У дзіцячых дамах у Варшаве жыве каля 750 дзяцей-сіротаў, а па ўсёй Польшчы іх каля 20 тысячаў. Тым часам у польскай сталіцы не хапае прыёмных сем’яў.
У гэткай сытуацыі ўзьнікла ідэя правядзеньня грамадзкай кампаніі „Ва ўтульнай сям’і”, за пасярэдніцтвам якой Цэнтар падтрымкі прыёмных сем’яў „ПОРТ” і варшаўская мэрыя шукаюць сем’яў, гатовых узяць на выхаваньне дзяцей-сіротаў.
Аўтары кампаніі спадзяюцца, што дзякуючы СМІ ды распаўсюду інфармацыі ўдасца папулярызаваць ідэю прыёмных бацькоў, як задавальняючай і творчай прафэсіі.
Шмат дзяцей, якія пражываюць у дзіцячых дамах, ня маюць шанцаў на ўсынаўленьне, паколькі іхная юрыдычная сытуацыя застаецца нявырашанай. Згаданыя дзеці маглі б выхоўвацца ў прыёмных сем’ях, якія прымаюць сіротаў на выхаваньне, атрымліваючы за гэта штомесячную зарплату.
Кіраўнік цэнтру ПОРТ Сыльвэстар Соцька падкрэсьлівае, што прыёмная сям’я - гэта прафэсія, якая можа даваць вялікае задавальненьне.
Сыльвэстар Соцька: Мы вельмі зацікаўленыя тым, каб зьвяртаць адпаведную увагу на прыёмныя сем’і; каб паказаць іхнае сапраўднае жыцьцё й дасягненьні. Мы хочам, каб пра ўсё гэта даведалася грамадзкая думка; каб грамадзтва разумела, якая гэта важная задача. Гэта ж нашыя дзеці, таму яны павінны разьвівацца і ўзрастаць у годных умовах, і мы павінны ім у гэтым дапамагчы.
Сыльвэстэр Соцька гарантуе, што кандыдаты на прыёмных бацькоў могуць спадзявацца шырокай падтрымкі з боку Цэнтру „ПОРТ”.
Перад тым, як гэткія асобы вырашаць стварыць ва ўласным доме прыёмную сям’ю, яны праходзяць падрабязную праверку ды атрымліваюць сапраўдную й дэталёвую інфармацыю на дадзеную тэму.
Сыльвэстар Соцька: Кожны, хто да нас зьвернецца, атрымае поўную інфармацыю на згаданую тэму. Калі ён захоча ўзяць на сябе гэткі абавязак, даведаецца, як павінен да яго падрыхтавацца, і чаго можа чакаць ад гэтай працы. Падчас курсаў, якія ладзіць наш цэнтар, прадугледжаныя сустрэчы зь дзейнымі прыёмнымі сем’ямі. Кандыдаты могуць непасрэсдна празмаўляць з асобамі, якія ў згаданай галіне маюць ужо досьвед – пра штодзённае жыцьцё такой сям’іі.
- гаварыў кіраўнік цэнтру ПОРТ Сыльвэстар Соцька.
Спадарства Галіна й Артур Бжазоўскія маюць адну біялягічную дачку, але некалькі гадоў таму вырашылі стварыць прыёмную сям’ю для траіх чужых дзяцей.
Сужонства прызнае, што згаданае рашэньне было прынятае пад уплывам грамадзкай кампаніі.
Галіна й Артур Бжазоўскія: Тады мы ўпершыню даведаліся, што можна прыняць чужое дзіця ў сям’ю; што разам з нашай дачкой можа выхоўвацца другая дзяўчынка. Мы дасьпявалі павольна. Калі аказалася, што першая дзяўчынка – Вікторыя - з намі зжылася, то мы падумалі, што можа яшчэ павялічыць сям’ю. Даць прытулак большай колькасьці дзяцей.
Спадар Бжазоўскі падкрэсьлівае, што дзеці, якія апынуліся ў іхнай сям’і, маюць складаныя жыцьцёвыя досьведы. Усё ж, калі жыцьцё гэткіх маладых людзей мяняецца, гэта дае апекунам асабліва шмат задавальненьня.
Артур Бжазоўскі: Яны ставяцца адзін да аднаго, як брат і сястра – сумуюць. А гэта ўзнагарода для нас, што ім тут добра. Вучоба прыходзіцца больш складана. Больш часу трэба прысьвяціць, каб яны вывучылі ўрокі.
- тлумачыць Артур Бжазоўскі.
Прыёмная сям’я зьяўляецца формай апекі над дзецьмі, якія часткова альбо суцэльна пазбаўленыя апекі біялягічных бацькоў.
Яна гарантуе дзіцяці магчымасьць выхоўвацца ва ўтульнай сямейнай атмасфэры. Гэта альтэрнатыва для дзіцячых дамоў, якая гарантуе правільныя ўмовы разьвіцьця пры адначасовай падтрымцы сувязяў зь біялягічнымі бацькамі.
Дзякуючы юрыдычным урэгуляваньням, прыёмная сям’я - гэта ня толькі місія, але таксама прафэсія. Апрача зарплаты прыёмныя бацькі могуць карыстацца юрыдычнымі, пэдагагічнымі й псыхалягічнымі кансультацыямі.
Гэтаму служыць, між іншым, Цэнтар падтрымкі прыёмных сем’яў ПОРТ, пакліканы мэрыяй Варшавы з мэтай падтрымкі сем’яў, якія ўзялі на сябе абавязак выхоўваньня дзяцей-сіротаў.
Кампанія „Ва ўтульнай сям’і” праходзіць пры падтрымцы жонкі польскага прэзыдэнта Анны Камароўскай.
А.З.