• Тэрытарыяльны абсяг беларускай народнай мовы – 3
  • 04.11.2010


У. Глыбінны, аўтар публікацыі пад назовам Смаленшчына ... адвечная зямля беларускага народу, зьмешчанай на старонках нью-ёрскага часопіса „Беларуская Думка” (у: № 5, Нью-Ёрк – Саўт Рывэр 1963, с. 10-18), піша пра захаваныя ў народзе асаблівасьці беларускае мовы Смаленшчыны. Адзначае ён, што ў жыхароў Смаленшчыны ёсьць шмат арыгінальных беларускіх лексэмаў, напр.: бажніца, калыска, катух, кубел, страха, хата; бохан, калдуны, крупнік, шмалец, страва, бульба; андарак, камізэлька, намітка, сьвітка, хустка; хадакі, чаравікі; кравец, шавец; крыніца і г.д. Усе гэтыя словы – заўважае У. Глыбінны – сьведчаць пра лучнасьць смаленскага лексычнага складу з агульнабеларускім. Апрача таго, кожнае зь іх зьяўляецца добрым паказьнікам беларускасьці ўсіх жыцьцёвых абставінаў смаленскага селяніна. Багаты матэрыял дае Смаленскі акруговы слоўнік Дабравольскага. Беларускі склад народнае мовы Смаленшчыны пацьвярджаюць, прыкладам, пададзеныя Максімавым наступныя размовы вазьніцаў перад карчмою з шынкаром: - Рандар, рандар! Адчыні вароты: дай гарэлкі! Ах-ці якая мяцеліца: саўсім перазяблі, і коні чуць цягнуць, і ноч цёмная, нічога ня відна, і дарогу так замяло, што і найці ня можна. Рандар, рандар, адчыні вароты, налівай гарэлкі! (тамсама, с. 16.) Існуюць нават такія прыказкі, якія выразна сьведчаць пра ўсьведамленьне смаленцамі адрознасьці ад расейцаў, напр.: Калі маскаль кажа суха, то падымайся да вуха: бо ён брэша, альбо Ад чорта адхрысьцішся, а ад маскаля не адмолішся: ад маскаля полы падрэж ды ўцякай (тамсама, с.15).

 Вывучэньне моўных асаблівасьцяў Смаленшчыны можа аказацца вельмі плённым для ўзбагачэньня беларускае мовы. У. Глыбіны прыводзіць розныя словы, запісаныя на Смаленшчыне Антонам Адамовічам, якія абмяркоўваліся падчас дыскусійных зборак у Нью-Ёрку. Гэта, дзеля прыкладу: асянець ‘рабіцца надвор’ю, як увосень’, утравець ‘зарасьці травою’, заірміцца ‘загарэцца нейкім пачуцьцём’, удаліна ‘чужына’, собства ‘уласнасьць’ (тамсама, с.16).

 Агромністую колькасьць самабытных словаў заключае ў сабе 4-томны Толковый словарь живого великорусского языка Уладзіміра Даля. Багата іх таксама ў вядомым слоўніку Івана Насовіча. Значная частка гэтых лексемаў ужываецца і ў іншых мясцовасьцях Беларусі і ўвайшла ў літаратурную беларускую мову.

 На вялікі жаль – піша У. Глыбінны – вывучэньне мовы Смаленшчыны ў савецкі час вельмі запынілася ў сувязі з уключэньнем яе ў склад Расеі. Таму беларускія мовазнаўцы зь Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук БССР у Менску былі змушаныя абмяжоўваць абсяг сваіх дасьледаваньняў межамі сучаснае Беларусі. Праўда, у 20-х гадох Смаленшчына вывучалася беларускімі навукоўцамі, і тады шмат было зроблена ў Інстытуце беларускае культуры, а на пачатку і ў Беларускай акадэміі навук у Менску – падкрэсьлівае аўтар публікацыі на старонках ,,Беларускай Думкі”. У. Глыбінны адзначае, што ў выданьні БАН пад назовам Песьні беларускага народу (т. 1, Менск 1940) увайшло шмат беларускіх песьняў, запісаных на Смаленшчыне такімі вядомымі этнографамі, як Уладзімер Дабравольскі зь ягоным Смаленскім этнаграфічным зборнікам (ч. І, 1891; ч. ІІ, 1893, ч. ІV, 1903), Іван Насовіч, Еўдакім Раманаў і іншыя (тамсама, с. 17).

Ніна Баршчэўская