• Запрашаем у Польшчу: Пултуск
  • 24.09.2010

А сёньня, паважаныя радыёслухачы, запрашаем у горад Пултуск. Ён разьмешчаны ўсяго ў некалькіх дзесятках кілямэтраў ад Варшавы, таму будучы ў польскай сталіцы й маючы хвілінку вольнага часу, варта падскочыць у Пултуск для азнаямленьня з горадам. Думаю, што варта гэта зрабіць...

Насельніцтва Пултуска складае ўсяго каля 20 тыс. чалавек. Аднак у гэтым горадзе існуе адна з найбольш прэстыжных прыватных вышэйшых навучальных устаноў у Польшчы –Гуманітарная акадэмія імя Аляксандра Гейштара. Большасьць выкладчыкаў, а таксама немалая частка студэнтаў на заняткі прыязджаюць з Варшавы. Сярод выкладчыкаў – знакамітыя прафэсары, у прыватнасьці, Варшаўскага ўнівэрсытэту й Польскай акадэміі навук.

Пултуск быў заснаваны прыкладна ў 9-м стагодзьдзі. Цягам многіх вякоў горад быў уласнасьцю пултускіх біскупаў, якія жылі ў мясцовым замку, што захаваўся ў добрым стане па сёньняшні дзень. Найхутчэй Пултуск разьвіваўся ў 14-16-м стагодзьдзях дзякуючы гандлю збожжам. Менавіта ў Пултуску ў 16-м стагодзьдзі быў заснаваны першы ў Польшчы тэатар. А вось 30 студзеня 1868-га году жыхары Пултуска сталі сьведкамі рэдкай і незвычайнай зьявы – педзеньня мэтэарыту. Найбольшыя яго кавалкі вагой каля 9-і кіляграмаў знаходзіцца ў Брытанскім каралеўскім музэі й Музэі зямлі Польскай акадэміі навук. Падчас Другой сусьветнай вайны горад быў зьнішчаны ў 85-і працэнтах. У 1985-м годзе Пултуск быў узнагароджаны Камандорскім Крыжом Ордэну Адраджэньня Польшчы. Дарэчы, у Пултуску знаходзіцца найдаўжэйшая ў Эўропе брукаваная плошча старога гораду.
Нягледзячы на ваенныя зьнішчэньні, у Пултуску захаваліся помнікі архітэктуры, у прыватнасьці, узгаданы ўжо замак бікупаў. Яго будаўніцтва пачалося ў 14-м стагодзьдзі. У замку ў розныя часы былі польскі кароль Жыгімонт Ваза, манарх Швэцыі Карл 12-ы ды расейскі імпэратар Аляксандар 1-ы. Дарэчы, у замку знаходзіцца рэстаран, дзе гатуюць стравы паводле старадаўніх польскіх рэцэптур. Акрамя таго, у Пултуску захавалася ратуша з 16-га стагодзьдзя, а таксама некалькі старых касьцёлаў ды шмат будынкаў у старой частцы гораду. Адным словам, атмасфэра ў Пултуску непаўторная! Запрашаем у гэты горад!