Учора, паважаныя радыёслухачы, я вярнуўся са службовай паездкі са Шчацінка – гораду ў Заходнепаморскім ваяводзтве, адміністрацыйным цэнтрам якога зьяўляецца партовы Шчэцін. І сёньня хачу распавесьці Вам пра гэты гарадок.
Шчацінак зьяўляецца цэнтрам павету, у горадзе пражывае больш за 40 тыс. жыхароў. Гэта – звычайны польскі гарадок, аднак зь цікавай гісторыяй.
Шчацінак заснаваны ў 1310 годзе, у гэтым жа годзе атрымаў гарадзкія правы. Горад надзвычай зялёны – леса-паркавыя масівы займаюць каля 20% агульнай плошчы. У горадзе ёсьць тры азёры: Тшэсецка, Веліме й Вільчкова – любімыя месцы адпачынку мясцовых жыхароў ды турыстаў. Па возеры Тшэсецка ў сэзоне курсуе прагулачнае судна. У шчацінацкім гарадзкім парку шмат рэдкіх дрэваў ды расьлінаў. Дарэчы, нямецкі кампазытар Рыхард Штраўс так захапіўся прыгажосьцю гэтага парку, што пад яго ўплывам у 1934 годзе напісаў опэру “Дафнэ”. У Шчацінку захавалася нямала помнікаў архітэктуры ды гісторыі, напрыклад, будынак ратушы з 19-га стагодзьдзя, будынак гімназіі з таго ж стагодзьдзя, а таксама будынкі гарнізону нямецкай арміі з 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя.
Шчацінак быў заснаваны як абаронны горад, таму што разьмяшчаўся паміж азёрамі й цяжка даступнымі балотамі. Цягам вякоў горад пераходзіў з рук у рукі паміж славянамі й германцамі. Да Другой сусьветнай вайны Шчацінак уваходзіў у склад Нямеччыны й называўся Neustettin, што ў перакладзе азначае “новы Шчэцін”. У часы гітлерызму ў Шчацінку пабудаваны вялікія казарменныя будынкі, якія захаваліся па сёньняшні дзень. Менавіта са Шчацінка вырушыў на Польшчу 1 верасьня 1939 году 19-ы армейскі корпус генэрала Хайнца Гудэрана. Пасьля вайны Шчацінак – у межах Польшчы.
Горад і павет актыўна разьвіваюць міжнароднае супрацоўніцтва. Так, у жніўні бягучага году падпісана пагадненьне аб устанаўленьні партнэрскіх сувязяў паміж Шчацінацкім паветам і Лагойскім раёнам Менскай вобласьці. У горадзе пражывае таксама вялікая група выхадцаў зь Беларусі, якія перасяліліся на землі, далучаныя да Польшчы пасьля вайны, з Заходняй Беларусі.
В.С.