У кожай краіне ёсьць цікавыя месцы, якія варта наведаць і дзецям, і дарослым.
Адным з такіх месцаў зьяўляецца Музэй лялек у горадзе Пільзна ў Падкарпацкім ваяводзтве на поўдні Польшчы.
Усё пачыналася ад адной звычайнай лялькі. Сёньня іх настолькі шмат, што ўсе яны не зьмяшчаюцца ў музэі й вандруюць па розных выставах у Польшчы й па-за яе межамі. Адныя лялькі вяртаюцца, іншыя пачынаюць падарожжа.
Заснавальнікі музэя кажуць, што лялька - гэта ня толькі дзявочая цацка, гэта вельмі сур’ёзны прадмет. Лялькі бываюць розныя: гліняныя, саламяныя, драўляныя, каменныя, парцалянавыя, а нават зробленыя з каштоўнай сыравіны - срэбра ці золата з дарагімі камянямі. Першымі калекцыянэрамі лялек былі эгіпецкія фараоны. А першапачаткова лялька не была цацкай, толькі своесаблівым талісманам, які меў ахоўваць ад сурокаў, чараў ды розных няшчасьцьцяў і прынесьці здароўе й дабрабыт.
Паступова лялька стала выконваць функцыю цацак для дзяцей і стала элемэнтам разнастайных калекцыяў.
Менавіта калекцыянэры лялек вырашылі стварыць у Пільзьне музэй, каб паказаць незвычайны, маляўніцы ці нават таямнічы сьвет гэтых прадметаў. А сабраныя ў музэі лялькі адрозьніваюцца ня толькі матэрыяламі, зь якіх яны выкананыя, а таксама сваім прызначэньнем: цацкі, тэатральныя лялькі, марыянэткі, пацынкі ды лялькі на чайнічкі.
Ёсьць у музэі звычайныя лялькі, а ёсьць і казачныя пэрсанажы. Напрыклад, наведвальнікі музэя могуць патрапіць у асобны казачны сьвет, дзе жыве Беласьнежка ў таварыстве 7 гномаў.
У мануфактуры, якая дзейнічае пры музэі, вырабляюцца лялькі, якія пазьней трапляюць у лялечныя тэатры. Лялечныя майстры нават жартуюць, што іх лялькі самастойна зарабляюць на сваё ўтрыманьне. Наведвальнікі музэя могуць завітаць у мануфактуру й паназіраць за працэсам стварэньня лялькі.
У музэі дзейнічаюць пастаянныя й часовыя эскпазыцыі. Варта сказаць, што экспазыцыі - гэта не звычайныя стэнды, а сапраўдныя міні-спэктаклі.
Напрыклад, выстава пад назвай „Як поры году па сьвеце вандруюць” зьяўлеецца своеасаблівым спэктаклем для дарослых і дзяцей у суправаджэньні сьвятлавога й гукавога афармленьня. Порамі году зьяўляюцца лялькі, выкананыя на падставе партэтаў Леанарда да Вінчы, які расьпісаў прыгажосьць сваёй эпохі ў асобах Дамы з гарнастаем, Моны Лізы, Жынэўры дэ Бінчы ды на партрэце незнаёмай.
Як я ўжо распавадала, лялькі зь пільзьненскага музэя вандруюць па сьвеце, але й музэй наведваюць лялькі з розных краінаў сьвету. Установа прымае ў сябе лялькі зь Японіі, Тайлянда, Францыі й іншых краінаў.
Музэй зьяўляецца месцам, якое прыцягвае турыстаў. Таму сёлета ён патрапіў у фінал конкурсу „Найлепшы турыстычны аб’ект Падкарпацьця”, які ладзіць Падкарпацкая рэгіянальная турыстычная арганізацыя. Цяпер музэй будзе змагацца за прыз Польскай турыстычнай арганізацыі ў конкурсе на найлепшую турыстычную ўстанову.
Але музэй дзейнічае не для прызоў, а для наведвальнікаў. А пабачанае сапраўды ўражвае. Як кажуць, лепей адзін раз пабачыць, чым 100 разоў пачуць, таму запрашую ў музэй лялек у Пільзьне, а пры нагодзе можна наведаць і пабачыць іншыя цікавыя месцы й аб’екты Падкарпацкага рэгіёну.
Караліна Русіновіч