Як паведамлялася раней у нашым эфіры, у жніўні бягучага году паміж Лагойскім раёнам Менскай вобласьці й Шчацінацкім паветам Заходнепаморскага ваяводзтва было падпісана пагадненьне аб супрацоўніцтве. Пра пляны й пэрспэктывы супрацы зь беларускім раёнам мы гутарым з Кшыштафам Лісам – старастам Шчацінацкага павету.
Раскажыце, калі ласка, пра гісторыю ўстанаўленьня адносін паміж Лагойскім раёнам і Шчацінацкім паветам?
К. Ліс: Нішто не адбываецца проста так. Некалькі нашых прадпрымальнікаў ужо даўно супрацоўнічаюць зь беларускімі фірмамі. І такім чынам, пры падтрымцы генэральнага консула Беларусі ў Гданьску Руслана Есіна зьявілася ідэя арганізаваць паездку нашых дзелавых колаў ды прадстаўнікоў адміністрацыі ў Беларусь. Беларускі бок выслаў запрашэньне маршалку Заходнепаморскага ваяводзтва, а я прадстаўляў муніцыпальныя ўлады рэгіёна. Дзякуючы візыту было падпісана пагадненьне аб партнэрскіх адносінах паміж Заходнепаморскім ваяводзтвам і Менскай вобласьцю, крыху пазьней было падпісана пагадненьне паміж менскім аддзяленьнем Беларускай гандлёва-прамысловай палаты й польскай Паўночнай гаспадарчай палатай. Ну, а пазьней ужо была падпісана дамова паміж Лагойскім раёнам і Шчацінацкім паветам.
А ў якіх галінах грамадзкага жыцьця Ваш павет зацікаўлены супрацоўніцтвам з Лагойскім раёнам?
К. Ліс: Перад падпісаньнем пагадненьня мы былі ў трох раёнах Менскай вобласьці. А Лагойск быў выбраны таму, што ў нас многа агульнага, напрыклад, турызм. У Лагойску ёсьць інфраструктура для зімовых відаў спорту, там трэніруюцца біятляністы, прычым ня толькі зь Беларусі, але й зь іншых краін. А ў Шчацінку ды акалічных гмінах таксама надзвычай інтэнсіўна разьвіваецца турызм. Іншае пытаньне – гэта гандлёва-эканамічны абмен. Шчацінацкія фірмы, асабліва “Кранаспан”, сур’ёзна думаюць аб інвэставаньні ў Беларусі. У нас добра разьвітая электратэхнічная прамысловасьць, і ў гэтай галіне мы таксама бачым пэрспэктывы супрацоўніцтва. Я думаю, што мы можам наладзіць эфэктыўны абмен досьведам у розных галінах, напрыклад, у сфэры культуры й эканомікі. У нас ёсьць таксама шанец атрымаць сродкі з Эўрапейскага Зьвязу на супольныя міжнародныя міжрэгіянальныя праекты.
А з рэгіёнамі ў якіх краінах, акрамя Беларусі, супрацоўнічае Шчацінацкі павет?
К. Ліс: Мы супрацоўнічаем зь нямецкім рэгіёнам. Калі ж казаць пра горад Шчацінак, то ужо многа гадоў мы падтрымліваем адносіны з Францыяй, Швэцыяй, Галяндыяй ды Нямеччынай. Супрацоўніцтва з Лагойскім раёнам зьяўляецца нашым своеасаблівым пачаткам дарогі ва Ўсходнюю Эўропу. А вось сярэднія навучальныя ўстановы Шчацінацкага павету супрацоўнічаюць зь Летувой, Румыніяй, Францыяй ды нават з краінай Малі ў Цэнтральнай Афрыцы.
Вельмі цікава... А калі казаць пра Малі, то ў чым заключаецца супраца?
К. Ліс: Было некалькі візытаў, пакуль што малійцаў да нас. Школа ў Малі супрацоўнічае з нашым прафэсійна-тэхнічным вучылішчам, дзе прафэсію атрымліваюць садоўнікі й агароднікі. Маладыя людзі з Малі былі ў нас на практыцы ў гаспадарках, дзе вырошчваюцца кветкі.
Дзякуй за размову.
Размаўляў Валера Саўко