• Весткі культуры
  • 03.11.2010

У рамках двухдзённага сьвята „Каласавіны”, прысьвечанага дню нараджэньня Якуба Коласа, адбылася прэзэнтацыя 9 і 12 тамоў поўнага збору сачыненьняў пісьменьніка. Агулам збор будзе складвацца з 20 тамоў. Новыя чатыры томы былі выдадзеныя ў 2009 і 2010. У іх увайшлі паэмы „Сымон-музыка”, „Рыбакова хата”, „Адплата”, „Суд у лесе”, „На шляхах волі”, апавяданьні „Дрыгва”, „Адшчапенец”, „На прасторах жыцьця” ды вершы з 1937-1951 гадоў. 

Першы том збору выйшаў у 2007 годзе. Ён быў прымеркаваны да 125-годзьдзя Якуба Коласа. Плянуецца, што апошні выйдзе ў 2012 годзе.

Складальнікі 20-томнага збору твораў Коласа адзначаюць яго ўнікальнасьць. Яны кажуць, што ў параўнаньні зь існуючымі зборнікамі, новавыдадзеныя 20 тамоў найбольш дакладна адлюстроўваюць творчасьць пісьменьніка. Пры іх падрыхтоўцы было праведзена параўнаньне тэкстаў Коласа з усімі друкаванымі й рукапіснымі крыніцамі, якія захаваліся да нашых дзён. У выніку была падрыхтавана найбольш дакладнае выданьне твораў Якуба Коласа.

Больш за 600 кінапаказаў, віртуальная фільматэка, 70 гасьцей, важных прадстаўнікоў кінэматаграфіі, 160 фільмаў, паказы ў 27 польскіх гарадах – усё гэта падрыхтавалі арганізатары Фэстывалю расейскіх фільмаў „Спутнік над Польшчай”. Гэта ўжо чацьвёрты фэстываль, на якім можна паглядзець найлепшыя расейскія фільмы.

Падчас сёлетняга фэстывалю публіка зможа паглядзець найноўшыя фільмы: „Зваротны рух” Андрэя Стэмкоўскага, „Я” Ігара Валошына, „Жыць” Юрыя Быкава, „Іншае неба” Дзьмітрыя Мамуліі. Будзе таксама й клясыка: „Ідзі й глядзі” Элема Клімава, „Лёс чалавека” Сяргея Бандарчука, „Ляцяць жураўлі” Міхаіла Калатозава.

Фэстываль пачынаецца 4 і завершыцца 14 лістапада. Адначасова будзе адбывацца фэстываль „Малы Спутнік” – гэта паказ расейскіх мульцікаў.


2 лістапада ў Менску адбылася прэзэнтацыя двухтомнага ілюстраванага збору твораў Ларысы Геніюш, выдадзенага да 100-годзьдзя з дня нараджэньня паэтэсы.
Двухтомнік выйшаў у сталічным выдавецтве "Лімарыус" накладам 400 экзэмпляраў і зьяўляецца самым поўным і жанрава разнастайным выданьнем спадчыны Геніюш. Упершыню апублікаваныя 74 вершы, выяўленыя у архіве паэтэсы.

Акрамя таго, на вечарыне адбылася прэзэнтацыя біяграфічнага альманаха "Асоба й час" і аўдыёдыска "Пасланьне сябрам" з 30-хвілінным запісам голасу паэткі. У альманах уключаны вершы, апавяданьні і ўспаміны Геніюш (большасьць тэкстаў друкуецца ўпершыню), а таксама 185 лістоў паэтэсы да вядомых дзеячаў беларускай культуры. Мэмуарны разьдзел альманаха склалі ўспаміны пра Геніюш. Упершыню апублікаваны дакумэнты з праскіх архіваў, знойдзеныя Францішкай Сокалавай.

9 лістапада ў галерэі «Саўком» у Маскве адчыняецца выстава «Эротыка life”. На ёй будуць прэзэнтаваныя больш за 30 работ польскага мастака Гжэгажа Пятроўскага. У асноўным, гэта творы апошніх трох гадоў. Акрамя акрылавых кампазыцый, зь відавочна выяўленым абстрактна-эратычным «акцэнтам», будуць экспанавацца й алейныя пэйзажныя замалёўкі, а таксама керамічныя талеркі – мастак, што незвычайна для сучаснага аўтара, захапляецца рукатворным мастацтвам – керамікай.

Пятроўскаму ўсяго 34 гады. Ён нарадзіўся пад горадам Гожаў Вялікапольскі. Тут прайшлі яго першыя выставы, як індывідуальныя, так і ў рамках салёна маладзёвага мастацтва. Усе працы, прадстаўленыя ў рамках экспазыцыі «Эротыка life», адносяцца да новага пэрыяду творчасьці мастака.

 

Легендарны нарвэскі гурт “А-ha” пачаў заключнае сусьветнае турнэ. Ужо ў суботу музыкі выступяць у менскім Палацы спорту.

Прайшло 25 гадоў з тых часоў, калі калектыў “А-ha” выйшаў на сцэну й стаў першай нарвэскай поп-камандай, якая ўзначаліла знакаміты сьпіс Billboard у ЗША. З тых часоў Мартэн Харкет і яго хлопцы займаюць ганаровыя месцы ў вядучых сусьветных гіт-парадах.
Кампазыцыі “Take on me”, “The Sun Always Shines on TV”, “I've been loosing you” аказалі моцны ўплыў на музыкаў з U2, Oasis, The Strokes. За чвэрць стагодзьдзя “A-ha” выпусьціла дзевяць студыйных кружэлак. Рэалізавана больш за 70 млн. асобнікаў. Група прыняла рашэньне аб спыненьні сваёй дзейнасьці яшчэ ў кастрычніку 2009 году.