3 сьнежня ў межах сэрыі канцэртаў праекту „Жывы Гук ON-line” пад кіраўніцтвам Піта Паўлава ўпершыню ў Беларусі адбудзецца выступ легендарнага польскага гурта Myslovitz. Канцэрт пройдзе пры падтрымцы Польскага інстытуту.
Myslovitz – адзін з самых выдатных і пасьпяховых польскіх рок-гуртоў. Ён быў заснаваны ў 1992 годзе ў горадзе Мысловіцэ музыкантамі Артурам Роекам, Войцехам Павагай, Яцэкам і Войцехам Кудэрскімі.
Піт Паўлаў тлумачыць, што запрасіў менавіта гэты польскі гурт у Беларусь, паколькі „ён самы крэатыўны і ўплывовы ў Польшчы”. Паводле арганізатара, калектыў праводзіць уласны рок-фэстываль і істотна ўплывае на фармаваньне музычнага густу ў сваёй краіне”.
Канцэрт: 3 сьнежня ў клюбе “Рэактар”.
З 20 па 27 лістапада ў Варшаве пройдзе фэстываль OPPА – 28 Міжнародны фэстываль бардаў. На конкурс паступілі 42 заяўкі. Сёлета, на жаль, у фэстывалі ня будуць удзельнічаць беларусы.
Фэстываль OPPA мае доўгую традыцыю. Ён ладзіцца з 1978 году, а крытыкі ацэньваюць высокі мастацкі ўзровень і яго важную ролю на культурнай сцэне польскай сталіцы. Заснавальнікам і дырэкатарам фэстывалю зьяўляецца Пётр Бакаль.
Пакрысе фэстываль набіраў папулярнасьць за межамі Польшчы. У 2006 годзе з увагі на сыстэматычнае павелічэньне колькасьці замежных удзельнікаў фэстывалю імпрэза памяняла назву й стала звацца Міжнародным конкурсам бардаў.
З 1997 году ў конкурсе ўручаецца найвышэйшая ўзнагарода – Гран-пры імя Ёнаша Кофты. Дзякуючы ёй цэлы шэраг ляўрэатаў змаглі запісаць свае аўтарскія дыскі. Сярод іх - таксама беларуская бардэса Тацьцяна Беланогая.
У францускай мясцовасьці Наан адкрыты бюст Фрыдэрыка Шапэна. За апошія 160 гадоў ён стаў першым бачным знакам доўгага прыбываньня кампазытара ў гэтым месцы. Горад атрымаў бюст у падарунку ад Міністэрства культуры й нацыянальнай спадчыны Польшчы.
У мясцовасьці знаходзіцца дом Жорж Санд – каханкі Фрыдэрыка Шапэна, зь якой ён прыязджаў у Наан цягам сямі гадоў. Бюст кампазытара стаіць у бачным месцы, і кожны наведвальнік дому Жорж Санд абавязкова яго пабачыць. Справа ў тым, што ў доме-музэі амаль няма сьлядоў прысутнасьці Фрыдэрыка Шапэна, які адыграў у жыцьці гэтай жанчыны важную ролю.
У Кракаве адчынілі Музэй сучаснага мастацтва. Ён разьмясьціўся на тэрыторыі былой фабрыкі Emalia Оскара Шындлера, у былым прамысловым раёне Кракава – Заблоцю. У Музэі працуюць выставы Кляўдыя Нардзі Architecture for Sensitive Lives, „Новая культура ў Кракаве” i „Цяперашняе Заблоце”. Нардзі, дарэчы, быў галоўным архітэктарам будынка музэю. Плошча новай установы – 10 тыс. квадратных мэтраў.
У музэі будзе прэзэнтавацца мастацтва апошніх 20-ці гадоў, а таксама найноўшыя зьявы пасьляваеннага мастацтва. Музэй, апрача выставаў, будзе займацца дасьледчыцкімі праектамі, выдаваньнем кніг і адукацыяй.
Жыхары Кракава змогуць бясплатна наведваць музэй да 5 сьнежня.
У Лодзі распачаўся 20-ы ўжо па ліку Фэстываль СМІ “Чалавек у небясьпецы”. На фэстывалі прэзэнтуюцца дакумэнтальныя фільмы, тэле- радыё - і відэапрадукцыя, у якіх ідзе гаворка пра пагрозы для чалавека.
Юбілейная імпрэза прысьвечаная 80-годзьдзю Казімежа Карабаша – майстра польскай дакумэнталістыкі. Гэты творца паўплываў на некалькі пакаленьняў польскіх рэжысэраў, якія здымалі свае фільмы праз назіраньні, а не інсцэнізацыю. У працы фэсту возьме ўдзел і сам Карабаш.
У фэсьце возьме ўдзел і праца зь Беларусі. У прыватнасьці, гэта фільм Уладзімера Коласа “Крызіс у раі”. Гэта стужка пра былога гандлёвага дырэктара фірмы Philips ва Ўсходняй Эўропе й Беларусі. Пасьля “перабудовы” Марцін пазнаёміўся з групай маладых мастакоў, якія сталі яго сябрамі. Пазьней яны пераехалі ў краіны Заходняй Эўропы. Цягам гадоў Марцін ладзіць зь імі сустрэчы ў Галяндыі, падчас якіх яны размаўляюць пра мастацтва, гісторыю, Беларусь і іншыя тэмы, якія, нягледзячы на гады, ня сталі менш актуальнымі.
На фэстывалі будзе прэзэнтавацца й радыёрэпартаж нашай калегі Караліны Русіновіч “Сьведка”. Гэта гутарка з Вальдэмарам Храстоўскім пра сяброўства з ксяндзом Ежы Папялушкам, а таксама пра падзеі напярэдадні яго забойства.
Фэстываль СМІ “Чалавек у небясьпецы” завершыцца 20-га лістапада.