• Тэрытарыяльны абсяг беларускай народнай мовы – 5
  • 18.11.2010

Маскоўская камісія, якая правяла сыстэматычную апрацоўку беларуска-расейскага моўнага памежжа, на жаль, не зрабіла падобных досьледаў на беларуска-ўкраінскай мяжы. Але, тым ня менш, у сьвятле вынікаў працы Камісіі стала ясным, што абодва ранейшыя дасьледнікі – і Рыттых, і Карскі – у этнаграфічныя межы Беларусі ўключалі толькі чыстыя беларускія гаворкі, пакідаючы навонкі ўсе прасторы, мова якіх здраджвала нейкія паважнейшыя элемэнты мовы суседняй. Пры тым яны, рыхтуючы свае карты, зусім ня бралі пад увагу этнаграфічных, гістарычных ды іншых, ня моўных, але важных фактаў. У выніку гэтага Браншчына, Пскоўшчына ды частка Палесься апынуліся па-за этнаграфічнымі межамі Беларусі – піша М. Агнявіда на старонках мюнхэнскай газэты „Бацькаўшчына”. Калі рэч ідзе пра Заходняе Палесьсе, дык гэтую памылку заўважылі дзеячы БНР і выправілі яе на Этнаграфічнай Карце Беларускай Народай Рэспублікі, выдадзенай у 1919 годзе.

У ацэнцы М. Агнявіды, толькі на заходнім адрэзку паўдзённай мяжы з Украінай мяжа Беларусі супадае прыблізна з этнаграфічнай мяжою.

 Рыгор Максімовіч (псэўданім Вітаўта Тумаша - Да справы беларускай паўдзённай этнографічнай мяжы, у: ,,Запісы”, № 1 (5), Нью-Ёрк 1954, с. 18-24) заўважае, што пры вызначэньні паўдзённай мяжы расьсяленьня беларускага народу, пачынаючы ад картаў Рыттыха з 1875 году ды Карскага з 1904 і 1918 гадоў, розныя аўтары падаюць па-рознаму этнаграфічную мяжу, абапіраючы яе не на этнаграфічныя, а толькі  на моўныя зьявы. Мова, несумненна, важны паказьнік, але, як вынікае з працы Маскоўскае дыялекталягічнае камісіі (Н. Н. Дурнаво, Н. Н. Соколов, Д. Н. Ушаков, Опыт диалектологической карты русского языка в Европе с приложением очерка русской диалектологии. Труды Московской Диалектологической Комисии, ч. V, Москва 1915), на беларуска-ўкраінскім ды на беларуска-расейскім памежжы няма рэзкай моўнай мяжы, а толькі выступае шырокая паласа пераходных гаворак. І таму пры вызначэньні мяжы паміж народамі, апрача моўных рысаў, трэба браць пад увагу яшчэ  гістарычныя, антрапалягічныя ды этнаграфічныя фактары – адзначае Р. Максімовіч (Да справы беларускай паўдзённай этнографічнай мяжы, тамсама, с. 18).

Паўдзённая этнаграфічная мяжа была распрацаваная  вядомым польскім этнографам Казімежам Машыньскім (K. Moszyński, Atlas kultury ludowej w Polsce, 1936). Вызначаную сабою этнаграфічную мяжу К. Машыньскі ўважаў за праяву даўнейшай геаграфічнай мяжы.

Гэта, на ягоны погляд, меў быць этнографічнымі зьявамі выяўлены сьлед паўдзённа-заходняга берагу тых вялізарных пушчаў і бароў, якія некалі пакрывалі паўночна-ўсходнюю частку эўрапейскага кантынэнту” (Р. Максімовіч, Да справы беларускай паўдзённай этнографічнай мяжы, тамсама, с. 20).

Усе этнаграфічныя разьмежаваньні на карце К. Машыньскага праходзяць на поўдзень ад Прыпяці. Калі правесьці сярэднюю геамэтрычную лінію, дык акажацца, што мусіла б яна пайсьці прыблізна на паўдзённай мяжы Палесься з Валыняй, якая адначасова зьяўляецца лініяй старой гістарычнай мяжы з часоў Вялікага Княства Літоўскага, як і сучаснай дзяржаўнай мяжы паміж Беларусяй ды Ўкраінай (тамсама, с. 22). Пацьвярджэньнем гэтай выразнай этнаграфічнай беларуска-ўкраінскай мяжы зьяўляецца таксама спосаб пабудовы вёсак на Палесьсі ды палескія народныя ўзоры, як і іншыя мясцовыя этнаграфічныя асаблівасьці, адметныя ад украінскіх і аднолькавыя зь беларускімі (тамсама, с. 23).

Тым часам некаторыя ўкраінскія замежныя згуртаваньні прэтэндуюць да беларускіх паўдзённых земляў – піша на старонках „Беларускай Думкі” І. Касяк (Украінскія прэтэнсыі да Беларусі, у: „Беларуская Думка”, № 34, Нью-Ёрк – Саўт-Рывэр 1989, с. 32-37).

І так, у кнізе Ukrainian Resistance, апублікаванай Украінскім кангрэсавым камітэтам Амэрыкі ў Нью-Ёрку ў 1949 годзе, зьмешчаная мапа Ўкраіны з подпісам Р. В. Гальвін, дзе прыблізна палова сучаснай Берасьцейскай вобласьці з гарадамі Берасьце й Пінск, а таксама паўдзённа-ўсходняя й паўдзённа-заходняя часткі сучаснай Гомельскай вобласьці з гарадамі Старадуб і Тураў далучаныя да Ўкраіны (тамсама, с. 32).

Падобная частка тэрыторыі Беларусі была далучаная да Ўкраіны таксама на ранейшай мапе з 1930 году, выкананай В. Кубіёвычам і М. Кулыцкім на ангельскай мове, якая была зьмешчаная ў 2 томе энцыкляпэдыі Ukraine – A Concise Encyclopedia (prepared by Schevchenko Scientific Society, University of  Toronto Press,Volume 2, 1971), выдадзенай у Таронце ў 1971 годзе. У І томе гэтай энцыкляпэдыі з 1963 году зьмешчаная мапа Райхкамісарыяту Ўкраіны з 1942 году, на якой Берасьце й Гомель далучаныя да Райхкамісарыяту Ўкраіны (І. Касяк, Украінскія прэтэнсыі да Беларусі, тамсама, с. 33).

Працяг тэмы слухайце праз тыдзень.

Ніна Баршчэўская