У ацэнцы М. Агнявіды, дадзенай у публікацыі Этнаграфічны прастор Беларусі на старонках газэты „Бацькаўшчына”, толькі на заходнім адрэзку паўдзённай мяжы з Украінай, мяжа Беларусі супадае прыблізна з этнаграфічнай мяжою (М. Агнявіда, Этнаграфічны прастор Беларусі, у: „Бацькаўшчына”, № 23 (409), Мюнхэн, 22 чэрвеня 1958, с. 2-3) .
Заходняму Палесьсю прысьвечана публікацыя й Р. Загорнага, зьмешчаная на старонках „Раніцы” за 24 верасьня 1944 году. Як адзначыў сам аўтар, публікацыя выкліканая кнігай праф. вон Энгэльгардта Weisruthenien.
„Вельмі каштоўная наагул новавыдадзеная кніга праф. фон Энгэльгардта «Weisruthenien» мае адну вельмі вялікую хібу – у ёй недакладна, несправядліва і крыўдна для нас, беларусаў, асьвятляецца справа нашай паўдзённай нацыянальнай мяжы. Ходзе тутатака аб аўтаравы засьцярогі што да беларускасьці заходняга Палесься – Піншчыны і Берасьцейшчыны.
Памылковы пагляд аўтара ў гэтай справе на нашую некарысьць паўстаў не самастойна. Ён злажыўся, галоўна, пад уплывам такіх навуковых аўтарытэтаў, як беларусавед Карскі ды Маскоўская Дыялекталёгічная Камісія” (Р. Загорны, Заходняе Палесьсе, у: „Раніца”, Бэрлін, 24.09.1944).
У далейшай частцы публікацыі Р. Загорны стараецца абвергнуць легенду аб небеларускасьці гэтых земляў. Піша:
„Амаль 70 гадоў таму, у 1875 годзе, зьявілася першая этнаграфічная карта Расеі, апрацаваная не этнографам, сябраю расейскага генэральнага штабу, Рыттыхам. На гэтай карце Піншчына з Берасьцейшчынай падаваліся за заселеныя, пераважна, украінцамі.
У 1905 г. паказаўся першы том фундамэнтальнай працы аб Беларусі Яўхіма Карскага – «Белоруссы» – з этнаграфічнаю і дыялекталёгічнаю картаю расьсяленьня «беларускага племені». На гэтай карце нашая паўдзённая мяжа супадае ў васнаўным з мяжою Рыттыха зь невялікімі адхіленьнямі на поўдзень.
У 1915 г. паявілася дыялекталёгічная карта «рускага языка» ў Эўропе, апрацаваная Маскоўскаю Дыялекталёгічнаю Камісіяй. І на гэтай карце нашая паўдзённая мяжа ў васнаўным адзначаецца падобна, як і на дзьвёх папярэдніх картах. На ёй зазначаная толькі невялікая вузкая паласа пераходных беларуска-ўкраінскіх гутарак” (тамсама).
На гэтыя навуковыя працы й абапіраўся Рыттых. Тым часам факты запярэчылі навуковай фікцыі, рэальнае жыцьцё – кабінэтным фактам, таму што аказалася, што народ гэтых земляў выказаўся за сваю беларускасьць.
Далей аўтар спасылаецца на гістарычныя факты. Піша:
„Як падаюць старыя летапісы, ад самага пачатку гістарычных дзён нашай зямлі на Піншчыне і Берасьцейшчыне было расьсяліўшыся беларускае племя Дрыгвічоў – адно з галоўных плямёнаў, зь якіх склаўся сяньняшні беларускі народ. Дрыгвічы – як падаюць летапісцы – жылі паабапал ракі Прыпяці і каля тысячы гадоў таму ўспамінаюцца ўжо такія іхныя гарады: Мазыр (у Іпатаўскім летапісцы пад 1155 г.) Тураў (у Лаўрэнцявым летапісцы ўжо пад 980 г.), Пінск – даўней зваўся Пінеск – пад 1097 г. (у Лаўр.летап.) і Берасьце – пад гэтым жа назовам, а не Брэст – пад 1019 г. ( у Лаўрэнцявым летапісцы). ...
Тое, што дрыгвічы адно з галоўных беларускіх плямёнаў, побач з крывічамі і радзімічамі, – прызнаюць усе беларускія і небеларускія вучоныя. Адгэтуль вельмі просты лягічны вывад, што гісторыя ўжо здаўна знайходзіць на ўсім Палесьсі – уключна з Піншчынай і Берасьцейшчынай – беларусаў. Значыцца, Палесьсе ўжо тады было цалкам у межах нашага нацыянальнага жыцьцёвага прастору.
Гісторыя нічога аб тым ня ведае, каб за апошняе тысячагодзьдзе ці то дарогаю вандроўкі, перасяленьняў ці калянізацыі дрыгвічы нейдзе з Палесься зьніклі, ці пакінулі хаця б некаторыя абшары сваёй спрадвечнай зямлі.
А раз гісторыя нічога ня кажа пра падобныя вандроўкі, значыцца, і сяньняшнія паляшукі – гэта старыя аўтахтоны палескага абшару; гэта патомкі тых старых дрыгвічоў, аб якіх успамінаюць летапісцы. І гэта значыць, што сяньняшнія паляшукі – якой бы нават мовай яны сяньня не гаварылі – пляменна, як дрыгвічы, належаць да сяньняшняга беларускага народу, яны косьць з косьці, кроў з крыві беларусы” – напісаў Р. Загорны ў публікацыі Заходняе Палесьсе, зьмешчанай на старонках бэрлінскай газэты „Раніца”.