Гарадзенскія ўлады хочуць рэстаўраваць старадаўнюю беларускую царкву: Барысаглебскую ці інакш Каложскую, якая была пабудавана ў XІІ стагодзьдзі. Сёньня ў перадачы з цыклю „Гістарычнае падарожжа” мы распавядзем пра мінулае й сучаснасьць гэтага храма.
Барысаглебская царква лічыцца адной з самых старадаўніх сьвятыняў ў Беларусі. Яна была пабудавана ў XІІ-м стагодзі ўзамен разбуранай царквы на тэрыторыі Старога гарадзенскага замку. Названая ў імя праваслаўных сьвятых Барыса й Глеба. Больш падрабязна пра заснаваньне царквы распавядае гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч.
Андрэй Вашкевіч: Каложская царква была ўзьведзена ў 80-ыя гады 12-га стагодзьдзя. Гэта другая мураваная царква ў Горадні: першай была ніжняя царква на тэрыторыі Старога гарадзенскага замку. Барысаглебскаая царква была ўзьведзена ў гонар першых ўсходнеславянскіх сьвятых Барыса й Глеба. Але царква хутчэй за ўсё будавалася ня толькі ў гонар сьвятых - тагачасныя гарадзенскія княжычы мелі імёны Барыс і Глеб.
Сёньня Барысаглебскую царкву называюць яшчэ Каложскай. Гэтая назва нават больш шырока вядомая, чым першая. Адкуль пайшала гэтая назва? Тлумачыць Андрэй Вашкевіч.
Андрэй Вашкевіч: Ёсьць дзьве вэрсіі паходжаньня гэтай назвы. Першая вэрсія зьвязана з паходам князя Вітаўта на Пскоў у 1409-м годзе, адкуль ён прывёў палонных, жыхароў прыгарада Пскова Каложы, і пасяліў іх у Горадні. Ад іх, калажанаў, пайшла назва царквы. Па-другое, у славянскіх мовах «каложань» – гэта месца, дзе бюць ключы і дзе многа вады. Каля Каложы заўсёды білі такія ключы.
За доўгія гады свайго існаваньня Каложская царква зьведала разбурэньні й папраўкі. Аднак самы цяжкі этап у гісторыі царквы пачаўся ў 19-м стагодзьдзі. Пасьля таго, як храм і базыліянскі манастыр, які дзейнічаў пры царве, улады Расейскай імпэрыі перадалі праваслаўнай царкве (дагэтуль Каложай апекаваліся вуніяты), яна трапіла ў заняпад. Праваслаўныя проста кінулі яе. У палове 19-га стагодзьдзя абвалілася частка заходняй сцяны й скляпеньні, пазьней абвалілася частка паўднёвай сьцяны.
У 20-м стагодзьдзі ў сьвятыні вяліся рамонтна-кансэрвацыйныя працы. У савецкія часы будынак сьвятыні забралі ў царквы й аддалі ў вядзеньне абласнога гістарычнага музэю, дзе некаторы час мясьцілася выстава па навуковаму атэізму. На пачатку 1990-ых гадоў гарадзенскія ўлады спрабавалі рэстаўраваць Барысаглебскую царкву, аднак справа не пайшла далей за размовы. Сёньня - чарговая спроба. Учора ў Горадні адбыўся круглы стол, прысьвечаны пытаньню рэстаўрацыі гэтага помніка. Прысутныя спэцыялісты выказаліся за тое, каб помнік не рэстаўраваць пасьпешліва, гаворыць гісторык Эдуард Дзьмухоўскі.
Эдуард Дзьмухоўскі: Раптам у сярэдзіне лета ўлада пачалі рабіць выгляд шырокага абмеркаваньня з гараджанамі пытаньня рэстаўрацыі Каложскай царквы. Адразу зьявіўся праект. Пачаліся грамадзкія акцыі, якія сьведчылі, што нібыта 83% гарадзенцаў выступаюць за рэстаўрацыю храма. Гэта дзіўна, бо доўгі час было ціха ў справе Каложскай царквы. Калісьці на пачатку 1990-ых была шырокая дыскусія з удзелам замежных спэцыялістаў наконт лёсу царквы. Адна з высноў гэтых спэцыялістаў была: ня трэба чапаць Каложу. А тут раптоўна прыехаў новы губэрнатар, і пачаліся размовы. Учора была выказаная думка, што справа не ў царкве, а размова вядзецца пра добры кавалак зямлі ў цэнтры горада.
Каложская царква – адна з самых старадаўніх мураваных сьвятыняў у Беларусі. Нягледзячы на неспрыяльныя абставіны ды разбурэньні, яна часткова захавалася да нашых дзён, і ўжо ня першы год вядуцца размовы пра далейшы лёс гэтага помніка.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч