У Польшчы рэзка пахаладала, выпаў першы сьнег. Дарэчы, сыноптыкі заявілі, што ў бліжэйшыя дні ў Беларусі выпадзе сьнег ды будуць нават мяцеліцы. Так што час падумаць пра зімовы адпачынак, найлепш – у польскіх гарах, дзе сьнежнае покрыва гарантаванае. Сёньня, шаноўныя сябры, хочам вас пазнаёміць з польскім горным курортам Карпач.
Горад разьмешчаны на паўднёвым захадзе краіны, у падножжа Сьнежкі – найвышэйшага піку гор Карканошы. Вышыня Сьнежкі – больш за 1,6 тыс. мэтраў. Насельніцтва Карпача – каля 5 тыс. чалавек. Зразумела, што зімою, у пік сьнежнага адпачынку, насельніцтва мястэчка павялічваецца ў некалькі разоў дзякуючы турыстам, як польскім, так і замежным. Дарэчы, Карпач таксама вядомы беларускім аматарам зімовых спортаў, бо некаторыя беларускія тур-бюро прадаюць туры ў Карпач.
Горад быў заснаваны ў 12-м стагодзьдзі – гэта быў пасёлак золатаздабытчыкаў. Цягам многіх стагодзьдзяў Карпач быў ціхім правінцыйным гарадком. Турызм пачаў разьвівацца толькі ў другой палове 19-га стагодзьдзя. А вось у 1914 годзе ў мястэчку ўжо было 14 гатэляў, 54 пансіянаты з больш чым тысячай пастаялых месцаў. На працягу многіх гадоў Карпач уваходзіў у склад Нямеччыны. Польскім горадам стаў пасьля вайны, у 1945 годзе.
Плянуючы зімовы адпачынак у Карпачы, варта ведаць, што ў горадзе дзьмуць марозныя вятры, у сувязі з разьмяшчэньнем курорта. Так што лепш цяплей апрануцца. Горад вельмі добра падрыхтаваны для прыёму гасьцей – тут многа гатэляў і пансіянатаў, прычым рознай цанавой катэгорыі, рэстаранчыкаў, кавярняў ды пунктаў харчаваньня на любы густ. Праўда, месца ў гатэлі найлепш забраніраваць раней.
Акрамя адпачынку, варта таксама бліжэй пазнаёміцца з Карпачам. Тут захавалася нямала помнікаў гісторыі й архітэктуры, бо горад ня быў зьнішчаны падчас вайны. У горадзе ёсьць эвангелічны касьцёл, які ў 1844 годзе быў перанесены з Нарвэгіі па загаду прускага караля Фрыдрыха Вільгельма 4-га. Будынак цікавы тым, што пабудаваны без адзінага цьвіка – гэта прыклад высокіх кваліфікацый тагачасных цесьляроў. Штогод касьцёл наведвае больш за 200 тыс. турыстаў.
А яшчэ ў Карпачы ёсьць Музэй цацак – адзіны такога роду аб’ект у Польшчы. Адным словам, Карпач – цікавы горад ня толькі для адпачынку, але й для наведваньня. А лыжы неабавязкова трэба браць з сабою – іх на месцы можна ўзяць на пракат.