Трое чалавек загінулі, а сямнаццаць пацярпелі ў выніку тэракту ля будынка парляманту Чачні ў Грозным. Баявікі трапілі на тэрыторыю дзяржустановы й адкрылі агонь. На месца здарэньня прыбылі антытэрарысты й спэцслужбы. Акцыя па ліквідацыі тэрарыстаў працягвалася некалькі гадзінаў.
Сёньня раніцай, калі машыны з дэпутатамі заязджалі на тэрыторыю парляманту рэспублікі, за імі заехаў легкавы аўтамабіль з тэрарыстамі. Адзін зь іх падарваў на сабе выбуховае прыстасаваньне, іншыя прарваліся да будынка парляманту, завязалася перастрэлка. Увесь грамадзянскі пэрсанал быў эвакуяваны, тэрыторыя заблякаваная.
Перадае маскоўскі карэспандэнт Польскага радыё Мацей Ястшэмбскі:
М. Ястшэмбскі: У спробе захопу прымалі ўдзел тры баевікі. Адзін зь іх падарваў сябе непасрэдна ля будынка парляманту, двое іншых трапілі ў будынак і забарыкадаваліся на першым паверсе. Ёсьць зьвесткі, што было яшчэ некалькі баявікоў, якія ў той час уварваліся ў будынак Міністэрства сельскай гаспадркі. Апэрацыяй па ліквідацыі тэрарыстаў кіраваў асабіста прэзыдэнт Чачні Рамзан Кадыраў. У Чачні знаходзіцца таксама міністар унутраных справаў Рашыд Нургаліеў.
У тым жа будынку, дзе засядае чачэнскі парлямант, разьмешчана й Міністэрства сельскай гаспадаркі, паведамлялася, што нападу падверглася менавіта гэтае крыло будынка.
Невядома, хто адказвае за замахі ў будынку парляманту. Спэцыяліст па справах Каўказу з варшаўскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Войцех Гурэцкі зьвяртае ўвагу на тое, што за замах могуць быць адказныя групы паўстанцаў. У Чачні іх сёньня дзьве – першая пад кіраўніцтвам гэтак званага лідара Каўкаскага эмірату Доку Ўмарава, а другая – пад кіраўніцтвам Гасана Гакаева. Абедзьве групы канкуруюць паміж сабой.
В. Гурэцкі: Першае, што прыходзіць у галаву, што гэта доказ адной групы другой, хто насамрэч галоўны ў падпольлі. Калі цягам бліжэйшых гадзін зьявіцца інфармацыя пра вінаватых, то можна будзе зрабіць выснову, ці насамрэч гэта быў Умараў, які хоча даказаць, што ён галоўны, альбо іншая група імкнецца давесьці тое самае пра сябе.
Паводле Гурэцкага, гэта далёка не апошні тэрарыстычны замах у Чачні.
В. Гурэцкі: Калі падзел паміж баевікамі насамрэч сур’ёзны й дзейнічаюць дзьве асобы, якія прэтэндуюць за званьне лідара, то можна спадзявацца чарговых замахаў. Аде малаверагодна, каб з гэтага нарадзілася нейкае сур’ёзнае змаганьне. Бо чачэнскае падпольле ня мае сёньня ані сілы, ані патэнцыялу.
Парлямант Чачні складаецца з 41 дэпутата, яго склад быў абноўлены ў кастрычніку 2008 году. 37 месцаў у парляманце ў партыі «Адзіная Расея», чатыры - у «Справядлівай Расеі». Дэпутацкі корпус цалкам ляяльны ўладам рэспублікі.
Гэта ня першы выпадак нападу тэрарыстаў на будынкі, у якіх знаходзяцца ворганы ўлады Чачэнскай Рэспублікі. Найбольш буйны тэракт такога роду адбыўся 27 сьнежня 2002 году, калі будынак ураду Чачні пратаранілі два загружаныя выбухоўкай аўтамабілі. У выніку выбухаў быў практычна зьнішчаны будынак, загінулі 72 асобы, 210 чалавек атрымалі раненьні.
Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па зьнешняй палітыцы й палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан абурана нападам тэрарыстаў на будынак парляманту Чачні, - паведаміла яе прэс-служба ў аўторак у Брусэлі.
“Ніякія абставіны ня могуць апраўдаць выкарыстаньня тэрарыстычнага гвалту й нападаў тэрарыстаў-самагубцаў”, - гаворыцца ў заяве.
Эштан пацьвердзіла цьвёрдую гатоўнасьць ЭЗ супрацоўнічаць з Расеяй у барацьбе супраць міжнароднага тэрарызму.
Дзьмітры Гурневіч