• Весткі культуры
  • 22.09.2010

У тэатры імя Горкага ў Менску ў аўторак вечарам адбылася прэм’ера спэктаклю „Сьмерць і дзяўчына” паводле твора аргентынска-чылійскага пісьменьніка Арыеля Дорфмана. Рэжысэрам спэктаклю зьяўляеца Кшыштаф Занусі, для якога пастаноўка ў Беларусі зьяўляецца рэжысэрскім дэбютам.

Кшыштаф Занусі сказаў Польскаму радыё, што гэта твор з важным гуманным пасылам, які ў Беларусі можна разумець у палітычным кантэксьце. „Мне здаецца, што ў Беларусі ён можа азначаць нешта большае, чым у іншай краіне. Спэктакль расказвае, як небясьпечным зьяўляецца выкарыстоўваньнье насільля ў палітычных мэтах”, - адзначыў рэжысэр.

Кшыштаф Занусі падкрэсьліў, што яго, як рэжысэра, найбольш цікавіць этычны аспэкт спэктаклю. „Я думаю, што ён актуальны. Калі б спэктакль зьявіўся дзесьці ў Швэйцарыі, то быў бы гэта абстракцыйны твор, а ў Беларусі, думаю, ён не такі”.

Спэктакль „Сьмерць і дзяўчына” расказвае пра адносіны ахвяры й яе ката ў адной з краін Паўднёвай Амэрыкі.

25 верасьня ў вёсцы Орля Шчучынскага раёну адбудзецца фэстываль фальклёрнай песьні „Прынёманскія напевы”, спалучаны з прэзэнтацыяй народнага абраду „Багач”.

Багач у народзе асацыюецца з багацьцем. Але багацьце было адносным паняткам. Галоўным „героем” абраду зьяўляецца талерка зь зернем, у якую ставіцца васковая сьвечка, часьцей за ўсё грамнічная. Пры гэтым ёсьць адна асаблівасьць -  багач (сьвечка) ставіцца адна на ўсю вёску. Абрад пачынаецца ў доме гаспадара, які хутчэй за ўсіх ці найбольшы сабраў ураджай. Пазьней з гэтай міскай абыходзяцца ўсе вясковыя дамы. У некаторых мясцовасьцях воск на сьвечку зьбіралі цэлай вёскай, бо абрад заканчваецца ў моманце, калі сьвечка згарае, а трэба пасьпець зайсьці ў кожную хату.

26 верасьня ў вёсцы Стрэнькі пад Рагачовам адбудзецца прэзэнтацыя экамузэя „Беларуская лялька”. Акрамя адкрыцьця музэя, наведвальнікаў чакае конкурс-дэгустацыя страваў беларускай кухні, майстар-клясы па вырабу беларускіх лялек і рамесных вырабаў, выстава дажынкавых вянкоў і снапоў.

У традыцыі вырабу лялек вельмі даўнія карані, якія адносяцца да пэрыяду язычніцтва, вераваньняў людзей, зьвязаных з культам прыродных стыхій. З даўніх часоў лялькі з тканіны й гліны былі традыцыйнай цацкай беларусаў. Лялька была ня толькі цацкаю, але й сымбалем працягненьня роду, гарантыяй сямейнага шчасьця.

Лекцыі на некалькіх дзясятках моваў, моўная гарадзкая гульня, кінапрагляды на арыгінальных мовах і шмат іншых цікавых мерапрыемстваў чакае паліглётаў у Варшаве. У польскай сталіцы цягам тыдня бясплатна можна ўдзельнічаць у падзеях, якія заахвочваюць вывучаць замежныя мовы. Усё гэта прысьвечана Эўрапейскаму дню моваў, які прыпадае на нядзелю.

Праграма мерапрыемстваў настолькі багатая, што яе рэалізацыю пачалі ўжо ў жніўні, аб’яўляючы конкурс на кароткі фільм „Вакацыі з моваю”, зьняты мабільным тэлефонам. Вялікім зацікаўленьнем карыстаецца прагляд эўрапейскага кіно. Усе стужкі прэзэнтуюцца на арыгінальнай мове.

Эўрапейскі дзень моваў быў вызначаны Радай Эўропы ў 2001 годзе. У ЭЗ функцыянуе 23 мовы.

Польскія артысты – Януш Алейнічак, Лешэк Можджэр, Анна Сэрафіньска й Рояль Квартэт – 29 верасьня прымуць удзел у канцэрце музыкі Шапэна, які адбудзецца ў незвычайным месцы: пад эгіпецкімі пірамідамі ў Гізе. Гэта першая буйная прэзэнтацыя музыкі Шапэна ў арабскім сьвеце.

Падчас канцэрту „Шапэн клясычна, джазава й рокава” артысты выступяць на трох сцэнах пад пірамідамі Эгіпту. Творчасьць Шапэна будзе прадстаўлена ў сучаснай апрацоўцы.

З эгіпецкага боку ў канцэрце прыме ўдзел сьпявачка Каірскай опэры Дзіна Іскандэр, якая па-польску засьпявае пад музыку Шапэна.

Канцэрт зьяўляецца часткаю сьвяткаваньняў Году Шапэна.

У Лодзі ўзьнікла хрысьціянская школа танца „Dance Hope”. Вучыцца ў ёй будуць найперш маладыя людзі зь цяжкасьцямі ў выхаваньні. Першыя лекцыі пачнуцца ў бліжэйшую суботу. Арганізатарам школы зьяўляецца ксёндз Міхал Місяк з ордэну салезіянаў. Ён кажа, што заняткі будуць адбывацца раз на тыдзень. „Кожная лекцыя пачынаецца малітваю. На першых занятках мы будзем вучыць хіп-хоп і джаз”, - кажа сьвятар.

У школу ўжо запісалася каля 200 чалавек. Арганізатары аднак спадзяюцца, што іх будзе значна больш.