Дарагія слухачы, з чым вам асацыюецца назва „Лысая гара”? Напэўна не памылюся, калі скажу, што са зьлётам Бабаў Ёгаў. Аднак гаворка ня пойдзе пра казачных створаў, xаця Лысая гара ў Польшчы існуе, прычым не адна. Існуе аж 16 горных пікаў пад назвай „Лысая гара”, прычым амаль ва ўсіх горных масывах: і ў Татрах, і ў Бэскідах, і ў Карпатах. Таксама 7 населеных пунктаў носяць назву „Лысая Гара”.
А сёньня я запрашаю наведаць вас Лысую гару ў Сьвентакшыскіх гарах. Гэтая Лысая гара зьяўляецца другім па вышыні горным пікам (595 мэтраў над узроўнем мора). Першае паселішча, якое захавалася да нашых дзён, пабудавана з камянёў эпохі камбру - самага старэйшага пэрыяду палеазалічнай эпохі.
Сама Лысая гара, а дакладней Лысец - гэта ўзвышша зь дзьвюма вяршынямі са скальнымі валунамі, называнымі галаборамі. У паганскія часы Лысая гара была месцам паганскага культу, дзе шанаваліся такія боствы, як Лель, Палель, Сьвіст, Пасьвіст і Пагода. З таго пэрыяду захавалася абраднае кола- таямнічы вал даўжэнёй у 2 кілямэтры. Па сёньняшні дзень існуе легэнда, што на Лысай гары адбываўся сабат ведзьмаў.
У адпаведнасьці з традыцыяй X-га стагодзьдзя, на месцах паганскага культу ўзьдзьвігаліся хрысьціянскія сьвятыні. Таму й на Лысай гары быў пабудаваны кляштар. У летапісе Яна Длугаша напісана, што фундатарам гэтага кляштара быў польскі кароль Баляўслаў Хробры, які перадаў кляштар айцам-бэнэдэктынцам. А яны прынесьлі з сабою рэліквію - частку дрэва Сьвятога крыжа (Krzyża Świętego). Таму й горы пачалі назавыцца Сьвентакшыскімі.
Лысая гара, а дакладней, кляштар перажыў не адзін пажар, рабунак, а нават наезд татараў у 1259 і 1287 гадох. Швэды таксама паставілі нагу на гэтай зямлі.
У 1818 годзе апацтва бэнэдыктынцаў па ўказе расейскага цара было зьліквідаванае, а ў мурах кляштару зрабілі турму для цяжкіх злачынцаў.
Толькі пасьля Другой сусьветнай вайны ў будынкі на Лысай гары вярнулася кляшторнае жыцьцё.
Самыя ж Сьвентакшыскія горы чамусьці ня маюць такога турыстычнага трэнду, як Татры, ці Карпаты. Але можа дзякуючы гэтаму горныя сьцежкі не затоптаныя турыстамі, а прырода захавалася амаль ва ўнікальным выглядзе.
Сёлета ўлады Сьвентакшыскага ваяводзтва пачалі рэклямную кампанію пад назвай „Сьвентакшыскае чаруе”. Можа наведвальнікі й не сустрэнуць на гэтай тэрыторыі ведзьмаў ці іншых пачвараў, ды й на мётлах там ніхто ня лётае, але чар гэтага месца напэўна на сабе адчуюць.
KP