30 круглых сутак у музэі
Гэта будзе найдаўжэйшая экскурсія па музэі.
Учора маладая амэрыканка пераехала ў Музэй навукі й прамысловасьці ў Чыкага, дзе яна будзе жыць цягам бліжэйшага месяца.
24-гадовая Кэйт Мак-Грорты (Kate Mc Groarty) перамагла ўсіх астатніх кандыдатаў, якія прэтэндавалі да ўдзелу ў асаблівым экспэрымэнце.
Цягам бліжэйшых 30 дзён Кэйт будзе карыстацца доступам да ўсіх музэйных экспанатаў, нават тых фондаў, якія недаступныя для сярэднестатыстычных наведвальнікаў.
Ейная задача – знаёміцца з навукай, даваць інтэрвію й праводзіць рознага роду дасьледаваньні. Пра ўсё гэта дзяўчына павінна паведамляць на сацыяльным сайце Twitter.
Паводле арганізатараў, згаданы праект будзе найбольшай выставай у жывым эфіры, а дзякуючы інтэрнэту, музэй у Чыкага пераўтворыцца ў найбольшы навуковы цэнтар на заходнім паўшар’і, адкрыты круглыя суткі.
Кэйт будзе жыць у музэйнай пляцоўцы да 18 лістапада. Пасьля заканчэньня сваёй місіі, у якасьці ўзнагароды яна атрымае 10 тысячаў даляраў.
Агародніна й садавіна: выстава фотаздымкаў
Гішпанскія дзеці ня хочуць есьці садавіны й агародніны. Таму, каб заахвоціць да гэтай здаровай звычкі, у Мадрыдзе быў арганізаваны конкурс фотаздымкаў, якія павінны паказаць садавіну й агародніну небанальным чынам.
У конкурсе перамог здымак, на якім дзяўчынка трымае у руках фотаапарат зроблены з … гарбуза. Другое месца заняў здымак прарэзанай на палову галоўкі салата, што надзіва падобнае да чалавечага мозгу. На трэцім месцы апынуўся здымак далоні, на якой побач ляжаць таблеткі й ягады вінаграду.
Неўзабаве найлепшыя конкурсныя працы можна будзе паглядзець у цэнтры Мадрыду. Пазьней выстава будзе паказвацца вучням базавых і сярэдніх школаў у Гішпаніі.
Арганізатары конкурсу спадзяюцца, што паказваючы каляровыя, прывабныя здымкі садавіны й агародніны, яны заахвоцяць дзяцей да іх спажываньня.
Deutsche Bahn будзе карыстацца Эўратунэлем пад пралівам Ля-Манш
Упершыню ў Лёндан прыехаў супэрхуткі, пасажырскі цягнік Deutsche Bahn.
Нямецкая чыгунка хоча наладзіць міждзяржаўныя спалучэньні Эўратунэлем пад пралівам Ля-Манш.
Нямецкія цягнікі будуць езьдзіць між Лёнданам, Амстэрдамам і Франкфуртам, праз Брусэль, Кёльн і Ратэрдам.
Deutsche Bahn мусіць яшчэ атрымаць сэртыфікат бясьпекі, але кіраўніцтва чыгункі перакананае, што ня будзе з гэтым ніякіх праблемаў.
Таксама фірма Эўратунэль, якая адмініструе доступам да тунэля, пераконвае, што магчымасьці падзямельнай цягі выкарыстоўваюцца толькі ў палове, а значыць для спалучэньняў нямецкай чыгункі напэўна знойдзецца месца.
Першыя хуткія цягнікі Inter-city 3 з кантынэнтальнай Эўропы ў Лёндан павінны стартаваць праз 3 гады.
Ген дэпрэсіі
Амэрыканскія навукоўцы адкрылі ген, які прычыняецца да ўзьнікненьня дэпрэсіі. Гэта дае надзею на стварэньне больш эфэктыўных лекаў супраць згаданай хваробы.
Ген называецца MKP-1. Ён быў зафіксаваны ў выніку дасьледаваньняў мозгаў каля 20 памерлых пацыентаў, якія пры жыцьці пакутавалі ад дэпрэсіі.
Будову мозгу хворых асобаў навукоўцы параўналі з мозгавымі клеткамі здаровых людзей. Аказалася, што ў хворых дэпрэсіяй ген MKP-1 удвая актыўнейшы й таму парушае правільную працу нэўронаў.
Згаданую тэорыю пацьвердзілі тэсты, праведзяныя на мышах.
Новы ген несумненна не зьяўляецца адзінай прычынай дэпрэсіі, але можа мець важны ўплыў на ўзьнікненьне хваробы. На падставе найноўшых дасьледаваньняў лекары хочуць апрацаваць новыя псыхатропныя лекі.
Дэпрэсія - гэта сур’ёзная хвароба, якая закранае больш за 10% людзей у сьвеце. Без фармакалягічнага лячэньня дэпрэсія можа давесьці хворага да самагубства.
Публікацыю навукоўцаў зь Yale University зьмяшчае на сваіх старонках тыднёвік „Nature”.
А.З.
Здымкі: pl.wikipedia.org