У Варшаве трывае 6 фэстываль фільмаў сьвету „Ale kino!”. Спэцыяльным госьцем імпрэзы зьяўляецца турэцкі рэжысэр Сэміх Капланоглу, усе фільмы якога будуць паказаныя падчас фэстывалю. Яго найноўшы фільм „Мёд”, пераможца сёлетняга Міжнароднага кінафэстывалю ў Бэрліне, адкрыў варшаўскае мерапрыемства. У праграме, між іншым, яго фільм „Яйка”.
„Турэцкае кіно больш адважнае, чым сама Турцыя. Яно закранае складаныя грамадзкія тэмы, датычныя, напрыклад, нацыянальных меншасьцяў”, - кажа дырэктар фэстывалю Пётр Кобус.
У праграме фэстывалю апынулася каля 20 фільмаў з Азіі, Афрыкі й Лацінскай Амэрыкі. 16 стужак у Польшчы будуць паказаныя ўпершыню, а сярод іх: ляўрэаты сёлетняй Залатой пальмы Кан, Залатога мядзьведзя кінафэстывалю ў Бэрліне, Залатога леапарда фэстывалю ў Лякарне ды многіх іншых прэстыжных узнагарод.
У Варшаве фэстываль заканчваецца 25 лістапада, а пасьля ён перабярэцца ў Кракаў, Познань і Гданьск.
Шэраг імпрэзаў у Менску арганізаваныя з нагоды 80-годзьдзя з дня нараджэньня Ўладзімера Караткевіча. 22 лістапада адчынілася выстава „Рыцар зямлі беларускай”. На выставе паказаныя пісьмовыя й мастацкія матэрыялы з фонду бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук, якія тычацца жыцьця й творчасьці Караткевіча. Гэта, між іншым, рукапісы твораў з 1950-х з малюнкамі аўтара – „Каласы пад сярпом тваім”, „Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, „Чорны замак Альшанскі” ды іншых апавяданьняў і казак.
Таксама на выставе паказаныя кнігі Ўладзімера Караткевіча, выдадзеныя на розных мовах.
У рамках сьвяткаваньня 80-годзьдзя з дня нараджэньня пісьменьніка 25 лістапада адбудзецца прэзэнтацыя апавяданьня „Дзікае паляваньне караля Стаха” на чатырох мовах – беларускай, расейскай, украінскай і ангельскай. Прэзэнтацыя ладзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы.
26 лістапада ў Воршы пройдзе адмысловае сьвята, прысьвечанае гэтай даце. 4 сьнежня ў менскім „Кніжным салёне” паэт Глеб Лабадзенка прэзэнтуе факсымільнае выданьне рукапісу апавяданьня Караткевіча „Ладзьдзя роспачы”.
20 лістапада ў «Кнігарні Ў» адбылася прэзэнтацыя дакумэнтальнага фільму «Як пошуг маланкі», зьнятага Валерыем Мазынскім.
Стужка прысьвечаная пасьляваеннаму антысавецкаму супраціву на Мядзельшчыне -Смаргоншчыне й яго лідару 20-гадоваму Расьціславу Лапіцкаму. Падпольная арганізацыя была выкрыта НКУС. Паплечнікі й сябры Лапіцкага атрымалі па 25 гадоў зьняволеньня, а сам Расьціслаў – прыгавораны да сьмерці. Ён адмовіўся ад памілаваньня. Імя Лапіцкага стала легендарным ва ўспамінах мясцовых жыхароў, якія пасьля былі сабраныя Міхасём Чарняўскім ў кніжцы «Як пошуг маланкі». Ён жа выступіў і аўтарам сцэнарыя да фільму.
Удзел у прэзэнтацыі ўзялі: рэжысэр Валеры Мазынскі, акторы, якія ўдзельнічалі ў кінарэканструкцыі падзяў – Уладзімер Шульжыцкі й Аляксей Кавалец, а таксама грамадзкія й культурныя дзеячы.
Сёньня ў Варшаве завершыўся фэстываль “Культурныя абліччы Ісьляндыі”. Гэта першая імпрэза ў Польшчы такога маштабу, прысьвечаная культуры скандынаўскай выспы. Цягам пяці дзён у цэнтры культуры “Nowy wspaniałу Świat” прайшлі прэзэнтацыі візуальнага мастацтва, кінапаказы, дыскусіі пра літаратуру, канцэрты, фотапаказы.
Адмыслова для ўдзелу ў фэстывалі ў Варшаву з Рэйк’явіку прыехалі: вядомы ісьляндзскі пісьменьнік і аўтар бэстсэлера “101 Рэйк’явік” Хальгрымур Хэльгасон ды Штэйнар Брагі, Гудрун Мінэрвудоцьцір, Андры Магнасон. Сваё мастацтва прэзэнтавалі ды-джэй Тор, мастачка Элін Хансдоцьцір, кінарэжысэр Мартэйн Торсан.
Падчас сустрэчы зь пісьменьнікам Хальгрымурам Хэльгасонам не абышлося й безь беларускага акцэнту. Як выявілася, адзін з самых вядомых ісьляндзскіх пісьменьнікаў цікавіцца Беларусьсю й нават прызнаўся, што самае цікавае сучаснае мастацтва стварылі габрэі зь Беларусі.
Сёньня ў Парыжы пачынаецца трэці фэстываль польскіх фільмаў “Kinopolska”. Сёлета імпрэза адбываецца пад лёзунгам “Салідарнасьць – ужо 30 гадоў”.
Кінапаказы будуць праходзіць у адным з самых вядомых кінатэатраў - Reflet Médicis. У гэтым кінатэатры паказваюць выключна найлепшыя працы самых славутых кінатворцаў.
Кожны дзень фэсту будзе мець канкрэтную тэматыку. Першы дзень праходзіць пад назвай “Жанчыны ў гісторыі”. Госьці імпрэзы пабачаць “Маці каралёў” Януша Заорскага, а таксама “Рэвэрс” Барыса Лянкоша.
Тэмамі наступных дзён стануць “Шляхі да свабоды”, “Выпадкова ці прызначэньне”, “Музыка супраць танкаў”, зь фільмамі Агнешкі Голянд, Кшыштафа Кесьлёўскага й Станіслава Барэі.