• Украіна й ЭЗ распачалі працэс скасаваньня візавага рэжыму
  • Audio3.19 MB
  • 22.11.2010

Плян дзеяньняў па адмене кароткатэрміновых віз у Эўразьвяз для грамадзян Украіны зацьверджаны сёньня на саміце Ўкраіна - ЭЗ. Сустрэча адбываецца ў Брусэлі. Украіна спадзяецца, што пагадненьне аб адмене віз будзе падпісана з ЭЗ да правядзеньня чэмпіянату па футболе “Эўра-2012”.

Дакумэнт будзе складацца зь дзьвюх частак. На першым этапе прадугледжваецца ўнясеньне зьменаў у заканадаўства Ўкраіны, а на другім - рэалізацыя ўнесеных зьменаў на практыцы.

Адказваючы на пытаньне, калі грамадзяне Ўкраіны могуць разьлічваць на ўвядзеньне бязьвізавага рэжыму, старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу падкрэсьліў, што ня можа сказаць, калі дакладна гэта адбудзецца. Ён патлумачыў, што прагрэс у забесьпячэньні поўнай лібэралізацыі візавага рэжыму залежыць ад украінцаў.

Ж.М. Барозу: Мы лічым, што наступны год будзе вельмі важным для Ўкраіны й ЭЗ па трох прычынах. Мы б хацелі да сярэдзіны 2011 г. завершыць дамову аб асацыяцыі, мы б хацелі пабачыць вынікі дэмакратычных рэформаў ва Ўкраіне. Гэта вельмі важна для адкрытага й канкурэнтнага грамадзтва. Мы спадзяемся, што Ўкраіна будзе ісьці наперад і ў эканамічных рэформах.

Прэзыдэнт Эўрапейскай рады Герман ван Рампэй заявіў сёньня падчас саміту, што ЭЗ задаволены прагрэсам у перамовах пра падпісаньне дамовы аб асацыяцыі. 

Г. ван Рампэй: Мы задаволеныя прагрэсам, які дасягнуты паміж ЭЗ і Ўкраінай. У гэтай сувязі мы падкрэсьліваем важнасьць пагадненьня аб асацыяцыі, якое на дадзены момант абмяркоўваецца. Мы пацьвердзілі нашу агульную прыхільнасьць справе стварэньня глыбокай і ўсеабдымнай зоны свабоднага гандлю паміж Украінай і ЭЗ з мэтай паступовай інтэграцыі Ўкраіны ва ўнутраны рынак ЭЗ. Мы зь нецярплівасьцю чакаем завяршэньня перамоваў.

Прэзыдэнт Віктар Януковіч паабяцаў кіраўніцтву ЭЗ, што Ўкраіна выканае ўсе “хатнія заданьні” Брусэлю.

В. Януковіч: Выкананьне пляну дзеяньняў, які акрэсьлівае шэраг ўнутраных рэформаў, неабходных для ўвядзеньня бязьвізавага рэжыму, зьяўляецца сур’ёзнай задачай для ўкраінскіх уладаў. Я цудоўна разумею, што гэты шлях ня будзе лёгкім, але ў 2011 годзе мы яго пройдзем. Мы дасягнулі посьпеху па перамоўных працэсах і, спадзяюся, да наступнага году мы выканаем усю неабходную працу.

Кіеў і Брусэль пачалі перамовы аб лібэралізацыі візавага рэжыму яшчэ ў сьнежні 2008 году. У той жа час нават дакладнае выкананьне патрабаваньняў пляну дзеяньняў ня будзе азначаць аўтаматычную адмену віз для ўкраінцаў пры паездках у Эўропу. У Эўракамісіі падкрэсьлілі, што плян дзеяньняў для Ўкраіны па адмене віз будзе прадугледжваць пастаянны маніторынг з боку ЭЗ.

Улады Ўкраіны неаднаразова заяўлялі, што эўраінтэграцыя - прыярытэт у зьнешняй палітыцы краіны. Кіраўніцтва дзяржавы спадзяецца як мага хутчэй падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ. У той жа час у Брусэлі ня вельмі аптымістычна ацэньваюць эўрапэрспэктывы Ўкраіны.

Гэта ўжо 14-ы саміт Украіна-ЭЗ. Падчас сустрэчы бакі ацанілі ход перамоваў па пагадненьні аб асацыяцыі й па стварэньні зоны свабоднага гандлю, унутранаму разьвіцьцю ва Ўкраіне й ЭЗ, па пытаньні рэгіянальнага супрацоўніцтва ў адносінах з Расеяй, Беларусьсю, па ўрэгуляваньні прыднястроўскага канфлікту.

Дзьмітры Гурневіч