Першым, хто спрабаваў вызначыць этнаграфічныя межы расьсяленьня беларускага народу, быў А.Ф. Рыттых. У выніку праведзеных ім досьледаў была складзена ды надрукаваная ў 1875 годзе ў Пецярбурзе Этнаграфічная карта эўрапейскае Расеі, дзе першы раз былі зарысаваныя этнаграфічныя межы беларускай нацыянальнай прасторы. На пачатку XX стагодзьдзя Яўхім Карскі апрацаваў Этнаграфічную карту беларускага племені, якая была зьмешчаная ў І томе ягонай працы Беларусы.
Калі ў 1917-1920 гадох – у пару Ўсебеларускага кангрэсу ды тварэньня Беларускае Народнае Рэспублікі – беларускія палітыкі й дзяржаўныя дзеячы сталі перад канкрэтным заданьнем вызначэньня дзяржаўных межаў БНР, яны ў сваёй працы абаперліся на апублікаваныя раней матэрыялы й карты. Надрукаваная ў 1919 годзе Этнаграфічная карта Беларускай Народнай Рэспублікі ў асноўных рысах ахоплівала прастору, зазначаную на картах Рыттыха й Карскага. Ёсьць на ёй некалькі паправак. Найбольш істотная датычыць паўдзённага захаду. У межы Беларусі былі ўключаны Берасьцейшчына й Піншчына – абшары, якія, з увагі на ўкраінскія моўныя ўплывы, пакідаліся па-за беларускай этнаграфічнай прасторай.
Этнаграфічныя межы Беларусі абмяркоўваліся на старонках такіх беларускіх эміграцыйных выданьняў, як: ,,Аб’еднаньне”, „Бацькаўшчына”, „Беларуская Думка”, „Веда”, „Запісы”, „Крывіч”, „Навіны зь Беларусі”. Гэтым пытаньнем цікавіліся: М. Агнявіда, А. Багровіч, У. Глыбінны, І. Касяк, Р. Максімовіч, А. Матач, Я .Станкевіч, В. Сянькевіч, Чулы Назіральнік, Licwin-Hudas-Krews.
Лёнданскі часопіс ,,Аб’еднаньне” паведамляў, што беларуская мова пашырана далёка на ўсход. На карце ўсходнеславянскіх дыялектаў, апрацаванай Маскоўскай дыялекталягічнай камісіяй, беларускія дыялекты пашыраны амаль па ўсёй Смаленшчыне і ў большай частцы Калужскай губэрні. Беларускія ўплывы на расейскія гаворкі адзначаны на гэтай карце амаль ва ўсёй Пскоўскай губэрні і ў паўднёва-заходняй частцы Цьверскай губэрні (Беларусы, у: ,, Аб’еднаньне”, № 7 (16), Лёндан, ліпень 1949, с. 6-10; с. 7).
М. Агнявіда прыводзіць цэлы шэраг аўтараў, якія не адважыліся пераходныя беларуска-расейскія гаворкі Пскоўшчыны залічыць да расейскага моўнага арэалу. Гэта, між іншым, Р. І. Аванесаў (Очерки русской диалектологии, ч. І, Москва 1949), П. С. Кузнецоў (Русская диалектология, Москва 1954), П. Я. Черных (Историческая ґрамматика русского языка, Москва 1954). В. Курашкевіч (Zarys dialektologii wschodnio-słowiańskiej, Warszawa 1954), Т. Лер-Сплавіньскі, В. Курашкевіч, Ф. Слаўскі (Przegląd i charakterystyka języków słowiańskich, Warszawa 1954) (М. Агнявіда, Этнаграфічны прастор Беларусі, у: „Бацькаўшчына”, №№ 24-25 (410-411), Мюнхэн, 29 чэрвеня 1958 с. 6-7).
Беручы пад увагу ўсе лінгвагеаграфічныя апрацоўкі, Андрэй Багровіч адзначыў на старонках нью-ёрскага часопіса „Запісы”, што:
„На этнаграфічных і моўных картах расейскіх навукоўцаў, пачынаючы ад „Этнаграфічнае карты эўрапэйскае Расеі” Рыттыха 1875 году (А. Ф. Риттих, Этнографическая карта европейской России, Санкт-Петербург 1875), Смаленск і Смаленшчына, заходняя Браншчына, Невельшчына й паўдзённыя часткі Пскоўшчыны адзначаюцца як тэрыторыі бясспрэчна беларускія. Гэтак ёсьць на картах Карскага з 1903 (Е. Ф. Карский, Белоруссы, т. І, Варшава 1903), 1917 ды іншых гадоў (Е. Ф. Карский, Этнографическая карта белорусского племени. Труды Комиссии по изучению племенного состава населения России, Петроград 1917. Карта гэтая была перавыдадзеная ў гадох 1918, 1920, 1921), на карце Маскоўскае Дыялекталягічнае Камісіі 1915 году (Н. Н. Дурново, Н. Н. Соколов, Д. Н. Ушаков, Опыт диалектологической карты русского языка в Европе, с приложением очерка русской диалектологии. Труды Московской Диалектологической Комиссии, ч. V, Москва 1915), на паваенных цяперашніх картах расейскіх моваведаў: Аванесава з 1949 (Р. И. Аванесов, Очерки русской диалектологии, ч. І, Москва 1949), Черных (П. Я. Черных, Историческая грамматика русского языка, Москва 1954) і Кузняцова з 1954 і пазьнейшых гадоў (П. С. Кузнецов, Русская диалектология, Москва 1954, 1960). Тэрыторыі гэтыя былі таксама адзначаныя як беларускія пастановаю І-га зьезду Камуністычнае Партыі (бальшавікоў) Беларусі з 30 сьнежня 1918 году аб межах Беларускае савецкае рэспублікі. У параграфе 4-м гэтае пастановы гаворыцца, што ў склад Беларускае рэспублікі мае ўходзіць Смаленскі «раён» разам з падраёнамі Смаленскім, Бельскім, Духаўшчынскім, Парэцкім, (Дзямідаўскім), Дарагабускім, Ельнінскім, Красінскім і Рослаўскім; «раён» Гомельскі з падраёнамі Сураскім, Мглінскім, Старадубскім; «раён» Віцебскі з падраёнамі Вяліскім, Невельскім і Себежскім (Из истории установления советской власти в Белоруссии и образовании БССР. Документы и материалы по истории Белоруссии, т. ІV, Минск 1954, с. 446-447). Вось усе гэтыя «падраёны» свае-ж «саюзнае» Беларускае рэспублікі Масква пазьней забрала й далучыла да Расейскае РФСР” (Андрэй Багровіч, Жыхарства Беларускае ССР у сьвятле перапісу 1959 году, у: „Запісы”, кн. 1, Мюнхэн 1962, с. 75-76).
А. Багровіч падкрэсьліў, што:
„нягледзячы на шматлікія гістарычныя, этнаграфічныя й лінгвістычныя пацьверджаньні расейскіх навукоўцаў у беларускасьці гэтых прастораў, асабліва паводля мовы, і наўсуперак факту, што тэрытарыяльная маса жыхарства гэтых прастораў і сяньня гавора пабеларуску, у часе ўсіх расейскіх перапісаў – 1897, 1926, 1939 і 1959 гадоў – жыхары гэтых тэрыторыяў і расейскімі царскімі, і расейскімі савецкімі перапішчыкамі былі заўсёды й пагалоўна запісваныя ў Расейцы ня толькі паводля нацыянальнасьці, але й паводля мовы” (тамсама, с. 76).
Ніна Баршчэўская