Фрыдэрык Шапэн, год якога сёлета адзначаецца ў Польшчы й цэлым сьвеце, палову свайго жыцьця правёў у Францыі. Там ён памёр 17 кастрычніка 1849 – роўна 161 год назад.

У Францыю Фрыдэрык Шапэн выехаў у 1831 годзе, ва ўзросьце 21 году. У гэтай краіне ён пражыў 18 гадоў, палову свайго жыцьця. Дасьледчыкі жыцьця кампазытара падкрэсьліваюць, што гэта была эміграцыя ня столькі ў Францыю, колькі ў Парыж.

Аб сваім выезьдзе Шапэн вырашыў, будучы ў нямецкім Штутгарце. На той момант у Варшаве выбухнула Лістападаўскае паўстаньне 1830-1831 гадоў, а польская сталіца была захопленая. Шапэн яшчэ хацеў вярнуцца, але знаёмыя пераканалі не рабіць гэтага з увагі на дрэнны стан здароўя. У той момант ён падумаў пра Парыж.

Мацей Яніцкі з Музэя Фрыдэрыка Шапэна ў Варшаве кажа, што такі выбар кампазытара вельмі лёгка патлумачыць.

М. Яніцкі: Парыж у той час быў сталіцай Эўропы, напэўна быў сталіцай культурніцкай і інтэлектуальнай Эўропы. Шапэн пасьля візытаў у некалькіх вялікіх гарадах, напрыклад, Бэрліне, Вене, Штутгарце, ведаў, што толькі там можна мець доступ да найлепшых артыстаў. Таксама ён ведаў, што толькі там можа заняць важнае месца ў піяністыцы. Парыж быў ня толькі сталіцай опэры, сымфанічнай і камэрнай музыкі, найперш гэта была сталіца піяністыкі. Найплепшыя піяністы прыязджалі альбо часова, альбо на стала менавіта ў Парыж.

На самым пачатку прыбываньня ў францускай сталіцы кампазытару было вельмі складана. У многіх біяграфіях можна прачытаць, што яго ахоплівалі сумневы й ён хацеў выехаць з Парыжа. Знайсьці сваё месца ў гэтым горадзе было складана.

М. Яніцкі: Парыж часта называлі „піянаполіс”. Горад, у якім піяністаў было настолькі шмат, што заняць пазыцыю было вельмі складана. Шапэн пачаў ад візытаў у салёнах польскай арыстакратыі, бо ён ня мог прабіцца ў салёны францускай буржуазіі й буржуазіі эмігранцкай. У пэўным моманце Шапэн выступіў у аўстрыйскай амбасадзе, што стала пераломным момантам. Многія кажуць, што Шапэна зарэкамэндаваў князь Радзівіл, але дакумэнтаў у пацьвярджэньне гэтай тэзы няма.

Па словах Мацея Яніцкага, прыбываньне Шапэна ў Парыжы можна падзяліць на два пэрыяды. Прыкладна да паловы 30-х гадоў Шапэн іграе на вялікіх канцэртах, як адзін з выканаўцаў. Таксама ён шмат іграе ў салёнах, але гэта ён шукае, дзе можа выступіць. У другой палове 30-х гадоў сытуацыя мяняецца. Кампазытар можа дазволіць сабе адмовіцца ад вялікіх канцэртаў, якіх ён не любіў, можа іграць ўласныя канцэрты, якія сам плянуе. Пад канец 30-х гадоў Шапэн мог дазволіць сабе іграць рэдка й выступаць толькі ў выбраных салёнах, сярод выбраных людзей. 

Мацей Яніцкі кажа, што галоўнымі слухачамі Шапэна былі мяшчане. У часе, калі Шапэн жыў, мяшчане ў Парыжы станавіліся вельмі важнай сацыяльнаю й палітычнаю сілаю. Шапэн ведаў, што гэта будзе група, якая зразумее яго самога й яго музыку.

М. Яніцкі: Таму галоўным адрасатам музыкі кампазытара было мяшчанства: банкіры, дыпляматы, а таксама асяродзьдзе артыстаў. У сваю чаргу, Шапэн не іграў у салёнах радавітай францускай арыстакратыі. Дасьледчыкі мяркуюць, што рэцэнзіі, у якіх пісалася, што Шапэн – гэта арыстакратычны кампазытар, пісалі мяшчане, а не арыстакраты. Гэта было такое імкненьне мяшчан апынуцца ў вышэйшым сацыяльным слоі. І, канечне, нельга забыць пра палякаў. Кола польскіх прыхільнікаў Шапэна было вялікім: гэта й вядомыя польскія роды, як Чартарыскія, але й звычайныя эмігранты.

Фрыдэрык Шапэн дасягнуў мэты й добра адчуваў сябе ў Францыі. Ён знайшоў сваё творчае асяродзьдзе на найвышэйшым эўрапейскім узроўні, у яго была група сваіх вучняў. Мацей Яніцкі мяркуе, што пераломнай датай стаў канец 30-х гадоў. Менавіта тады кампазытар пачаў сябе добра адчуваць у Францыі.

Яшчэ адным важным месцам у Францыі для Шапэна стала мясцовасьць Ноан, дзе ён праводзіў летні пэрыяд цягам шасьці гадоў. Гэтае месца было раем для кампазытара, туды ён уцякаў ад усяго сьвета й пісаў музыку.

16 лютага 1848 году ён даў апошні канцэрт у Парыжы. Шапэн сам ня ведаў, што гэтым выступам ён разьвітваецца з Парыжам і яго публікай. Празь некалькі тыдняў кампазытар выехаў у Англію, але там яго здароўе толькі пагоршылася. Пасьля вяртаньня ў Францыю 17 кастрычніка 1849 году Фрыдэрык Шапэн памёр. Яго пахавалі на парыскіх могілках Père Lachaise.

Алена Пытэль