• Запрашаем у Польшчу: Палацава-паркавая даліна ў Клодзкай упадзіне
  • Audio2.3 MB
  • 05.11.2010

Сёньня, шаноўныя слухачы, працягваем падарожжа па Судэтах і запрашаем прагуляцца па палацава-паркавай даліне, якая знаходзіцца ў Клодзкай упадзіне.

Палацава-паркавая даліна зьяўляецца турыстычным шляхам, ідучы якім можна пазнаёміцца з помнікамі дойлідзтва палацавай і замкавай архітэктуры й адначасова захапляцца краявідамі ля падножжа Рудаваў Янавіцкіх і Карканошаў.

Уражвае колькасьць, але перадусім якасьць і разнастайнасьць гістарычных будоўляў - такіх, як сярэднявечныя вежы й замкі, рэнэсансавыя маёнткі, палацы ў стылі барока, якія надаюць рэгіёну ўнікальны характар. Паркі, часта спалучаныя зь гістарычнымі алеямі, натуральна ўплятаюцца ў пагоркі, лясы й паляны. Палацава-паркавая даліна расьцягваецца ад Еленяй Гуры праз Станішаў, Ламніцу, Ваянаў і Карпнікі, спалучаючы два горныя масывы - Карконошы з Рудавамі Янавецкімі.

Гэтае месца чакае на ўнясеньне ў сьпіс Сусьветнай спадчыны UNSECO. У даліне знаходзяцца 22 палацы. Свае рэзыдэнцыі тут будавалі вядомыя эўрапейскіяй роды й дынастыі: Габсбургі, Галензалерны, Чартарыскія, Радзівілы ды й шмат іншых князёў і баронаў.

У пэрыяд эпохі рамантызму Клодзкая ўпадзіна стала вядомым на ўвесь сьвет месцам для турызму й аздараўленьня. Сюды пачалі прыязджаць артысты, аматары прыроды й вандроўнікі з усёй Эўропы й Амэрыкі. Былі тут Фрыдэрык Шапэн і Іаган Вольфганг Гётэ.

Калі ў палове XІX стагодзьдзя пруская каралеўская сям’я купіла рэзыдэнцыі ў Карпніках, Мыслаковіцах і Ваянове, у рэгіён зьехаліся вядомыя архітэктары й урбаністы. Інтэнсіўны наплыў турыстаў спрычыніўся да таго, што ў рэгіёне пачалі будавацца прафілякторыі, рэзыдэнцыі й вілы.

Цяжка параіць, у які пэрыяд году найлепей наведваць Клодзкую ўпадзіну й палацава-паркавую даліну. Кожная пара году рыхтуе для наведвальнікаў шмат сюрпрызаў. Цікавай прапановай можа быць роварная вандроўка. Калі нехта ня мае ўласнага, можа ўзяць напракат ровар на месцы. Вельмі карысна спалучыць актыўны адпачынак зь лекцыяй гісторыі. Унікальныя месцы, такія, як Гданьская заля ў Палацы Paulinum, што ў Еленяй Гуры, захапілі не аднаго аматара падарожжаў.

Караліна Русіновіч