12 лістапада ў Варшаве адбыўся паказ фільму „Сівая легенда” рэжысэра Богдана Парэмбы. Стужка расказвае пра ўсходнія тэрыторыі 17-вечнай Рэчыпаспалітай, дзе сутыкаюцца тры культуры: польская, літоўская й беларуская. Сцэнар фільму выводзіцца з творчасьці Ўлядзіміра Караткевіча.
Падзеі адбываюцца каля мясцовасьці Камянец Падольскі. А адным зь „герояў” фільму зьяўляецца замак у Хоціме. Дзяўчыне Любе падабаюцца Раман з Ракутавіч і літоўскі князь Кізгайла. Сэрца дзяўчыны ня можа выбраць паміж двума рыцарамі. Усе падзеі адбываюцца на фоне бунтаў сялянаў, наездаў татараў.
„Сівая легенда” – гэта касьцюмны фільм дасканала зьняты ў 1991 годзе Богданам Парэмбам пры супрацоўніцтве зь беларускімі кінэматографамі. У стужцы зьняліся акторы з Польшчы, Расеі, Эстоніі, Беларусі. Музыку напісаў вядомы малдаўскі кампазытар Яўген Дога.
Клясычную музыку неабавязкова слухаць выключна ў філярмоніі. Добрым месцам таксама зьяўляецца аэрапорт. У гэтым пераканаліся пасажыры 9 польскіх аэрапортаў. 11 кастрычніка пунктуальна а 17 гадзіне ў 9 польскіх аэрапортах на тэлебімах быў паказаны канцэрт Шчэцінскай філярмоніі. Аркестар разам з салістам Славамірам Вількам выканалі твор e-moll Фрыдэрыка Шапэна. Выступ быў запісаны на камэру ў сакавіку ў шчэцінскім аэрапорце. Акрамя гэтага, на тэлебіме быў паказаны мультымэдыйны твор пра жыцьцё кампазытара.
Чаму паказ канцэрту адбыўся менавіта 11 кастрычніка? Дакладна 180 гадоў таму Шапэн даў разьвітальны канцэрт перад выездам з Варшавы ў Парыж. Акцыя зьвязаная са сьвяткаваньнем 200 гадавіны з дня нараджэньня Шапэна.
У Беларусі абвешчаны конкурс на стварэньне эскізнага праекту помніка беларускім песьнярам Янку Купалу й Якубу Коласу, які будзе ўстаноўлены ў Варшаве. Заявы на ўдзел у конкурсе можна падаць да 29 кастрычніка ўключна.
Удзельнікамі творчага спаборніцтва могуць стаць скульптары, якія маюць адпаведную прафэсійную адукацыю. Удзельнікі падаюць заяўку па адрасе: г.Менск, праспэкт Пераможцаў, 11 або на электронны адрас artplac@mail.ru з паметкай “Заява на конкурс”. Да яе абавязкова прыкласьці фота мадэлі помніка, выкананае ў фармаце jpg памерам ня больш за 800-600 dpi.
Матэрыялы разгледзіць конкурсная камісія на закрытым пасяджэньні 10 лістапада. Эскізны праект павінен найбольш выразна й дакладна перадаваць вобразы Янкі Купалы й Якуба Коласа на аснове гістарычных зьвестак аб жыцьці й творчасьці пісьменьнікаў.
Арганізатарамі конкурсу зьяўляюцца Міністэрства культуры Беларусі, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Беларускі саюз мастакоў.
У Кітаі адмянілі канцэрты пераможцы конкурсу «Эўравізія-2009" Аляксандра Рыбака ў сувязі з прысуджэньнем Нобэлеўскай прэміі міру за 2010 год кітайскаму дысыдэнту Лю Сяабо, паведамляе The Earth Times са спасылкай на нямецкае агенцтва DPA.
Рыбак прымае ўдзел у музычнай камэдыі «Аднойчы сонечнай ноччу» (Some sunny night), якая павінна прайсьці ў лістападзе ў некалькіх кітайскіх гарадах.
“Нам сказалі, што гэта нейкія санкцыі за ўручэнне Нобэлеўскай прэміі Лю Сяабо, нам не дазваляецца выступаць з канцэртнай праграмай», - заявіў журналістам нарвэскі кампазытар Томас Стангхеле.
Раней кітайскія ўлады адмянілі сустрэчу з двума нарвэскімі міністрамі.
Інстытут кнігі, каардынатар сьвяткавання Года Мілаша ў Польшчы, запусьціў сайт http://www.milosz365.eu ў польскай, ангельскай і расейкай вэрсіях.
На сайце можна знайсьці ўсю інфармацыю аб плянаваных мерапрыемствах і ўсіх ініцыятывах, зьвязаных з Годам Мілаша, а таксама мноства зьвестак пра ляўрэата Нобэлеўскай прэміі – біяграфію й храналёгію падзей яго жыцьця, бібліяграфію твораў і перакладаў, выбраныя тэксты, інтэрпрэтацыі яго твораў, а таксама шматлікія цікавыя фатаграфіі з розных пэрыядаў яго жыцьця.