Вядучыя сусьветныя СМІ апублікавалі фрагмэнты новага дасье, падрыхтаванага арганізацыяй Wikileaks. На гэты раз рассакрэчаныя сайтам дакумэнты зьмяшчаюць дыпляматычную перапіску, у якой, між іншым, знайшло адлюстраваньне й меркаванне амэрыканскіх палітыкаў аб сваіх замежных калегах. Характарыстыкі шмат для каго будуць ня вельмі прыемнымі.
Скандальны партал апублікаваў больш за 250 тыс. сакрэтных дэпэш. Частку зь іх надрукавалі сёньня вядучыя газэты сьвету "The New York Times" (ЗША), "Le Monde" (Францыя), "El Pais" (Гішпанія), "Der Spiegel" (Нямеччына) і "The Guardian" (Вялікабрытанія). На самім партале пакуль можна знайсьці 200 дакумэнтаў. Стваральнікі сайту сьцьвярджаюць, што партал атакавалі хакеры.
Францускі прэзыдэнт Нікаля Сарказі фігуруе ў перапісцы як «голы кароль», уладарны й вельмі крыўдлівы чалавек, зрывісты на сваіх падначаленых.
Яшчэ больш недыпляматычна амэрыканскія дыпляматы адклікаюцца пра прэм'ера Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі, які, на іх думку, зьяўляецца “палітычна й фізічна слабым пэрсанажам”, “безадказным, самаўлюбёным і неэфэктыўным” лідарам, пры гэты зь несуцішным сэксуальным апэтытам.
Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заслужыла характарыстыку некрэатыўнай і «напышлівай» дамы, а прэзыдэнт Ірана Махмуд Ахмадзінэжад параўноўваецца амэрыканскімі дыпляматамі зь Гітлерам. У дакумэнтах згадваецца таксама, што паўночнакарэйскі лідар Кім Чэн Ір пакутуе ад эпілепсіі, афганскі прэзыдэнт Хамід Карзай - параноік, а лівійскага лідара Муамара Кадафі паўсюль суправаджае «гарачая ўкраінская бляндынка».
Белы Дом асудзіў учынак Wikileaks, а ў Кангрэсе прагучалі нават галасы за прызнаньне Wikileaks тэрарыстычнай арганізацыяй.
Былога брытанскага амбасадара ў ЗША Крыстафэра Мэера публікацыя Wikileaks не зьдзівіла.
К. Мэер: Калі гаворка ідзе пра палітыку, я там не заўважыў нічога новага. Пакуль што ад гэтага становіцца больш клопату, чым рэальнай шкоды. Мяне хвалююць ня столькі самі дакумэнты, колькі тое, як іх ахоўваюць. Гэта ж сакрэтныя дасье.
Галоўны рэдактар парталу Джуліян Асанж, 39-гатовы хакер з Аўстраліі, стварыў Wikileaks у 2006 годзе. З таго моманту там пачалі зьяўляцца дзясяткі тысяч сакрэтных дакумэнтаў. Некалькі месяцаў таму Джуліян Асанж тлумачыў у эфіры тэлеканалу Аль-Джазіра, якім чынам дакумэнты трапляюць на партал.
Д. Асанж: Матэрыялы, якія да нас трапляюць, мы высылаем празь Інтэрнэт у такіх краінах, як Бэльгія ці Швэцыя, дзе кантроль над сецівам не такі вялікі. У гэтых краінах спэцслужбы не чытаюць электроннай пошты сваіх грамадзян. Мы карыстаемся й традыцыйнай поштай, атрымоўваем пасылкі. Мы працуем як і іншыя СМІ, хаця гэта вельмі скаладана, бо мы атрымоўваем вялікую колькасьць інфармацыі. Мы зьбіраем велізарныя базы дадзеных, а потым ахоўваем іх ад атакаў хакераў, палітычнага й юрыдычнага перасьледу.
Апрача таго, Wikileaks апублікаваў новыя матэрыялы адносна вайны ў Афганістане. Паводле начальніка Аб’яднаных штабаў ЗША адмірала Майка Малэна, дзейнасьць Wikileaks павялічвае пагрозу для амэрыканскіх жаўнераў і салдат NATO.
М. Малэн: Гэты вельмі й вельмі небясьпечны прэцэдэнт. Я думаю, што стваральнікі Wikileaks не разумеюць, што ў сёньняшнім сьвеце нават самая малая інфармацыя, аб’яднаная зь іншымі, можа дапамагчы камусьці даведацца штосьці, чаго ён раней не падазраваў. Гэта вельмі небясьпечна, і я спадзяюся, што адказныя за ўцечку асобы адчуюць адказнасьць за пагрозу чалавечаму жыцьцю.
Wikileaks стаў вядомы пасьля таго, калі сьвет пабачылі сакрэтныя дакумэнты наконт вайны ў Афганістане. Гэта былі зьвесткі, пачынаючы ад коштаў на вайсковае абсталяваньне, завяршаючы кулісамі вайны ў Іраку й карупцыяй у Кэніі.
Паводле BBC, у дарадчую камісію Wikileaks уваходзяць расейскія эмігранты, тыбэцкія ўцекачы, рэпартэры, былы аналітык амэрыканскай разьведкі й крыптографы.
Дзьмітры Гурневіч