Эўразьвяз дапаможа вугорцам ліквідаваць наступствы катастрофы
 
Група экспэртаў Эўразьвязу дапаможа вугорцам працаваць над ачышчэньнем тэрыторыяў, якія пацярпелі ў выніку выцеку таксычных адкідаў апрацоўкі алюмініевай руды.

Такім чынам Эўразьвяз далучыўся да ліквідацыі выцеку таксычных рэчываў з пашкоджанага рэзэрвуара на заводзе па вытворчасьці алюмініюму ў гарадку Айка на захадзе Вугоршчыны.

Асноўнай праблемай застаецца зьмяншэньне шкодных наступстваў новага выцяканьня з аварыйнага рэзэрвуара, якое, на думку вугорскіх уладаў, непазьбежнае. Пачалося будаўніцтва дамбы.

У выніку пашкоджаньня плаціны адстойніка на алюмініевым заводзе, да якога дайшло 4-га кастрычніка, адбыўся выцек чырвонага шламу, які ствараецца пры вытворчасьці гліназёму і ўтрымлівае цяжкія мэталы й шчолач.

У выніку экакатастрофы загінулі 7 чалавек, каля 150 грамадзян пацярпелі ад апёкаў і атручаньня. Чырвоная вадкасьць часткова затапіла тры вёскі й заліла чыгуначныя шляхі. Эвакуявана 400 чалавек.

Паводле мясцовых уладаў, ліквідацыя наступстваў экалягічнай катастрофы можа працягнуцца год, паколькі для ачышчэньня забруджаных тэрыторыяў трэба зьняць слой зямлі таўшчынёй у 2 сантымэтры.

Новыя гатункі фаўны й флёры на выспе Папуа-Новая Гвінэя

У трапічных лясах, распаложаных на тэрыторыі дзяржавы Папуа-Новая Гвінэя, навукоўцы зафіксавалі больш за 200 новых гатункаў фаўны й флёры.

Сярод іх ёсьць, напрыклад, мыш зь белым хвосьцікам і прадоўжанай пыскай, ці два гатункі жабы: адна сваім памерам не перавышае 2 сантымэтраў, скура другой пакрытая жоўтымі плямкамі.

Навукоўцы, якія свае дасьледаваньні праводзілі на тэрыторыі выспы Новабрытанія, зьвяртаюць увагу на факт, што апошнім часам вельмі рэдка ўдаецца адкрыць зусім новыя гатункі млекакормячых. Аналізы ДНК пацьвердзілі, што новыя гатункі не зьяўляюцца генэтычнай мадыфікацыяй ніякага вядомага навукоўцам гатунку.

Трапічны лес у Папуа-Новай Гвінэі - гэта адзін з трох, апрача лясоў басэйнаў Амазонкі ў Паўднёвай Амэрыцы й Конга ў Афрыцы, суцэльна дзікіх тэрыторыяў.

Сама дарога на выспу Новабрытанія для падарожных даволі складаная. Навукоўцы былі прымушаныя падарожнічаць многімі сродкамі транспарту: самалётам, лодкай, верталётам і пяшком.

Новая плянэта – блізьнюк Зямлі!?

Астраномы знайшлі планэту, якая, праўдападобна, вельмі нагадвае Зямлю. Паводле некаторых экспэртаў, можа там існаваць жыцьцё.

Новаадкрытая плянэта распаложаная адносна недалёка ад Зямлі – у 20-ці сьветлавых гадах. Беручы пад увагу касьмічныя ўмовы, гэта няшмат. Плянэта, якая называецца „Gliese 581g” знаходзіцца ў сузор’і Шалі.

Паводле адмыслоўцаў, клімат на новай планэце ані надта халодны, ані надта цёплы. Шмат іншых прызнакаў сьведчыць пра тое, што на ёй можа знаходзіцца вадкая вада.

„Трэба сказаць, што няма ніякіх непасрэдных доказаў, што на згаданай плянэце ёсьць жыцьцё, але мяне вельмі зьдзівіла, калі б яна аказалася зусім мёртвай”, - заявіў адзін з навукоўцаў, якія адкрылі плянэты - Сьцівэн Вогт (Stephen Vogt) з Унівэрсытэту ў Каліфорніі.

З гэтай думкай згаджаюцца таксама ягоныя калегі. Паводле іх, новаадкрытая планэта - гэта цяпер найбольшы шанец на тое, каб знайсьці іншае, чым зямное, жыцьцё, а значыць, шанец на заканчэньне пэрыяду нашай касьмічнай адзіноты.

Праблемы з доступам да чыстай вады

Восем зь дзесяці жыхароў Зямлі ня мае бясьпечнага й стабільнага доступу да чыстай вады, - перасьцерагаюць навукоўцы на старонках часопіса „Nature”. 

Пагрозай зьяўляецца ня толькі абмежаваньне ападкаў, але таксама забруджаньне навакольнага асяродзьдзя. Паводле найноўшых аналізаў, найбольш сур’ёзныя недахопы вады датычаць амаль 3,5 мільярдаў людзей, а значыць, паловы чалавецтва.

Паводле спэцыялістаў, гаворка не ідзе выключна пра тое, што на нашай плянэце не хапае вады. Намнога важнейшай справай зьяўляецца адпаведнае гаспадараньне воднымі рэсурсамі.

Апублікаваныя разам з артыкулам мапы пацьвярджаюць згаданую думку. Уся заходняя Эўропа й ЗША ня маюць доступу да дастатковых крыніцаў вады. Тым ня менш, адпаведнае карыстаньне ейнымі рэсурсамі гарантуе доступ да чыстай і бясьпечнай вады.

Інакш сытуацыя выглядае ў Афрыцы, частцы Азіі й Паўднёвай Амэрыцы, дзе натуральнай вады дастаткова, але неадпаведнае разьмеркаваньне ейных рэсурсаў прычыняецца да таго, што тамтэйшыя жыхары пакутуюць ад пастаянных недахопаў.

А.З.

Здымкі: pl.wikipedia.org