• 21 год таму пачалася “аксамітная рэвалюцыя”
  • Audio4.08 MB
  • 17.11.2010

Сёньня мінае 21-ая гадавіна пачатку “аксамітнай рэвалюцыі”, якая прывяла да падзеньня камунізму ў тагачаснай Чэхаславаччыне. Наступствам тых падзей стаў падзел сацыялістычнай краіны і ўзьнікненьне ў 1993 годзе новых сувэрэнных дзяржаў – Чэхіі й Славаччыны.

17-га лістапада 1989 году ў Празе праходзілі пратэсты студэнтаў супраць камуністычнай улады. Дэманстрацыя была дазволеная ўладамі. У ёй павінны былі ўзяць удзел каля 5 тыс. чалавек. Акцыя была прысьвечаная 50-ай гадавіне закрыцьця немцамі чэскіх навучальных установаў і забойству праскага студэнта Яна Аплэтала, якога фашысты застрэлілі ў 1939 годзе. Замест 5 тыс. на вуліцы Прагі выйшлі 50 тыс. чалавек.

Натоўп перайшоў на пляц Вацлава, месца гістарычных падзеяў, дзе ў 1968 годзе войскі Варшаўскага дагавору спынілі рэвалюцыю. Удзельнікі дэманстрацыі несьлі ў руках кветкі, якія зьбіраліся перадаць міліцыянтам, але апошнія выкарысталі сілу супраць дэманстрантаў.

У выніку сутычак зь міліцыяй былі параненыя больш за 560 чалавек. Уначы да страйкуючых студэнтаў далучыліся акторы. Падзеі ў Празе выклікалі пратэсты ва ўсёй Чэхаславаччыне, гэта й стала пачаткам “аксамітнай рэвалюцыі”.

Празь дзесяць дзён быў абвешчаны двухгадзінны генэральны страйк. Адзін з самых вядомых чэскіх апазыцыянэраў Вацлаў Гавэл склікаў сустрэчы ўсіх дэмакратычных арганізацый. Было вырашана стварыць “Грамадзянскі форум” - рух на ўзор польскай “Салідарнасьці”

Толькі пазьней стала вядома, што “аксамітная рэвалюцыя” плянавалася Службаю бясьпекі як прычына для зьмены ўлады тагачаснага прэзыдэнта Густава Гусака на групу камуністаў “з чалавечым тварам”. Спэцслужбам удалося зьдзейсьніць пераварот, але чарговыя падзеі адбываліся ўжо не па іхным сцэнары.

У тыя дні ў Польшчы ўжо больш за 2 месяцы працаваў некамуністычны ўрад прэм’ера Тадэвуша Мазавецкага. А ў Нямеччыне, некалькі дзён да падзеяў у Празе, адбылося падзеньне Бэрлінскага муру. У выніку “аксамітнай рэвалюцыі”, 10 сьнежня 1989 году пачаў працу новы ўрад, у складзе якога апынуліся й прадстаўнікі апазыцыі. Праз два тыдні прэзыдэнтам краіны быў абраны Вацлаў Гавэл.

У краіне пачаліся рэформы. Іх вынікам стала паўстаньне Чэха-Славацкай Фэдэратыўнай Рэспублікі. Праз пару гадоў на мапе Эўропы зьявіліся дзьве новыя краіны - Чэхія й Славаччына.

У Славаччыне гэты дзень сьвяткуюць на дзяржаўным узроўні. Цяперашні славацкі ўрад пад кіраўніцтвам Івэты Радзічовай – гэта першы ўрад без удзелу посткамуністаў.

З Братыславы перадае карэспандэнт Польскага радыё Анджэй Невядомскі.

А. Невядомскі: Увечары жыхары Братыславы возьмуць удзел у шматлікіх урачыстасьцях, прысьвечаных гэтай даце. Славацкі ўрад правядзе з гэтай нагоды надзвычайны сход. Галоўная ўрачыстасьць адбудзецца з удзелам Івэты Радзічовай перад будынкам Нацыянальнага тэатру. Ганаровым госьцем сьвяткаваньня будзе Лех Валэнса. Летась урачыстых сьвяткаваньняў гадавіны “аксамітнай рэвалюцыі” не было. Правая апазыцыя байкатавала афіцыйную праграму з-за візыту тагачаснага прэм’ера Робэрта Фіца ў Маскву.

У Чэхіі сьвяткаваньні будуць азмрочаныя палітычным крызысам у краіне. Чэхі незадаволеныя апошнімі перастаноўкамі ва ўрадзе, перадае з Прагі карэспандэнт Польскага радыё Павэл Шукала.

П. Шукала: З атмасфэры перамогі над камунізмам засталося няшмат. Чэхі незадаволеныя палітычнай сцэнай у краіне, а нядаўнія парлямэнцкія й мясцовыя выбары не дапамаглі. Карупцыя ў Чэхіі датычыць вышэйшых асобаў у краіне. У сёньняшніх дэманстрацыях возьмуць удзел людзі, незадаволеныя такім станам рэчаў. Студэнты зьбіраюцца на дэманстрацыю пад лёзунгам “Адукацыя – гэта не тавар”, у знас пратэсту супраць павелічэньня аплаты за навучаньне. У Празе будуць таксама пратэстваць людзі, у якіх дзяржава забрала зямлю для вугальных шахтаў. Ля помніка Сьвятому Вацлаву зьбяруцца пражане, якія будуць пратэставаць супраць “калябарацыі” кансэрватараў і сацыял-дэмакратаў у сталічнай мэрыі. У руках яны будуць мець плякаты з напісамі “Гэта на наш выбар”.

У памяць аб падзеях 17 лістапада 1989 году ў Чэхіі гэты дзень абвешчаны дзяржаўным сьвятам.

Дзьмітры Гурневіч