадысты дапамагаюць бежанцам, англікане змагаюцца з галечай, а каталіцкі касьцёл дапамагае бяздомным. Цэквы гуртуюць вакол сябе людзей з этычным сьветапоглядам. Тое, што яны робяць, зьяўляецца вельмі важным.
Беларускі сьвятар айцец Аляксандар Надсан падзяліўся з намі сваімі спадзяваньнямі ад візыту папы рымскага.
А. Надсан: Я спадзяюся, перш за ўсё, маральнага аздараўленьня. І калі я кажу пра аздараўленьне, я маю на ўвазе ня толькі сьвецкіх вернікаў, але й сьвятароў. З-за тых прыкрасьцяў, якія адбываліся апошнім часам, аўтарытэт царквы ўпаў у вачах людзей. І ў гэтым віна саміх сьвятароў.
Падчас візыту ў Вялікабрытанію папа Бенэдыкт XVI наведвае галаву англіканскай царквы арцыбіскупа Кэнтэрбэрыйскага, адслужыць імшу ў Вэстмінстэрскім абацтве, а таксама ўзначаліць усяночнае багаслужэньне ў славутым Гайд – парку. Як паведаміў нам айцец Надсан, ва ўрачыстасьцях прымуць удзел і беларусы Лёндану.
Аляксандар Папко