Вакцына ад хваробы Альцгеймера
Навукоўцы з Цэнтру біямэдычных дасьледаваньня ў гішпанскай правінцыі Ля Рыёха (La Rioja) апрацавалі вакцыну, якая зьнішчае пратэін, адказны за разьвіцьцё хваробы Альцгеймера (інакш - сенільная дэмэнцыя альцгеймераўскага тыпу).
Бэта-амілоід – так называецца бялок, які, паводле навукоўцаў, адказвае за разьвіцьцё гэтак званай хваробы забыцьця, ад якой пакутуе каля 26 мільёнаў чалавек.
Адкрытая ў Гішпаніі вакцына зьнішчае бялок у мозгу хворага й блякуе разьвіцьцё Альцгеймера. Тым ня менш хворы не вяртаецца да поўнага здароўя.
„Так адбываецца, бо дыягназаваньне хваробы на ейным пачатковым этапе амаль немагчымае. Мозг хворага амаль нічым не адрозьніваецца ад мозгу здаровай асобы”, - паясьняе Хуан Альварэз з Цэнтру біямэдычных дасьледаваньняў.
Навукоўцы зьбіраюць узоры насеньня гатункаў флёры
Адна пятая гатункаў фаўны й флёры знаходзіцца пад пагрозай зьнішчэньня - пра гэта сьведчаць найноўшыя дасьледаваньні, праведзеныя міжнароднай групай батанікаў.
У сьвеце зафіксавана каля 400 тысячаў гатункаў флёры. Факт, што 20% зь іх пагражае зьнікненьне, азначае, што расьліны апынуліся ў такой жа небясьпецы, як жывёлы. У найгоршай сытуацыі - флёра трапічных лясоў. Таму ў Сусьветным банку насеньня будуць утрымлівацца ўзоры флёры з усяго сьвету.
„Мы зьбіраем перад усім узоры найменш імунных расьлінаў, паколькі ведаем, што яны зьнікнуць з паверхні Зямлі цягам бліжэйшых некалькіх дзясяткаў гадоў”, - гаворыць кіраўнік банку Пол Сьміт (Paul Smith).
Цяпер у Сусьветным банку насеньня знаходзіцца каля 2 мільярдаў узораў. Аднак да 2020 году навукоўцы хочуць сабраць узоры адной чацьвёртай гатункаў, якія выступаюць на Зямлі.
Ахова расьлінаў будзе таксама тэмай канфэрэнцыі ААН, якая ў кастрычніку адбудзецца ў японскім горадзе Нагоя.
Стакгольм будзе абагравацца біяпалівам
Непадалёк ад швэдзкай сталіцы ўзьнікае магутная цеплацэнтраль, якая будзе выкарыстоўваць камунальныя адходы.
Цяпло будзе абаграваць некалькі дзясяткаў тысячаў кватэраў. Інвэстарам біяцэнтралі зьяўляецца фінскі энэргетычны канцэрн Fortum, які ў будаўніцтва прадпрыемства хоча ўкласьці каля 20 мільёнаў эўра.
Цеплацэнтраль павінна стартаваць праз тры гады й выкарыстоўваць галоўным чынам камунальныя адкіды Стакго́льму ў памеры 40 тысячаў тонаў у год.
Разам зь цяплом прадпрыемства будзе вырабляць таксама электраэнэргію для 40 тысячаў кватэраў.
Інвэстыцыя праходзіць у рамках праекту, канчатковая мэта якога - абаграваць усю швэдзкую сталіцу, якая налічвае 1,5 мільёна жыхароў, выключна дзякуючы аднаўляльным палівам. Ужо цяпер 80% цяпла ў Стакгольме атрымліваецца зь біяпаліва, у тым ліку адкідаў.
Навукоўцы дасьледуюць попел ісьляндзкага вулькана
Навукоўцы дасьледуюць пробы попелу, выкінутага зь ісьляндзкага вулькану, які паў году таму паралізаваў працу авіяліняў у Эўропе.
Вынікі згаданых дасьледаваньняў павінны адказаць на пытаньне: якім чынам распаўсюджваюцца хмары вульканічнага попелу ў паветры.
Матэрыял для дасьледаваньняў быў атрыманы на тэрыторыі Ісьляндыі й Вялікабрытаніі. Дзеля гэтага геолягі выкарысталі простую прыладу - ліпкую стужку, інакш – скоч, дзякуючы якой крупінкі попелу захавалі свой кшталт і структуру.
Гэта тым больш важна, што часткі попелу надзвычай разнародныя па сваёй структуры.
Вывяржэньне ісьляндзкага вулькану закончылася, у адрозьненьні ад фінансавых наступстваў згаданай зьявы. Паводле эканамічных аналітыкаў, пытаньні, зьвязаныя з кампэнсацыямі для пасажыраў, могуць зацягнуцца нават да канца бягучага году. У іхнай ацэнцы, эўрапейскія авіялініі страцілі ў выніку вывяржэньня вулькану больш за 1 мільярд даляраў.
А.З.
Здымкі: pl.wikipedia.org