Сёньня, паважаныя радыёслухачы, запрашаем у горад Аструда, разьмешчаны ў паўночна-ўсходняй частцы Польшчы, у надзвычай прыгожым рэгіёне. Вармія й Мазуры – бо гэтак называецца рэгіён – гэта папулярнае месца адпачынку палякаў, перш за ўсё летняга. Тут мноства азёр, прыгожая й някранутая цывілізацыяй прырода, сьвежае паветра ды непаўторныя краявіды. Аструда разьмешчана на беразе возера, насельніцтва гораду складае крыху больш за 33 тыс. чалавек. Несумненна, турыстаў, асабліва аматараў водных спортаў ды адпачынку на вадзе, у Аструду прыцягваюць водныя шляхі. Так, Аструда разьмешчана на шляху Эльблёнгска-Аструдзкага каналу – найдаўжэйшага ў Польшчы, працягласьць якога складае больш за 80 кілямэтраў. Канал пабудаваны ў палове 19-га стагодзьдзя й зьяўляецца прыкладам інжынернага мастацтва таго часу. Водны шлях пракладзены па азёрах ды перакапаных паміж імі каналах. У пэўным месцы пракласьці канал было немагчыма, таму праектыроўшчыкі вынайшлі сыстэму перамяшчэньня суднаў: плавучая адзінка пагружалася на спэцыяльную плятформу й па рэйках дастаўлялася да вады. Гэтае тэхнічнае вынаходніцтва адзінае ў Эўропе, на польскім канале дзейнічае й па сёньняшні дзень.
Але вернемся да Аструды... Упершыню горад узгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 14-м стагодзьдзі. У 1407 годзе крыжакі пабудавалі тут замак. Падчас апошняй вайны замак быў поўнасьцю зьнішчаны, аднак у 1974 пабудаваны зноўку паводле старых плянаў. Так што будынак зьяўляецца дакладнай копіяй сярэднявечнага замку. Цягам многіх гадоў Аструда была ва ўладаньні рыцараў крыжацкага ордэну, пасьля Грунвальдзкай бітвы стала ўласнасьцю Польскай Кароны. Цягам гадоў горад неаднойчы трапляў у поле ваенных дзеяньняў: польска-крыжацкія войны, польска-швэдзкія. У 1807 годзе больш за тыдзень у аструдзкім замку пражываў Напалеон Банапарт. У міжваенны час Аструда ўваходзіла ў склад Усходняй Прусіі – рэгіёну Трэцяга Рэйху. Пасьля вайны – у межах Польшчы.
У Аструдзе – шмат старых будынкаў, напрыклад, камяніцы з канца 19-га - пачатку 20-га стагодзьдзяў. У горадзе некалькі храмаў – каталіцкіх і пратэстанцкіх – зь якімі таксама варта пазнаёміцца. У цэнтры захаваўся ўрбаністычны плян гораду з 1270-га году. Адным словам, Аструда – гэта сапраўды цікавы й прыгожы горад, які варта наведаць, асабліва ў летні час. Так што, сябры, калі ў вас няма плянаў на лета-2011, запрашаем у Аструду, каб пазнаёміцца з горадам ды праплыць па канале – адзіным такога роду ў Эўропе.