• 20 лістапад 1945 году распачаўся Нюрнбэрскі працэс
  • 20.11.2010

Нюрнбэргскі працэс гэта міжнародны судовы працэс над вышэйшым кіраўніцтвам гітлераўскай Нямеччыны. Працэс распачаўся 20 лістапада 1945 году й доўжыўся амаль год, да 1 кастрычніка 1946 году.

Не было адзінай пазыцыі саюзьнікаў адносна правядзеньня гэтага працэсу. Зь ідэяй выступілі амэрыканцы. Абсалютна супраць выказаўся Сталін, які патрабаваў адразу расстраляць 50 тыс. нацыстаў. Катэгарычна супраць гэтага пратэставаў У. Чэрчыль, які заявіў, што ён не дазволіць такое масавае забойства.

Зьявілася таксама ідэя ізаляваць злачынцаў на выспе, так як у мінулым Напалеона.

Як месца правядзеньня працэсу разглядаліся некалькі гарадоў: Лёндан, Бэрлін, Мюнхэн. Нюрнбэрг зь яго Палацам справядлівасьці прапанавалі амэрыканцы пры ўмове, што працэс толькі пачнецца ў Нюрнбэрзе. І самае галоўнае – было вырашана, што гэты працэс ня ёсьць працэсам супраць нямецкага народу, а  супраць канкрэтных людзей за зьдзейсьненыя імі злачынствы.
 
Дакумэнты й паседжаньні Трыбуналу былі падрыхтаваныя краінамі-саюзьніцамі: СССР, ЗША й Вялікабрытаніяй. Абвінавачаньні выносіў амэрыканец Робэрт Джэксан.

Суд вынес чатыры галоўныя пункты абвінавачаньня: удзел у замове, мэтай якой было злачынства, злачынства супраць міру, ваенныя злачынствы й злачынства супраць чалавецтва.

На лаве падсудных аказаліся 21 чалавек. Кожны меў свайго адваката. Да суду не былі прыцягнуты Гітлер, Гімлер і Гебэльс, якія зьдзейсьнілі самагубства яшчэ да заканчэньня вайны.

Варта падкрэсьліць, што працэс праходзіў ва ўмовах пагаршэньня адносінаў паміж саюзьнікамі, пачыналася халодная вайна. Падсудныя спадзяваліся, што ён ня будзе заверашаны, альбо канфлікт прывядзе да разыходжаньняў у пазыцыях у дачыненьні да прыгавору. Больш за тое, падсудныя таксама абвінавачвалі саюзьнікаў у тым, што яны зьдзяйсьнялі злачынствы ня меншыя за гітлераўцаў. У віну СССР ставіліся масавыя рэпрэсіі 30-х гадоў, Англіі - дывановыя бамбёжкі нямецкіх гарадоў: Дрэздана, Кёльна, Лейпцыга ды іншых, ЗША - бамбёжкі Хірасімы й Нагасакі, а таксама стварэньня канцэнтрацыйных лягераў для японцаў, якія жылі ў ЗША.

У першыню на Нюрнбэргскім працэссе прагучалі зьвесткі пра Катынь, але савецкія прадстаўнікі падкрэсьлівалі, што гэта справа фашыстаў. Адвакатамі Рыбэнтропа былі прадстаўлены доказы існаваньня сакрэтных пратаколаў пакту “Молатава-Рыбэнтропа”, аднак гэтая справа таксама была замятая.

Тым ня менш, саюзьнікі змаглі давесьці працэс да лягічнага завяршэньня. Да сьмяротнага пакараньня было прыгаворана 11 чалавек. Усе яны (акрамя Герынга, які ў ноч выкананьня прысуду пасьпеў прыняць капсулу зь ядам), былі павешаныя, а потым крэміраваныя.  7 чалавек атрымалі розныя тэрміны зьняволеньня - ад 10 гадоў да пажыцьцёвага пакараньня.

З траіх: Г. Фрычэ (H. Frytzche – дырэктар нямецкага радыё), Франца фон Папэна (амбасадар у Аўстрыі і Турцыі, раней канцлер Нямеччыны) і Гяльмара Шахта (дырэктар банку Рэйху) нюрнбэргскі суд зьняў абвінавачаньні, але пакараў іх нямецкі суд.

Выконваў пакараньне амэрыканскі сяржант Джно Вудс, які вызваўся добраахвотнікам.

Павал Усаў