• Завяршаецца XVІ Міжнародны піяністычны конкурс імя Фрыдэрыка Шапэна
  • 20.10.2010

Завяршаецца XVІ Міжнародны піяністычны конкурс імя Фрыдэрыка Шапэна. Пераможцаў чакае шэсьць галоўных узнагародаў. Ляўрэат першай узнагароды атрымае залаты мэдаль, лаўровы вянок, тытул пераможцы 16 Міжнароднага конкурсу, а таксама выступы разам з артыстамі Нью-Ёрскай філярмоніі.

Выступы маладых артыстаў сёлета ацэньвала журы, члены якога зьяўляюцца вядомымі піяністамі, якія выступаюць у многіх краінах сьвету. Гэта, між іншым, Анджэй Ясіньскі, Марта Аргерых, Данг Тай Сон, Бэлла Давідовіч, Філіп Энтрэмонт, Нэльсан Фрайрэ, Адам Гарасевіч, Кэвін Кэннэр.

За спаборніцтвам удзельнікаў конкурсу сочаць амаль 100 радыё- і тэлестанцыяў з усяго сьвету. Кожны дзень на вуліцах Варшавы раздаюцца адмысловыя інфарматары аб чарговых этапах конкурсу.

Імёны пераможцаў будуць вядомыя неўзабаве.

Ірына Дарафеева прыехала ў польскі горад Шчэцінэк з сольным канцэртам па запрашэньні Генэральнага консульства Беларусі ў Гданьску. Месца сустрэчы выбранае невыпадкова. Сёлета горад адзначае сваё 700-годзьдзе.

Як адзначыў генконсул Руслан Есін, у горадзе жыве шматлікая група выхадцаў зь Беларусі. Пры нагодзе адбудзецца адзначэньне лідэра беларускай меншасьці Заходнепаморскага ваяводзтва Пятра Стакуця. Яму будзе ўручана грамата Ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацменшасьцяў Беларусі.

Ірына Дарафеева засьпявае песьні на беларускай, польскай і расейскай мовах.

У сваю чаргу 21 кастрычніка ў Гданьску адбудзецца канцэрт аркестра ўпраўленьня ўнутранымі справамі Менскага гарвыканкаму пад кіраўніцтвам Льва Карпенкі.

паводле БелТА


У Вільні ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце 20 кастрычніка адбылася прэзэнтацыя кнігі „Сонца тваё не закоціцца, і месяц твой не схаваецца”. Прэзэнтацыя была прысьвечана 80-годзьдзю з дня нараджэньня й 50-гадзьдзю сьвятарскіх пасьвечаньняў айца Аляксандра Надсана, які асабіста прымаў удзел у прэзэнтацыі кнігі.

Кніга „Сонца тваё не закоціцца, і месяц твой не схаваецца” – гэта выданьне, якое зьмяшчае навуковыя артукулы й творы 25 пісьменьнікаў, прысьвечаныя вельмі розным тэмам – лінгвістыцы, архэалёгіі, скарынаведаньню, чарнобыльскай катастрофе, гісторыі царквы ды іншым.


«Днюка» – дакумэнтальная стужка тэлеканалу «Белсат» – пазмагаецца з найлепшымі фільмамі сьвету за ўзнагароду Міжнароднага фэстывалю дакумэнтальных фільмаў у Амстэрдаме IDFA. Міжнароднае журы фэстывалю абрала фільм беларускага рэжысэра Андрэя Куцілы для ўдзелу ў конкурсе студэнцкіх фільмаў сярод трынаццаці іншых стужак зь дзесяці краінаў сьвету.

Фільм здымалі ў вёсцы Лышча на Піншчыне. «Днюка» распавядае пра паўсядзённасьць палескага сяла. Гэта вельмі маляўнічы й натуралістычны вобраз мікракосмасу людзей сталага веку, часам сьмешны, часам журботны.

Міжнародны фэстываль дакумэнтальных фільмаў у Амстэрдаме – адзін з самых прэстыжных і важных на плянэце. Штогод у нідэрляндзкую сталіцу зьязджаюцца сотні дакумэнталістаў, прадусараў і прадстаўнікоў тэлеканалу з усяго сьвету.

Імпрэза пройдзе 17–28 лістапада 2010 г. Беларуская «Днюка» ўдзельнічае ў ім пад назваю "Kill the day".

У польскай сталіцы адбыўся 26-ты міжнародны Варшаўскі кінафэстываль. У рамках фінальнага дня кінаагляду былі паказаныя фільмы-ляўрэаты конкурснай праграмы.
Галоўную ўзнагароду фэстывалю “Варшава Гран-пры” атрымала кінакарціна “Пажары” квэбэцкага рэжысэра Дзяніса Вільнёва, якая будзе прадстаўляць Канаду ў катэгорыі “Лепшая замежная карціна” на прэміі “Оскар”. У фільме распавядаецца пра сясьцёр-двайнятак, якія ў перадсьмяротным завяшчаньні маці даведаліся аб існаваньні бацькі й брата. На іх пошукі яны адпраўляюцца на Блізкі Ўсход, каб разблытаць таямніцы сямейнай гісторыі.

Лепшай дакумэнтальнай працай была прызнаная стужка чэскага рэжысэра Вольгі Шпатовай “Вока над Прагай”, якая прысьвечана памяці архітэктара Яна Капліцкага.
Адразу дзьве ўзнагароды атрымаў фільм "Ускраіна” Богдана Георге Апэтры з Румыніі,  ён стаў прызёрам Міжнароднай Фэдэрацыі кінапрэсы й Спэцыяльнай прэміі журы.

Першым ляўрэатам літаратурнай прэміі імя Ганса Хрысьціяна Андэрсана стала брытанская пісьменьніца Джоан Роўлінг. Гэтая прэмія ўручаецца дзіцячым пісьменьнікам за блізкасьць ідэям Андэрсана.

Цырымонія ўручэньня прэміі адбылася 19 кастрычніка на радзіме Андэрсана, у дацкім горадзе Одэнсе. Грашовая ўзнагарода – каля 100 тысяч даляраў.

Атрымліваючы прэмію, Роўлінг заявіла, што дацкі пісьменьнік, аўтар “Русалачкі” й “Гадкага качаняці”, “стварыў неверагодна суцэльных, вечных герояў”.

“Андэрсан разумеў, што пісаць для дзяцей ня значыць разжоўваць той жа тэкст, які б ты напісаў для дарослых. Дзіцячыя кнігі не павінны быць сэнтымэнтальнымі й лагоднымі, іх нельга пазбаўляць інтрыгі", - адзначыла пісьменьніца.