23 верасьня пачалася закладка фундамэнту пад новы саркафаг над чацьвертым энэргаблёкам Чарнобыльскай АЭС. Новая ахоўная канструкцыя ў выглядзе аркі вышынёй 108 мэтраў будзе збудаванае над старым аб’ектам “Сховішча”, якому хутка споўніцца 25 гадоў.
Мэталічны саркафаг, які закрыў разбураны ядзерны рэактар Чарнобыльскай станцыі, будаваўся ў экстрэмальныя тэрміны намаганьнямі спэцыялістаў з усяго СССР. Аднак ён быў усяго толькі часовым збудаваньнем. Прычыны, па якіх ўзьнікла неабходнасьць стварыць новы шчыт над чацьвертым энэргаблёкам, нам тлумачыць былы начальнік упраўленьня Дзяржаўнага камітэту ядзернага рэгуляваньня Ўкраіны Вольга Кашарная:
В. Кашарная: Аб’ект “Сховішча” будаваўся ў форс-мажорных абставінах, пры велізарным ўзроўні радыяцыі, з выкарыстаньнем дыстанцыйна кіраванай тэхнікі, каб не губіць людзей. Пабудова й праектаваньне рабіліся адначасова, без усялякіх экспэртызаў.
Ужо праз дзесяць гадоў высьветлілася, што з-за радыяцыі каля 3000 рэнгенаў у гадзіну дэградацыя будаўнічых матэрыялаў ідзе хутчэй, чым плянавалася. Акрамя таго, ад самага пачатку на даху сховішча меліся шчыліны. У дадатак да гэтага, шклопадобныя масы расплаўленага ядзернага паліва таксама пачылі дэградаваць, ператвараючыся ў пыл. А радыёактыўны пыл - гэта самая небясьпечная зьява. Саркафаг мае сыстэмы падаўленьня пылу, аднак стала зразумела, што трэба знайсьці новае рашэньне.
Працамі па пабудове новага сховішча кіруе міжнародны канцэрн NOVARKA. Новы саркафаг у выглядзе велізарнай аркі будзе збудаваны побач з чацьвертым энэргаблёкам на спэцыяльных рэйках, а пазьней насунуты на старую пабудову. Унутры аркі будуць знаходзяцца прыстасаваньні для дэмантажу й пахаваньня канструкцыяў разбуранага рэактара.
Паводле словаў Вольгі Кашарной, новы шчыт над чацьвертым энэргаблёкам павінен быў быць збудаваны яшчэ ў 2005 годзе, але падчас падрыхтоўчых працаў будаўнікі ўвесь час сутыкаліся зь нечаканымі цяжкасьцямі. Адной з такіх перашкодаў стала закапаная ў непасрэднай блізасьці да рэактара моцна забруджаная радыяцыяй цяжкая тэхніка, якую трэба было асьцярожна вывезьці й перазахаваць.
Працы па пабудове аркі будуць бясьпечныя для навакольнага асяродзьдзя ды будаўнікоў – запэўнівае ўкраінскі экспэрт у галіне ядзернай энэргетыкі Вольга Кашарная. За бясьпекай будзе пільна сачыць камітэт ядзернага рэгуляваньня Ўкраіны.
В. Кашарная: Камітэт ніколі не дасьць дазволу на працы, калі яны небясьпечныя для пэрсаналу. Нормы радыяцыі разьлічваюцца й дакладна кантралююцца. Напрыклад, калі зваршчык працуе на аб’екце з уроўнем выпраменьваньня 15 рэнгенаў, ён можа працаваць ня больш за 10 хвілінаў, а пасьля ўвогуле ня ўдзельнічае ў працэсе пабудовы. Усе дакумэнты на арку прайшлі дзяржаўную экспэртызу па ядзернай бясьпецы, экалягічную экспэртызу ды будаўнічую экспэртызу. Дазвол на пабудову быў атрыманы толькі пасьля таго, як былі выкананыя ўсе неабходныя працэдуры.
Беларускі акадэмік Іван Мікітчанка, кіраўнік Цэнтру падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў, лічыць, што пабудова аркі ня толькі адвядзе небясьпеку разбурэньня старога чарнобыльскага саркафагу, але й палепшыць радыяцыйную сытуацыю ў Беларусі. Навуковец зазначае, што новае сховішча перакрые выкіды радыяктыўнага пылу й пары, якія па-ранейшаму трапляюць у атмасфэру. Новы саркафаг трэба будаваць як мага хутчэй – лічыць Іван Мікітчанка.
І. Мікітчанка: У цяперашнім стане станцыя па-ранейшаму небясьпечная. Яна працягвае выкідваць у атмасфэру радыёактыўныя газы, саркафаг зусім няшчыльны. Сытуацыя, на жаль, можа пагоршыцца.
Як падкрэсьліла ўкраінскі экспэрт у галіне ядзернай энэргетыкі Вольга Кашарная, арка над над чарнобыльскім рэактарам зьяўляецца ўнікальнай канструкцыяй. Аналягаў ёй у сьвеце дагэтуль не было. Пабудова аб’екту зойме каля чатырох гадоў і будзе каштаваць каля аднаго мільярда даляраў. Грошы на будаўніцтва выдзелілі міжнародныя арганізацыі. Арка разьлічнаная на 100 гадоў эксплюатацыі.
Аляксандар Папко