• Бэнэдыкт XVI наведаў Шатляндыю
  • 17.09.2010

Працягваецца візыт Папы Рымcкага Бэнэдыкта XVI ў Вялікабрытанію. 17 верасьня галава каталіцкай царквы наведаў Эдынбург – сталіцу Шатляндыі. Акалічнасьці гэтага візыту дырэктар Польскага радыё для замежжа Марэк Цайзнэр абмяркоўвае з журналісткай BBC Scotland Ізабэль Фрэйзэр.

М. Цайзнэр: У чым важнасьць гэтай паездкі? Чаму Папа Бэнэдыкт вырашыў паехаць ў Шатляндыю?

І. Фрэйзэр: Паколькі гэта першы візыт Папы ў Вялікабрытанію на дзяржаўным узроўні, Папа, хутчэй за ўсё, хоча наведаць розныя закуткі Аб’яднанага Каралеўства, а ня толькі Англію. Візыт адбываецца ў той час, калі адносіны паміж рознымі цэрквамі Каралеўства сталі асабліва складанымі. Ва ўсялякім выпадку, візыт Папы заўсёды мае глыбокі сымбалічны характар. Папа даў зразумець, што ён хоча надаць новы імпульс каталіцкаму касьцёлу, каб ён быў больш актыўны ў сфэрах, дзе мае поўнае права прысутнічаць – у тым ліку ў некаторых палітычных дэбатах. Ён хоча, каб каталіцкая царква не ізалявалася ад палітычнай сфэры.

М. Цайзнэр: Ці каталіцкаму кусьцёлу ў Шатляндыі патрэбны новы імпульс?

І. Фрэйзэр: У апошнія часы ў Шатляндыі колькасьць вернікаў усіх канфэсіяў драматычна зьменшылася. Адзіным выключэньнем зьяўляецца польская супольнасьць. У Шатляндыі зараз жыве каля 50 тысячаў палякаў. Польскія мігранты аказалі велізарны ўплыў на мясцовую каталіцкую царкву. У касьцёлах гучаць багаслужэньні на польскай мове, іх наведваюць маладыя польскія сем’і. У касьцёлы прыходзяць дзеці – гэта даволі незвычайна для каталіцкай царквы Шатляндыі, якую зазвычай наведвалі людзі старэйшага ўзросту. Польскія эмігранты нават стараюцца запрашаць сьвятароў са сваёй радзімы. Гэта вельмі зьмяніла каталіцкі касьцёл Шатляндыі.  

М. Цайзнэр: На колькі я ведаю, на імшу ў Эдынбургу прыйшло менш людзей, чым прыйшло калісьці на набажэнства, якое ўзначальваў папярэдні Папа Ян Павал II. З чым гэта зьвязана?

І. Фрэйзэр: Прычынаў некалькі. Першая - каталіцкая царква ва ўсім сьвеце перажывае цяжкія часы – з-за шматлікіх скандалаў, якія гучалі ў прэсе ў астатнія гады. Па-другое, Ян Павал II быў сапраўдным фэномэнам. Ён быў па-над рэлігійнымі падзеламі. У Белахаўстан парк ў Глазго на яго імшу прыйшло 300 тысячаў чалавек. На імшу з Бэнэдыктам прыкладна 65 тысячаў. Цяпер іншыя часы, іншая палітычная сытуацыя, людзі па-іншаму глядзяць на царкву. Я думаю, людзі па-іншаму рэагуюць на асобу цяперашняга Папы. Ян Павал II быў фэнамэнальнай асобай. Удзельнікі богаслужэньняў, якія ён праводзіў, параўноўвалі іх з рок-канцэртамі. Цяперашні Папа нашмат больш стрыманы й не такі харызматычны. Быць можа, лічба ўдзельнікаў богаслужэньняў зьменшылася, але ў Эдынбургу людзі віталі Папу вельмі цёпла.

М. Цайзнэр: Аднак былі й пратэсты, арганізаваныя некаторымі грамадзкімі групамі ды рэлігійнымі суполкамі....

І. Фрэйзэр: Пратэсты былі нешматлікімі. Грамадзяне пратэставалі ў большасьці супраць дзяржаўнага характару візыту. Яны ня згодныя з тым, каб падаткаплацельшчыкі са сваёй кішэні аплочвалі прыезд рэлігійнага дзеяча. Аднак маштаб пратэстаў быў вельмі малы ў параўнаньні з той добразычлівасьцю, зь якой Папу сустракалі шатляндцы.

Дзякую за размову.