• Эквадор - дэмакратычная нестабільнасьць
  • Audio6.54 MB
  • 13.10.2010

Апошнія палітычныя падзеі ў Эквадоры, а менавіта мяцеж паліцыянтаў і напад на прэзыдэнта краіны Рафаэля Карэру, сьведчыць аб тым, што Эквадор застаецца адной з самых нестабільных краінаў.

Хаця менавіта Карэра першы дэмакратычны прэзыдэнт, які так доўга застаецца ва ўладзе - аж з 2006 году. Бунты паліцэйскіх пачаліся ў сталіцы Эквадора Кіта па прычыне антыкрызыснай праграмы Карэры, у выніку чаго паліцэйскім паніжаюцца зарплаты, а тэрмін службы для атрыманьня чарговага званьня павялічваецца.

 Аб нестабільнасьці палітычнай сыстэмы сьведчыць таксама і той факт, што за 12 апошніх гадоў у краіне зьмянілася 7 прэзыдэнтаў. Некаторыя зь іх былі зьнятыя з пасады парляментам. Напрыклад, Абдала Букарам быў звольнены з гэтай пасады з фармуліроўкай “за мэнтальную няздольнасьць кіраваць дзяржавай”.

 Былі ў Эквадоры й сваі дыктатары, адным зь іх можна назваць Леона Фербреса Кардэра. Кардэра, хаця й быў выбраны прэзыдэнтам і пракіраваў краінай толькі чатыры, яго абвінавачваюць ў спробах абмежаваць дэмакратычныя свабоды і ўсталяваць жорсткую аўтарытарную ўладу. На працягу трох гадоў ягонага кіраваньня ў Эквадоры мелі месца катаваньні прадстаўнікоў апазыцыі, палітычныя забойствы і зьнікненьні. Тым ня менш, Кардэра быў у вельмі добрых адносінах з Рональдам Рэйганам і лічыўся сябрам ЗША, дзякуючы сваёй антыкамуністычнай пазыцыі.
 
 Іншай цікавай постацьцю ў палітычнай гісторыі Эквадора зьяўляецца Хасе Ібара, які займаў пасаду прэзыдэнта ў 5 разоў. Увесь час, акрамя аднаго прэзыдэнцкага тэрміну з 1952 па 1956, Хасе Ібара адхіляўся з пасады прэзыдэнта ў выніку вайсковых пераваротаў. Той факт, што Ібара столькі разоў абіраўся прэзыдэнтам сьведчыць аб тым, што ён быў вельмі папулярны сярод насельніцтва, ён быў вельмі добрым аратарам і мог весьці за сабой масы. Ібара любіў паўтараць: “Дайце мне балкон і я стану прэзыдэнтам”.

 У 1972 годзе, падчас ягонага пятага тэрміну ва ўладзе адбыўся чарговы прераварот на чале з генэралам Радрыгасам Лара. Пераварот быў пэўным чынам зьвязаны з кнігай, напісанай былым агентам ЦРУ Філам Аджы “Дзёньнік ЦРУ”, дзе ён апісваў сваю працу. Пісаў пра вярбоўкі вышэйшага палітычнага эстаблішмэнту Эквадору. Гэтая інфармацыя магла б каштаваць ЗША палітычнага кантролю ў Эквадоры, што й прывяло да неабходнасьці замены кіраўніцтва. І не дзіўна, Радрыгас Лара вучыўся ў „Школе Амэрык” у ЗША, якая знаходзілася пад патранатам ЦРУ й служыла плацдармам для падрыхтоўкі будучых лацінаамэрыканскіх палітыкаў, супрацаўнікоў паліцыі й вышэйшага камандуючага складу.

 Сьлед ЦРУ прасочваецца і ў авіякатастрофе, у якой загінуў прэзыдэнт Хайме Агілера ў 1981 годзе. Аб гэтым прынамсі піша вядомы амэрыканскі журналіст Джон Пэркінс у сваёй кнізе “Споведзь эканамічнага забойцы”. Ён сьцьвярджаў, што палітыка рэфармаваньня нафта-газавай сфэры пагражала інтарэсам ЗША. Таксама ЗША непакоіла й магчымае збліжэньне Эквадору з СССР. Гэта былі 80-я гады – пэрыяд  найбольшага супрацьстаяньня ў халоднай вайне, таму такі сцэнар цалкам магчымы.

Павал Усаў

Эфірны варыянт у далучаным файле