Праз 60 дзён у Беларусі адбудуцца 4-я ў гісторыі краіны прэзыдэнцкія выбары. У адпаведнасьці з заканадаўствам за 60 дзён да выбараў павінны сфарміраваца выбарчыя ўчасткі па-за межамі краіны.
Яны знаходзяцца ў дыпляматычных установах. Арганізацыя й правядзеньне галасаваньня за мяжой будзе ўскладзена на кіраўнікоў беларускіх дыпляматычных місіяў і прадастаўніцтваў.
Паколькі дыпляматычныя ўстановы падпарадкоўваюцца Міністэрству замежных справаў, а яно знаходзіцца на тэрыторыі Ленінскай раённай камісіі Менску, то й выбарчыя галасы беларусаў, аддадзеныя за мяжой, будуць далічаныя да гэтай пляцоўкі.
Сёлета прагаласаваць у прэзыдэнцкіх выбарах можна будзе ў 44 камісіях, якія будуць створаныя ў 34 краінах сьвету.
Паводле інфармацыі ЦВК, найбольшая колькасьць выбарчых участкаў для галасаваньня – па 4 - будзе ў Польшчы й Расеі. Жадаючыя змогуць прагаласаваць у расейскіх гарадох: Маскве, Санкт-Пецярбурзе, Калінінградзе й Краснадары.
У Польшчы ў беларускіх дыпляматычных установах ужо створаныя выбарчыя камісіі, інфармуе прэс-сакратар беларускай амбасады ў Варшаве Алякcей Зелянко.
Алякcей Зелянко: Участкі сфарміраваныя. Цяпер будзе нададзены нумар кожнаму выбарчаму ўчастку. Рыхтуюцца лісты - паведамленьні для выбаршчыкаў. У беларускай амбасадзе ў Варшаве на пастаянным консульскім уліку знаходзіцца 616 асобаў. Але гэта не азначае, што толькі гэтыя асобы змогуць галасаваць. Кожны, хто прыдзе ў амбасаду зь беларускім пашпартам, мае права прагаласаваць. Такія асобы будуць унесеныя ў дадатковыя сьпісы. У днях з 14 па 18 сьнежня адбудзецца датэрміновае галасаваньне ад 10 да 14 й ад 16 да 19 гадзіны. Пра выбары мы будзем інфармаваць у польскіх СМІ, а таксама інфармацыя будзе зьмешчана на сайце амбасады.
Падобным чынам сытуацыя выглядае і ў беларускіх дыппляцоўках у іншых краінах.
А вось ці самі беларусы, якія жывуць у іншых краінах, зацікаўленыя выбарамі? Кіраўнік Асацыяцыі беларусаў Эстоніі Ніна Савінава кажа, што ў Эстоніі суайчыньнікаў вельмі цікавяць выбарчыя справы.
Ніна Савінава: Значная частка беларусаў цікавяцца, сочаць за тымі, хто можа давесьці беларускаму народу пасьля столькіх гадоў кіраваньня Лукашэнкі, што ёсьць іншыя кандыдаты, ёсьць сілы, ёсьць магчымасьці. Я ведаю, што ў Эстоніі многія чакаюць на новага прэзыдэнта. Бог яго ведае, як далей складуцца адносіны з ЭЗ, Расеяй і іншымі краінамі постсавецкай прасторы, але беларусам у Эстоніі гэта неабыякава. Таму ўсе сочым і чакаем такога лідара.
Беларусы, якія жывуць у Чэхіі, таксама цікавяцца надыходзячымі выбарамі, - кажа Ўладзіслаў Яндзюк.
Уладзіслаў Яндзюк: Трэба сказаць, што беларусы ў Чэхіі дзеляцца якбы на дзьве катэгорыі: адна вялікая частка зьехала па палітычных прычынах і ня можа вяртацца, другая частка - гэта беларускія студэнты, якія тут вучацца. Уцекачы сочаць за беларускімі падзеямі, але ня могуць прымаць актыўнага ўдзелу ў выбарчых працэсах. А беларускія студэнты актыўна ставяцца да гэтай падзеі й частка зь іх нават зьбіраецца нейкім чынам паспрабаваць манітараваць гэтую працэдуру ў беларускай амбасадзе ў Празе.
Сёлета ўпершыню беларусы змогуць галасаваць у Вэнэсуэле й Славэніі.
Нагадаю, выбары прэзыдэнта Беларусі адбудуцца ў нядзелю 19 сьнежня. Выбарчыя камісіі пры беларускіх дыпляматычых пляцоўках будуць працаваць ад 8-й да 20- й гадзіны.
Караліна Русіновіч