Лідары італьянскай апазыцыі забраліся ўчора на дах рымскага ўнівэрсытэту La Sapienza, каб выказаць сваю салідарнасьць са студэнтамі, якія пратэстуюць супраць палітыкі ўраду ў галіне вышэйшай адукацыі. Сёньня студэнцкі пратэст працягваецца.
Здымкі палітыкаў на даху ўнівэрсытэцкага будынка апублікавалі сёньняшнія газэты. На іх бачны генэральны сакратар найбуйнейшай апазыцыйнай Дэмакратычнай партыі П’ер Бэрсані.
Студэнты пратэстуюць супраць рэформы ў галіне вышэйшай адукацыі. Яны лічаць яе несправядліваю й шкоднаю для ВНУ. Яны таксама пратэстуюць супраць зьмяншэньня сродкаў на ўнівэрсытэты й скарачэньне стыпэндыяў.
Учарашнія падзеі сталі нечаканымі для ўсёй Італіі. У Рыме студэнты спрабавалі ўварвацца ў будынак Сэнату, але паліцыя не дапусьціла да штурму. Падчас сутычак раненьні атрымалі восем паліцыянтаў і больш за дзесяць студэнтаў.