• Весткі культуры
  • 10.11.2010

У Менск на прыватным самалёце прыляцеў знакаміты сэрбскі рэжысэр Эмір Кустурыца. Ён прымае ўдзел у міжнародным кінафэстывалі “Лістапад-2010”.

Разам з Кустурыцам у Беларусь прыляцелі яго дачка й сын, а таксама мэнэджэр. Кіраваў самалётам сам рэжысэр. У Менску Кустурыца ўжо пасьпеў сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, які нават прапанаваў яму зьняць штосьці сэнсоўнае разам зь беларускімі творцамі. У нефармальнай абстаноўцы Кустурыца мае сустрэцца са студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Плянуецца, што ў Менску кінарэжысэр прабудзе да 11 лістапада. 

Эмір Кустурыца - сэрбскі кінарэжысэр басьнійскага паходжаньня, адзначаны ўзнагародамі найбуйнейшых кінафэстываляў Эўропы, уключаючы дзьве “Залатыя пальмавыя галіны” фэстывалю ў Канах. Ён таксама вядомы як таленавіты музыкант. Фільмы культавага рэжысэра – “Час цыган”, “Тата ў камандзіроўцы”, “Андэграўнд”, “Чорная котка, белы кот”, “Жыцьцё як цуд”, “Запавет” і іншыя.


З нагоды 200-годзьдзя юбілею Фрыдэрыка Шапэна, а таксама Дня Незалежнасьці Польшчы ў Оксфардзе, адным з самых вядомых унівэрсытэтаў сьвету, адбудзецца ўрачысты канцэрт піяністаў з Польшчы  й Аўстраліі. Музыка Шапэна загучыць як у клясычным выкананьні, так і з дамешкамі сучасных стыляў.

Паміж выкананьнем музыкі адбудуцца выступы прафэсуры ўнівэрсытэту й чытаньні. Імпрэзу ладзяць сябры знакамітага польскага філёзафа, які калісьці выкладаў у Оксфардзе Лешака Калакоўскага.

Сярод гасьцей будуць Тамара Калакоўская, Норман Дэвіс, Тыматы Гертан Эш, а таксама дыпляматы, выкладчыкі, студэнты, прадстаўнікі польскай эміграцыі ў Оксфардзе й журналісты.

Ікона поп-арту - вялікая бутэлька “Кока-колы” працы Эндзі Уорхала - прададзеная ў Нью-Ёрку на кірмашы Sotheby's за 35 млн. даляраў.

Чорна-белы малюнак 'Колы', сымбалю амэрыканскай спажывецкай культуры, датаваны 1962 годам, лічыцца адной з самых канцэптуальных прац, якія стаяць ля вытокаў поп-арту. Вечар сучаснага мастацтва Sotheby's, які адбыўся ў Нью-Ёрку, сабраў 222 млн. 454,5 тыс. даляраў за 55 выстаўленых лотаў.

Цёплы прыём і жывую дыскусію адзначаюць крытыкі ў сувязі з паказам польскага фільму „Rewers” на кінафэстывалі „Лістапад”. Фільм Барыса Лянкаша быў паказаны ў панядзелак, а стужка прымае ўдзел у галоўным конкурсе.

Пасьля паказу адбылася дыскусія, а гледачы ацанілі фільм як стужку, якая вяртаецца да „эўрапейскай традыцыі гратэскі”. На пытаньні беларускіх гледачоў адказвалі прадусар фільму й дырэктар кінастудыі „Кадр” Ежы Капусьціньскі й намесьнік дырэктара Войцех Кабароўскі.

Беларуская публіка падчас фэстывалю можа паглядзець яшчэ некалькі іншых фільмаў, якія здымаліся з удзелам польскіх рэжысэраў і актораў. У праграме апынуліся: польска-расейскі фільм „Віскі з малаком” рэжысэра Аляксандра Міхайлава, а таксама дакумэнтальныя стужкі „Уцячэм ад яе” Марціна Кашалка, „Poste restante” Марцэля Лазіньскага, „Варшава да ўзяцьця”, „Дэкалёг 89”, польска-беларуская „Днюка”, польска-расейска-фінскі фільм „17 жніўня”. Таксама ў паграме два фільмы для дзяцей і моладзі - „Магічнае дрэва” й „Зорка Капэрніка”.

Фэстываль завершыцца 12 лістапада.


Паказ мастацкіх і мультыплікацыйных фільмаў незалежных аўтараў з цэлай Польшчы адбываецца ў Лодзі. Фэстываль мае нетрадыцыйную мэту й назву: Фэстываль антыдэпрэсійных фільмаў „Рэлянiюм”.

„Мы часта езьдзім на розныя фэстывалі й прыйшлі да высновы, што ўсе фільмы сумныя й выклікаюць сьлёзы. Мы падумалі, што добра было б зрабіць фэстываль вясёлых фільмаў, якія выклікаюць усьмешку”, - так ідэю імпрэзы тлумачыць арганізатар Войцех Вайтысяк.

Сёлета ў конкурсе ўдзельнічае 14 фільмаў незалежных аўтараў з цэлай Польшчы. Акрамя конкурснай часткі, будуць паказаныя замежныя фільмы, напрыклад, аўстралійскі фільм „Італьянскі спайдэрмэн”. Асобная частка фэстывалю прысьвечаная паказам ролікаў зь інтэрнэту, зьнятых мабільнымі тэлефонамі ці аматарскімі камэрамі.

„Цяпер камэру кожны мае ў сваёй кішэні, а гэта ўжо пачатак да зьняцьця фільму. Агульна ўзровень такіх ролікаў расьце, а некаторыя не адстаюць ад тэлевізійных стужак. Адначасова ўзьнікаюць усё лепшыя сцэнары ды расьце ўзровень акторства аматараў”, - лічыць Войцех Вайтысяк.