Спадар Тадэвуш - гэта прыклад чалавека, адоранага мноствам энэргіі, добразычлівасьцю, аптымізмам, цікавасьцю сьветe й людзей, адвагай, а таксама шчасьцем. Бо інакш немагчыма было б аб’езьдзіць цэлую Эўропу й Азію ўвадзіночку й зь некалькімі далярамі ў кішэні.
Тадэвуш Сталяжэўскі нарадзіўся ў 1934 годзе ў цэнтральна-ўсходняй частцы Польшчы. І праз шэсьць гадоў зьдзейсьніў першы ў сваім жыцьці паход.
Т. Сталяжэўскі: Вандраваць я пачаў ва ўзросьце шасьці гадоў, калі мы жылі ў прыгожым мястэчку Жэлехаве. Бацькі мне расказвалі, што там у лесе, у двух кілямэтрах ад дому, жывуць тыгры й іншыя дзікія зьвяры, і я захацеў іх убачыць. І давай у гэты лес! Але ж мая дварняжка Марс павяла іх за мною, і пад лесам мяне злавілі. Бацька мяне адшлёпаў і тады я зрабіў выснову на ўсё жыцьцё - кожны паход у сьвет трэба разумна рыхтаваць.
У часы ПНР, калі ўлады краіны моцна сьцераглі, каб грамадзяне не даведаліся, як жывуць людзі на Захадзе Эўропы, і замежны пашпарт было няпроста атрымаць, Тадэвуш Сталяжэўскі наведаў многія заходнія краіны.
Т. Сталяжэўскі: Я ня ведаю, што гэта віза. Пашпарт як мне далі, дык ён у мяне й быў, але я яго не паказваў на ніякай мяжы. У маладосьці я пачаў займацца ветразёвым спортам. Спачатку я стаў яхтсмэнам, потым рулявым, і рулявым марскіх суднаў, і гэта дало мне магчымасьць падарожнічаць на караблях. А там мне не была патрэбная віза. Празь нейкі час я стаў вядомым яхтсмэнам і публіцыстам у гэтай галіне, і таму часта бывала, што мне званілі з прапановай: „Тадэвуш, у нас рэйс у Стакгольм, едзеш з намі?”
Такім чынам спадар Тадэвуш убачыў многія заходнія краіны, аднак расчараваўся падыходам чалавека Захаду да жыцьця. Яму не спадабалася, што на жыцьцё там глядзяць праз прызму грошай і карысьці. І таму памяняў напрамак вандровак на Ўсход, дзе людзі менш карысьлівыя й больш схільныя дапамагаць іншым. У 1979 спадар Тадэвуш адправіўся ў сваю першую доўгую вандроўку.
Т. Сталяжэўскі: У 79-м годзе я, як супрацоўнік Дзяржаўнага інстытуту электронікі, атрымаў 150 амэрыканскіх даляраў. Узяў рукзак і паехаў аўтаспынам праз Каўказ, Іран, Афганістан, Пакістан, Індыю ў Нэпал, і вярнуўся праз Расею. Вандроўка працягвалася 2 месяцы. Я афіцыйна кажу, што ня ведаю ніякай замежнай мовы, таму што я не закончыў ніякага факультэту, але ….. я працаваў у патэнтавым бюро рэгістратарам патэнтаў. Я займаўся патэнтавым рысэрчам, гэта прагляд дакумэнтаў, літаратуры эўрапейскіх і іншых важных краін сьвету на прадмет таго, ці дадзенае вынаходніцтва ўжо не зарэгістравана. Такім чынам у мяне не было праблем з мовай, я крыху ведаю ангельскую мову. Але калі я зьбіраўся ў вандроўку, напрыклад, у Афганістан, то ж можна вывучыць 200 слоў на мове галоўнага афганскага племені. Ведаю крыху нямецкую.
Вандроўкі пана Тадэвуша не каштавалі дорага. Ён заўсёды на шляху сустракаў добразычлівых ды шчырых людзей.
Т. Сталяжэўскі: Я ніколі не карыстаюся гатэлем, начую ў маёй машыне й ем тое, што маю, ніколі ў рэстаранах. Ці вы калі чулі, што можна бясплатна запраўляць машыну? Я, калі вандраваў па Азіі, столькі разоў запраўляўся бясплатна, што палічыць не магу. Напрыклад, я ехаў вакол возера Ладага. Мой ГАЗ-ік усюды праедзе. Там зрэдку бачаць турыстаў, а паляка ўпершыню. Пад'язджаю да АЗС, выходзіць кіраўнік, я прашу заправіць крыху бэнзіну, крыху газу. Трымаю кашалёк і пытаюся: «Колькі мне плаціць?». А ён: «Гэтая машына нічога ня плаціць!». І я зноў 500 кілямэтраў магу спакойна ехаць.
Спадар Тадэвуш меў мноства шчасьця, бо хоць і ніколі ў пашпарце не было патрэбных штампаў, то ні разу яго не вярнулі зь мяжы, не затрымалі. Заўсёды прапускалі.
Т. Сталяжэўскі: Які гэта быў год? Пяць ці восем гадоў таму? Я ў Берасьці, хачу перасячы мяжу, а чарга на двое сутак. Але я, Тадэвуш Сталяжэўскі, з маёй машынай стаяць ня буду! Абыходжу чаргу, пад'язджаю на маім ГАЗе-69, памежнікі паглядзелі на мяне й пытаюць: «Тадэвуш, а ты куды зноўку едзеш?» «На Ўрал,» - адказваю. «А пашпарт ёсьць?». «Ну, так, як бы ёсьць.» «А ў Пінску быў? Ня быў??! Тады паехаў!!» Праз два месяцы я вяртаюся з Расеі ў Віцебск. Падыходжу на КПП, даю пашпарт. Малады памежнік вяртае дакумэнт і кліча свайго начальніка. Малады кажа, што я ў Расеі, а ў пашпарце ні сьледу таго, што я перакрочыў якую-небудзь мяжу. А начальнік да свайго падначаленага: „Тадэвуша тут увогуле не было! Зразумела?».
Тадэвуш Сталяжэўскі правандраваў некалькі дзясятак тысяч кілямэтраў на савецкім ГАЗе 1969 году выпуску, які ён сам адрамантаваў такім чынам, што машына ехала на ўсе віды паліва – бэнзін, нафту, газ, гарэлку. І гэтая арыгінальная машына, як сам вандроўнік кажа, была яго пропускам у многіх сытуацыях.
Сталяжэўскі вандраваў адзін, бо спачатку не было адважных на такое далёкае падарожжа, а потым ён прывык да адзіноты ў дарозе. Пра Тадэвуша Сталяжэўскага добрае слова скажуць і палякі, расьсеяныя па былым Савецкім Саюзе, бо на пачатку гэтага стагодзьдзя ён вазіў ім гуманітарную дапамогу. Завітаў таксама й да Саюзу палякаў Беларусі.
У 2008 годзе спадар Тадэвуш закончыў свой жыцьцёвы праект „Вандроўкі”. Здароўе не дазваляе, але з падарожжаў засталося мноства альбомаў з фатаграфіямі, а таксама лістоў ад знаёмых. Усё вельмі старанна ўпарадкавана й апісана.
Аповеды вандроўніка Тадэвуша Сталяжэўскага слухала Яланта Сьмялоўская.