• Запрашаем у Польшчу - Судэты
  • Audio2.5 MB
  • 29.10.2010

Сёньня, шаноўныя слухачы, запрашаем вас у адзін з самых прыгожых куткоў Польшчы - Судэты.

Судэты – гэта горны храбет, які ахоплівае паўднёва-заходнюю Польшчу, паўночную Чэхію й кавалак Нямеччыны. Назва Судэты паходзіць з ІІ стагодзьдзя нашай эры. Упершыню яе выкарыстаў грэцкі географ і астраном Кляўдый Пталімей, аўтар „Уступу да геаграфіі”. Ён разьмесьціў горы на мапе Вялікай Нямеччыны й Сармацыі пад назвай Sudeti Montes. Першапачаткова назва магла азначаць „Лес дзікоў альбо лес дзікіх сьвіней”. Самым высокім горным пікам зьяўляецца Сьнежка - вышыня 1602 над узроўнем мора.

У Судэтах сустракаюцца шмат культураў і традыцыяў. У судэцкіх мясцовасьцях ёсць шмат цікавых месцаў, помнікаў архітэктуры, гісторыі й культуры.

Адным з найбольш вядомых гарадоў Судэтчыны зьяўляецца Еленя Гура. Яна ляжыць на галоўным храбце Кaрканошаў. Горад быў заснаваны ў 1108 годзе. Да ягонага хуткага разьвіцьця спрычынілілася горназдабываючая прамысловасьць. Ад паловы XIX стагодзьдзя ў Еленяй Гуры пачалі разьвівацца турызм і гарналыжны спорт. Аднак ня гэты горад зьяўляецца зімовай сталіцай Судэтаў.

Кожныя горы маюць сваю сталіцу. Так, як Закапанэ зьяўляецца сталіцай Татраў, так сталіцай Судэтаў можна назваць Шклярскую Парэмбу. Гэта горад у Заходніх Судэтах, ляжыць на памежжы Карканошаў ды Ізэрскіх гор у даліне Каменнай і Каменьчыка на вышыні ад 450 да 890 мэтраў над узроўнем мора.

У гэтым месцы турызм знаходзіцца на высокім узроўні. Штогод там адбываецца вялікая спартовая імпрэза „Bieg Piastów”. Аматарам зімовага спорту спрыяюць кліматычныя ўмовы, паколькі снег у вышэйшых горных масывах ляжыць ад лістапада да траўня.

Калі нехта не зьяўляецца аматарам лыжаў, можа перасесьці на ровар альбо прайсьціся ўласнай хадой, паколькі ёсьць шмат роварных сьцежак і прагулачных шляхоў. А мясцовыя краявіды спрыяюць прагулкам, падчас якіх можна пабачыць прыгожыя пячоры, вадаспады, горныя крыніцы й рачулкі ды цудоўную горную флёру й фаўну.
 
А калі надакучаць горы, можна прайсьціся па горадзе й наведаць шэраг музэяў, пачаўшы ад Музэя гусараў, праз Музэй мэблі, патрапіць у Музэй энэргетыкі. А ўсё гэта чакае вас у Судэтах. Прыемнага адпачынку!

КР