• „Выбуховыя” пасылкі ляталі па Эўропе
  • Audio3.24 MB
  • 03.11.2010

Сэрыя неспадзяваных выбухаў адбылася ў амбасадах некалькіх эўрапейскіх краінаў, якія знаходзяцца ў Грэцыі. На лётнішчах у Італіі й Нямеччыне правяраюцца ўсе пасылкі, якія прыляцелі з Грэцыі. Адпаведныя грэцкія й эўрапейскія ведамствы правяраюць, хто стаіць за высылкай „выбуховых пасылак”.

Некалькі падазроных пасылак знайшла ў аўторак на лётнішчы ў Атэнах й абясшкодзіла грэцкая паліцыя. Пасылкі былі адрасаваныя ў Эўраполь зь сядзібай у Гаазе, а таксама ў Эўрапейскі трыбунал справядлівасьці ў Люксэмбургу. У пасылках знаходзіліся кніжкі, паміж якімі было схаванае выбуховае рэчыва.

Крыху менш пашчасьціла працаўнікам некаторых эўрапейскіх амбасадаў у Атэнах. У панядзелак і аўторак у нямецкую, швайцарскую, балгарскую, расейскую, бэльгійскую, а нават чылійскую й мэксыканскую амбасады патрапілі пасылкі з выбуховым прыстасаваньнем. У аўторак бомбы выбухнулі ў амбасадах Швайцарыі й Расеі, на шчасьце не было ахвяраў.

У аўторак у кур’ерскай фірме былі перахопленая чарговыя „выбуховыя” пасылкі, адрасаваныя ў нямецкую й галяндзкую амбасады.

У дыпляматычных прадстаўніцтвах, якія знаходзяцца ў Атэнах, уведзена надзвычайнае становішча. Сапэры правяраюць усю карэспандэнцыю, якая трапляе ў пляцоўкі.  Райца польскай амбасады ў Атэнах Анджэй Янкоўскі паведаміў Польскаму радыё, што ўсе пасылкі, якія прыйшлі ў польскую пляцоўку, былі правераныя адпаведным дэтэктарам на наяўнасьць выбуховых матэрыялąў, на шчасьце, ня сьцьверджана ніякай пагрозы.

Анджэй Янкоўскі: Уведзена бестэрміновая забарона прыёму новых пасылак з грэцкай пошты й кур’ерскіх фірмаў. Мы спадзяемся, што грэцкія ўлады правядуць падрабязную праверку ўсёй карэспандэнцыі й такім чынам удасца пазьбегнуць небясьпекі.

У аўторак грэцкая паліцыя пасьпела перахапіць у Атэнах небясьпечную пасылку, адрасаваную прэзыдэнту Францыі Нікаля Сарказі. А вось пасылка, прызначаная для Ангелы Мэркель, пасьпела даляцець у Бэрлін і патрапіць у ейны офіс, - паведаміў прэс-сакратар нямецкага ўраду Штэфэн Зайбэр.

Штэфэн Зайбэр: Дасьледаваньні выбуховага матэрыялу паказалі, што ён мог у найлепшым выпадку параніць чалавека. Экспэрты дзяржаўнага крымінальнага ведамства абясшкодзілі рэчыва. Пасылка была прызначаная асабіста для спадарыні канцлер.

Канцлер Мэркель не змагла асабіста распакаваць пасылку, паколькі, на шчасьце, у той момант была ў Бэльгіі. У выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў. Пасылку выслалі пры пасярэдніцтве фірмы UPS. У якасьці надаўцы фігуравала Міністэрства эканомікі Грэцыі.

Італьянскія ўлады вырашылі накіраваць паштовы самалёт, які ляцеў з Атэн у Рым, на лётнішча ў Балёніі, і не памыліліся. Атрымаўшы інфармацыю, што ў самалёце можа знаходзіцца небясьпечная пасылка для кіраўніка ўраду, сапэры абшукалі груз і знайшлі падазроную капэрту, на якой віднела прозьвішча Сыльвіё Бэрлюсконі. Пры спробе адчыніць капэрту, яна загарэлася ў руках сапэраў. Аналіз попелу дазволіць высьветліць хімічны склад выбуховага рэчыва.

Грэцкая паліцыя паведаміла, што ў сувязі з апошнімі падзеямі затрыманыя двое мужчынаў, падазраваныя ў суўдзеле пры высыланьні „выбуховых” пасылак у эўрапейскія ўстановы. Грэкі абверглі інфармацыю, што затрыманыя асобы зьвязаныя зь дзейнасьцю тэрарыстычнай групоўкі Аль- Каіда, адначасова інфармуючы, што на дадзеным этапе сьледзтва можна зрабіць выснову, што затрыманыя прыналежаць да адной са скрайне левых груповак альбо анархістаў.


КР